Гутарка за “круглым сталом”, у якой бяруць удзел прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч, грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
Міхась Скобла: “Спадарства, цэлы жнівень на Радыё Свабода прайшоў пад знакам Ларысы Геніюш. І вось што я заўважыў: наша грамадзтва больш цікавяць акалічнасьці яе біяграфіі – ГУЛАГ, непрыманьне ёю савецкага грамадзянства, адносіны з уладай. За ўсім гэтым стала не відаць Геніюш-паэткі. Як вы лічыце, ці не перашкаджае нам сапраўды гераічная біяграфія Геніюш у спасьціжэньні яе як паэткі?”
Язэп Янушкевіч: “Калі спасьцігаць чалавека як творцу, у дадзеным выпадку Ларысу Геніюш, яе трэба проста ведаць. Калі да стагодзьдзя такой выдатнай асобы выходзіць Збор твораў накладам 400 асобнікаў… Паверце, у Беларусі сотні тысячаў людзей, якія хацелі б пазнаёміцца з яе творчасьцю. Я хачу сказаць, што асэнсаваньне Ларысы Геніюш як паэткі – справа будучыні. Калі тэзісна сказаць пра творчасьць і асобу Ларысы Геніюш, то яна выжыла тады, калі шмат хто ня выжыў. Выжыла і напісала сваю праўду. А біяграфія творцы заўсёды прываблівае чытачоў. Ці гэта Ўладзімер Караткевіч, ці Джэк Лёндан, ці Юзаф Ігнат Крашэўскі. І таму няма нічога дзіўнага ў выпадку з Геніюш. Я як літаратуразнаўца ведаю па сабе, што, апроч спасьціжэньня творчасьці Дуніна-Марцінкевіча, мяне заўсёды цікавілава, дзе ён быў 600 дзён у час паўстаньня 1863 году? Ці дзе быў Францішак Багушэвіч 25 гадоў пасьля таго ж самага паўстаньня Кастуся Каліноўскага?”
Скобла: “Спадар Аляксей, вы шмат гадоў выкладаеце беларускую літаратуру ў Гарадзенскім дзяржаўным унівэрсытэце. У чым для вас значнасьць паэткі Ларысы Геніюш?”
Аляксей Пяткевіч: Значнасьць паэткі Ларысы Геніюш найперш у яе асаблівай нацыянальнай самаахвярнасьці, здольнасьці на вялікую самааддачу дзеля Беларусі. Гэтае пачуцьцё, ці, дакладней сказаць, пазыцыя, і нарадзіла яе як паэтку. Яна ўмела гаварыць паэтычнай мовай пра набалелае, пра тое, што чалавеку асабліва дорага. Геніюш як вялікая паэтка слугавала перш за ўсё Беларусі. У гэтым яе значнасьць, у ідэі яе творчасьці, якая, па сутнасьці, была ідэяй яе жыцьця. Ну, і натуральна, у яе беларускасьці арганічнай, у яе таленавітасьці, у паўнацэнным, паўнакроўным паэтычным лірызьме”.
Янушкевіч: “Я прыгадваю, як яшчэ на пачатку 90-х гадоў упершыню выйшла “Споведзь”. Дык вось, у мяне тыя нумары “Маладосьці”, ашчадна пераплеценыя, пазычала некалькі людзей. І яны да мяне так і не вярнуліся”.
Скобла: “Спадарыня Валянціна, у дакумэнтальным фільме “Няскораная”, які нядаўна дэманстраваўся на тэлеканале “Белсат”, вы сказалі, што падчас адзінага выезду Геніюш за мяжу – у Польшчу ў 1967 годзе – яе там прымалі як сакратара Рады БНР. У чым гэта выяўлялася, і як увогуле ўспрымала Ларысу Геніюш беларуская эміграцыя?”
Валянціна Трыгубовіч: “У адной з эміграцыйных газэтаў у аглядзе жыцьця беларусаў Беласточчыны за ліпень-жнівень 1967 году згадваецца, што Беларускае грамадзка-культурнае таварыства зладзіла тры літаратурныя вечарыны. І першай названая вечарына ў гонар паэткі з БССР Ларысы Геніюш. Значыць, яе там публічна прымалі найперш як паэтку. І на далёкай эміграцыі яе таксама ўспрымалі і трактавалі як паэтку – цудоўную, выдатную, патрыятычную... З усімі іншымі эпітэтамі, але менавіта як паэтку. І калі адзначалася яе 60-годзьдзе, было некалькі публікацый у эмігранцкім друку. Напрыклад, Станіслаў Станкевіч пісаў: “Ларыса Геніюш зырка вырозьніваецца нязломным гартам духу і глыбінёй лірычнага таленту. Каштоўнасьць яе паэзіі перш-наперш у ейнай ідэйнай напоўненасьці,
Браты Бакуновічы, Аляксандар і Мітрафан, якія жылі ў Аўстраліі, сваіх дачок назвалі Ларысамі. І Ларыса Антонаўна называла іх “мае жывыя помнічкі”
Скобла: “Давайце прыгадаем нядаўнія падзеі. 27 ліпеня ваўкавыскія ўлады сарвалі памятную шыльду з дому Ларысы Геніюш, які перавезены ў Ваўкавыск са Жлобаўцаў. 4 жніўня тое самае зрабілі ўлады зэльвенскія, яны ж 7 жніўня зачынілі для ўдзельнікаў сьвяткаваньня мясцовы Дом культуры. У той жа час дзяржаўныя газэты “Зьвязда” і “Літаратура і мастацтва” надрукавалі станоўчыя матэрыялы пра Геніюш. Чаму такое неадназначнае стаўленьне?”
Янушкевіч: “Стаўленьне сапраўды неадназначнае. Думаецца, сёньняшняя ўлада жадае, каб яе паважнае стаўленьне да Ларысы Геніюш засталося ў афіцыйных артыкулах. Гэтыя артыкулы можна будзе прачытаць і праз дзесяць, і праз дваццаць гадоў. А калі ўлада забараняе нейкія імпрэзы, то тут дзенічае хіба закон самазахаваньня. І тут нельга прамаўчаць. Трэба сабраць і назваць для нашчадкаў прозьвішчы ўсіх тых, хто забараняў”.
Скобла: “Вы, Язэп, удзельнічалі ў талацэ ў Жлобаўцах. Талакоўцам дапамагаў старшыня мясцовага сельсавета. Вось, здавалася б, прыклад, для мясцовых уладаў…”
Янушкевіч: “Я разумею таго старшыню, бо добраўпарадкаваць зямлю, на якой жывеш, хіба грэх? А яшчэ мяне ў Жлобаўцах узрушылі адносіны тамтэйшых грамадзкіх сілаў да асобы Ларысы Геніюш. З Зэльвы, Ваўкавыску, Слоніма, Горадні прыехалі неабыякавыя людзі. Па аўтамабілях я зразумеў, што бальшыня зь іх – прыватнікі. І ў гэтым мне бачыцца падстава для аптымізму. Калі ў падтрымку нашай нацыянальнай культуры прыйдуць індывідуальныя прадпрымальнікі, то і дзяржаве ад гэтага будзе лягчэй, яна будзе ўлазіць у свае славутыя 3% адсоткі для культуры, і культура наша будзе разьвівацца. Хай сабе спачатку на рэгіянальным узроўні”.
Скобла: “Ад некаторых людзей мне даводзілася чуць, што спакойнаму сьвяткаваньню 100-годзьдзя Ларысы Геніюш супольна зь дзяржаўнымі ўстановамі “перашкодзіў” Уладзімер Някляеў, які прыяжджаў і ў Зэльву, і ў Ваўкавыск. Як на маё меркаваньне, ён не перашкодзіў, а дапамог. Бо двухтомнік Геніюш і альманах “Асоба і час” выйшлі ў сьвет дзякуючы ягонай падтрымцы. І тым ня менш, галасы скептыкаў прагучалі”.
Пяткевіч: “Яны прагучалі найперш таму, што Някляеў ужо праявіў сябе як палітык. Але для нас, для тых, хто ўдзельнічаў у гэтым сьвяце, ён заставаўся беларускім паэтам, а не палітыкам. Так што тут розныя пазыцыі ва ўспрыманьні Някляева. Што да памятных дошак, то, я хачу гэта падкрэсьліць, яны проста юрыдычна не былі падрыхтаваныя для замацаваньня на сьценах. Тут не хапіла юрыдычнай прадуманасьці гэтай акцыі”.
Скобла: “Днямі я меў тэлефонную размову з Зэльвенскім райаддзелам міліцыі, і міліцыянт па прозьвішчы Антановіч, які займаўся гэтай справай, паведаміў, што ў дзеяньнях тых людзей, якія ўсталёўвалі дошку на хату Геніюш, правапарушэньня няма”.
Пяткевіч: “Але ж дошка тая павінна была прайсьці працэдуру зацьвярджэньня ў Гарадзенскім аблвыканкаме, у адпаведнай мэмарыяльнай камісіі”.
Трыгубовіч: “Гэта ўсё непасьлядоўнасьць уладаў: там забараняюць, там дазваляюць. Усё залежыць ад таго, ці хто з начальнікаў бярэ на сябе адказнасьць, ці не бярэ. І з дошкамі тое самае. Ніякіх дадатковых юрыдычных працэдураў для гэтых дошка ня трэба было”.
У Зэльве дошка была ўсталяваная таксама на прыватным доме, а для гэтага ніякіх дазволаў улады не патрабуецца
Скобла: “Але я хачу вярнуцца да свайго першага пытаньня. Аляксей Пяткевіч сказаў, што магчыма, Някляеў-палітык перашкодзіў сьвяткаваньню. Я памятаю, пяць гадоў таму не праводзілася ніякай палітычнай кампаніі, мы хацелі ў Зэльве прэзэнтаваць кнігу Ларысы Геніюш “Каб вы ведалі”, і нас таксама тады забаранялі, не пусьцілі ў памяшканьне. І прэзэнтацыя адбывалася пад дажджом каля помніка. Дык выходзіць, не Някляеў тут перашкода”.
Пяткевіч: “Безумоўна. Гэта проста неразумная пазыцыя зэльвенскіх уладаў. Я ведаю пазыцыю Гарадзенскага аблвыканкаму, аддзелу ідэалёгіі, які на гэтую справу глядзеў нармальнымі вачыма. А тут раптам не пусьцілі ў гарадзкі Дом культуры... Гэта проста пэўная страхоўка з боку мясцовых уладаў, якія не хацелі ўзяць на сябе адказнасьць, і толькі”.
Скобла: “Яшчэ адна важная тэма – Геніюш і царква. Каля зэльвенскай царквы ўсталяваны помнік паэтцы, у самім храме – мэмарыяльная дошка. А сёлета зэльвенскі сьвятар айцец Георгі Субаткоўскі адчыніў у царкве невялічкі музэйчык, дзе ёсьць прысьвечаная Геніюш экспазыцыя. Чаму праваслаўная царква, якая стараецца не канфліктаваць з уладай, у выпадку з Геніюш кідае ёй выклік?”
Трыгубовіч: “Я ня думаю, што царква кідае выклік уладзе, яна проста пільнуе свае інтарэсы. Як вы ведаеце, за савецкім часам царква
Сёньняшняя пазыцыя праваслаўнай царквы – падтрымліваць усіх тых, хто стаяў на абароне праваслаўя ў тыя цяжкія для царквы часы.
Скобла: “Я толькі ўдакладню, што гэтае Эвангельле сёньня заняло сваё заслужанае месца ў царкоўным музэйчыку”.
Трыгубовіч: “Ларыса Антонаўна апекавалася зэльвенскім сьвятаром айцом Васілём Чыкідам. Ён нават нейкі час жыў у яе хаце, і яна даглядала яго, калі ён быў хворы, зламаў нагу, бо матушкі ў той час не было ў Зэльве. І гэта ўсё бачылі навакольныя людзі. Гэта ўзмацняла іх сымпатыю, павагу і любоў да Ларысы Антонаўны, пра гэта таксама нельга забываць. Калі я была ў 1994 годзе ў ЗША, то неяк у размове з Зорай Кіпель мы закранулі тэму хрысьціянскай пакутніцы Ларысы Геніюш. І нават зьявілася невялікая публікацыя ў тамтэйшай газэце, што, можа быць, трэба нейкім чынам яе кананізаваць. Мы ня ведалі, як гэта павінна рабіцца ў царкве, але думка такая прагучала. Пасьля з гэтай публікацыяй я хадзіла да мітрапаліта Філярэта на аўдыенцыю, была вялікая размова па гэтым пытаньні. Я была на гэтай сустрэчы не адна, былі яшчэ гісторыкі. І з таго часу, я думаю, імя Ларысы Геніюш трапіла ў зону пільнай царкоўнай увагі.
Варта таксама нагадаць, што сёлета прашэньне да кіраўніцтва Беларусі аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш падпісаў мітрапаліт Філярэт
Скобла: “Тым ня менш, гэта вельмі паказальны факт. І яшчэ пра адзін паказальны факт хачу згадаць. Жыхары вуліцы Савецкай у Зэльве хочуць жыць на вуліцы імя Ларысы Геніюш. 173 чалавекі паставілі за гэта свае подпісы. Як вы лічыце, ці можа зьявіцца ў Зэльве вуліца Геніюш?”
Пяткевіч: “Я лічу, што гэтыя галасы за наданьне вуліцы імя Ларысы Геніюш абсалютна правамоцныя і даюць поўныя падставы для таго, каб вуліцу перайменаваць. Гэта проста недарэчнасьць, што такая вялікая постаць да гэтага часу не адзначаная вуліцай у Зэльве”.
Скобла: “Але ці рэальна гэта ў сёньняшніх умовах?”
Пяткевіч: “Думаю, што не. Пры такіх адносінах мясцовых уладаў, якія пастаянна асьцерагаюцца і баяцца чагосьці, гэта наўрад ці рэальна. І гэта пры тым, што царква сапраўды пасьлядоўна падтрымлівае Геніюш”.
Трыгубовіч: “Міхась, вы ў прадмове да двухтомніка Геніюш напісалі, што стаўленьне ўладаў да Ларысы Геніюш ёсьць лякмусавай паперкай дзеля вызначэньня сутнасьці ўлады. Як толькі мы ўбачым, што вуліцу ў Зэльве назвалі імем Ларысы Геніюш, мы зразумеем – улада ў нас беларуская”.
Янушкевіч: “А мне думаецца, што гэта можа адбыцца на бліжэйшым пасяджэньні Зэльвенскага райвыканкаму, на законнай падставе – па волі тых жыхароў, якія жывуць на вуліцы Савецкай. 173 подпісы для мястэчка Зэльва – гэта шмат. Паважаю за гэта зэльвенцаў і ганаруся імі”.