Ліда перад Дажынкамі: “Хутка робяць -- хутка разваліцца”

Лідзкую каланчу рабочыя абяцаюць здаць да Дажынак

За некалькі тыдняў да правядзеньня ў Лідзе усебеларускіх Дажынак горад выглядае цалкам зруйнаваным. Многія жыхары хвалююцца: праца вядзецца аўральна, і гэта ўплывае на якасьць будаўніцтва.

Ужо на ўезьдзе ў Ліду з Горадні відаць дамы бяз стрэхаў, а на гарбатым мосьце звузілі дарогу, і машыны вымушаны прапускаць адна адну, каб яго пераехаць.

У цэнтры гораду таксама ўсё ў развалах, паўсюль аб’езды, раскапаны гарадзкі парк, побач з замкам кладуць дзёран, крыюць адну зь вежаў. Паўсюль пыл, натоўп людзей пешкі цягнецца да рынку.

Так выглядае зараз Лідзкі замак і яго навакольле

Падыходжу да будаўнікоў, што прыселі ў цяньку, вітаюся, пытаюся, ці цяжка ім працуецца каля замку.

Спадар: “Усё тут цяжка, працуем шмат…”

Карэспандэнт: “А па колькі гадзінаў працуеце?”

Спадар: “Па 10 гадзінаў”.

Карэспандэнт: “Выходныя маеце?”

Спадар: “От, хто як. Як працы няма ў выходны, то ідзеш сюды, каб нейкую капейчыну зарабіць. Тут пастаянна душаць работай”.

Другі спадар: “Бачыце. У нас нават бытоўкі няма, каб пераапрануцца, сядзім во на зямлі”.

Карэспандэнт: “А дзе абедаеце?”

Спадар: “Вось тут, на зямлі, пад дрэвам, абед бярэм з сабою”.

Карэспандэнт: “Ну, і колькі вы тут зарабляеце?”

Спадар: “Мільён пяцьсот тысяч маем”.

Закатка асфальту на прашпэкце Перамогі


Да нас падыходзіць прараб, і хлопцы хуценька бяруцца за рыдлёўкі. Ён кажа, што да Дажынак, можа, патрапяць зрабіць толькі зьнешняе аблічча замка, а работы там яшчэ на шмат часу. На замку, зь яго слоў, працуюць толькі лідчане, таму вельмі стараюцца, каб аднавіць прыгожа.

Спадар: “Вось бачыце, дзе больш пад сярэднявечча атрымліваецца, а дзе і “навадзел”. Вось дахоўку нам з Аўстрыі прывозяць. Вежу ўжо завяршаем абкладваць дахоўкай”.

Пакуль на вуліцы нічога ня робіцца

Сталыя спадарыні прыпыніліся адпачыць і глядзяць на працу будаўнікоў. Пытаюся ў іх, што яны думаюць пра гэты рамонт.

Першая спадарыня: “Ну, можа хоць абновяць Ліду, бо яна была ўжо такая занядбаная, што шкада гэтага ўсяго было, асабліва замка”.

Другая спадарыня абураецца непатрэбным будаўніцтвам лядовага палаца, а таксама добраўпарадкаваньнем возера і рэчкі.

Спадарыня: “Колькі ў нас старых людзей бяздомных, а колькі маладых, якія ня могуць зарабіць на кватэры. Вось чаму не зрабіць гэта для іх? А як начальства будзе справаздачу трымаць за гэтую будоўлю? У нас людзі кажуць, што многія чыноўнікі на гэтым нажывуцца”.

Каля лядовага палаца яшчэ шмат працы

Унутры - таксама

Два спадары таксама абмяркоўваюць рамонт. Адзін зь іх скардзіцца, што мясцовыя ўлады, каб скараціць выдаткі і час, не рамантуюць дамоў, як гэта было ў праекце.

Спадар: “Праектны інстытут зацьвердзіў, прараб сказаў, што ў каштарысе ёсьць тое, каб мяняць нам вокны, а выканкам узяў і адмяніў — у іх сьпешка. А да чаго прывядзе гэта сьпешка? Гарантую, якасьці ня дасьць, бо працы яшчэ процьма”.

Дадае другі спадар: “Хутка робяць -- хутка разваліцца…”.

Яшчэ адзін спадар разважліва пачынае тлумачыць, што рамонт гораду патрэбны ўжо даўно, але, на яго думку, сапраўдны гаспадар рабіў бы інакш.

Спадар: “Канешне, рамонт — нядрэнна, але ж каб яны зьвярнулі ўвагу на ўвесь горад, а так — паказуха. Сапраўдная такая, як была ў савецкім войску, паказуха. Калі начальнік прыяжджае, то есьці лепей давалі і жыльлё чысьцілі…”.