Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Зэльва хавала Ларысу Геніюш


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Жалобная працэсія на вуліцах Зэльвы. Здымак Зьдзіслава Сіцькі

Калі нейкую зьяву немагчыма растлумачыць, кажуць, што адбыўся цуд. 10 красавіка 1983 году, у дзень пахаваньня Ларысы Геніюш, ён адбыўся ў нясхільнай да цудаў Зэльве. Я апытаў дзясяткі відавочцаў, і ніхто мне ня змог уцямна растлумачыць, як тады, пры моцнай яшчэ савецкай уладзе, у савецкім запалоханым і дарэшты кантраляваным мястэчку на вуліцу Савецкую прыйшлі тысячы савецкіх людзей, каб правесьці ў апошні шлях несавецкую грамадзянку. Ніхто ж нікога з хаты ня гнаў, з працы арганізавана не адпускаў. Наадварот, бралі на ўлік тых, хто падпісваў па-беларуску вянкі, хто зьбіраўся прысутнічаць на адпяваньні ў царкве. І ўсё ж людзі прыйшлі. Як на маўклівую маніфэстацыю, перамогшы вонкавы і ўнутраны страх, усім сваім выглядам нібы пацьвярджаючы словы Ларысы Геніюш: “Мы вам ня племя слугаў, мы – народ!”

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Марыс Мэтэрлінк, які быў яшчэ і выдатным прыродазнаўцам, у сваёй кнізе “Разумныя кветкі” апісаў паводзіны расьлінаў у самых розных умовах існаваньня. Аказваецца, асобная кветка можа памыліцца, зацьвісьці не ў пару і загінуць, можа несвоечасова высеяць у зямлю насеньне, якое не дасьць працягу роду. Але ў цэлым кветкавы род ніколі не памыляецца, ён разумны і ведае, як дзейнічаць у надзвычайных сытуацыях.

Па дарозе на могілкі. Здымак Міколы Канаша

Магчыма, падобная сыстэма паводзінаў характэрная і для людзей. Асобна ўзяты жыхар Зэльвы мог не чытаць кніг Ларысы Геніюш і ня ведаць, з кім жыў побач на адной вуліцы. Але настаў момант ісьціны, і ён уліўся ў шматлюднае жалобнае шэсьце, якое ў той дзень і ў той час уяўляла зь сябе менавіта народнае рушаньне, над якім ня мела сілы ўсемагутная тады савецкая ўлада.

Дарэмна прадстаўнікі гэтай улады запалохвалі сьвятара зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы і настойвалі, каб не было адпяваньня. Айцец Васіль Чыкіда пры паўнюткай царкве адпяваў рабу Божую Ларысу чатыры гадзіны. А ў сваёй пропаведзі назваў Ларысу Геніюш чалавекам "з крыштальна чыстай душой, чые творы будуць жыць вечна".

Дарэмна афіцыйныя распарадчыкі пахаваньня, упаўнаважаныя той жа ўладай, падганялі пад царкву грузавік з апушчанымі бартамі. Труну ад храма да самых могілак людзі несьлі на плячах.

Дарэмна пісьменьнікаў з Горадні і Менску па чарзе выклікалі ў райвыканкам і папярэджвалі, каб "никаких речей" тыя не прамаўлялі. На могілках выступілі Адам Мальдзіс і Ўладзімер Арлоў, які прачытаў верш Сержука Сокалава-Воюша, напісаны на сьмерць паэткі.

Дарэмна ў Зэльву панаехала "службоўцаў у цывільным" з Ваўкавыску і Горадні, якія мусілі кантраляваць сытуацыю. Наўрад ці нехта зь іх здабыў чарговую зорку на пагоны за тое сапраўды народнае пахаваньне.

Чын пахаваньня зьдзяйсьняе айцец Васіль Чыкіда. Здымак Зьдзіслава Сіцькі

"Дома сьвечкі даўно пагашаны, / і магілкі пад сьнегам сьпяць. / Дык няўжо і мяне, няшчасную, / пад канвоем будуць хаваць?" – пыталася Ларыса Геніюш у адным з апошніх сваіх вершаў. Спасьцярога паэткі ня спраўдзілася. Хавалі яе пад аховай любові ў атмасфэры шчырага чалавечага смутку.

Калі я гляджу на здымкі з таго пахаваньня, мне міжволі хочацца параўнаць разьвітаньне з Ларысай Геніюш з праводзінамі ў апошні шлях Васіля Быкава. І 10 красавіка 1983 году ў Зэльве, і 25 чэрвеня 2003 году ў Менску, за труной ішоў Народ, дзеля якога гэтыя творцы жылі і пісалі.


Ларыса Геніюш. "Глянь – месяц спыніўся на сіняй мяжы…"
Глянь – месяц спыніўся на сіняй мяжэ,
прашчаецца доўга з зарой-зараніцай.
Паволі зацягваю пояс тужэй,
гарачай рукою бяру рукавіцы.
Сягоньня прыйдзецца спаткацца з пургой,
за вокнамі вецер, ну што ж, мы гатовы.
За вахтаю недзе чакае канвой,
такі, быццам тундра, дзікі і суровы.
Мяне не ацепліць ў смуту гэтых дзён
грашовае полымя ціхае сьвечкі.
Распальвае грудзі інакшы агонь
натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны!
Змагацца – дык шчыра, на поўны уздым.
Памерці – дык горда, за волю і славу.
Калі пакахаць, дык пачуцьцем такім,
каб шэрую землю расплавіць на лаву!
Ў палётах ня чуці граніцаў, ні пут,
натхнёнаю сілай парываў бурлівых
з халоднага неба прыклікаці цуд,
даць шчасьце далёкім пакінутым нівам.
Кахаць – гэта кінуць сябе на алтар,
то – выкаваць веліч ідэяў у чыны,
то – попел падзеяў разьіскрыць ў пажар,
каб немагчымае стала магчымым!
Кахаць – гэта гора мільёнаў адчуць,
самой не заплакаць ад полымя болю.
Кахаць – гэта мэты свае дасягнуць,
ў жыцьці маім знача: Айчыне даць волю!
Ля Горадні сівай ёсьць сонечны кут,
такі сабе жытні, шырокі, звычайны,
начамі пахучы, як бэзавы куст,
і сэрцу майму дарагі да адчаю.
Вясна там іначай на межах цьвіце,
там вецер у полі цясьней абнімае.
Учадзелі думы у гэтым куце
у траўневы вечар, і рады нямае.
Радзілася песьня з курганаў старых,
ўздымаліся крыльлі да ясных узьлётаў.
Там плакалі песьні ня раз да зары
над доляй народнай, цяжкой і гаротнай.
Там сонейка ў поўдзень і месяц ўначы,
і Нёмнавых хваляў чароўная сіла,
бабуся старэнькая, лён прадучы,
паэтку так моцна кахаць навучылі.
Ў пургу, ў непагоду, ў цяжар гэтых дзён,
калі у няволі мне душу калечаць,
распальвае грудзі вялікі агонь
натхнёнае ласкі – сьвяты і адвечны!
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG