Пэдагог, грамадзкая актывістка, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы. Нарадзілася 31 ліпеня 1964 году на Лепельшчыне. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і асьпірантуру пры ім. З 1986 па 2003 год працавала у Акадэміі Навук у Інстытуце электронікі. У 2003 годзе перавялася ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я. Коласа, дзе працавала мэтадыстам, выкладчыкам фізыкі. З 1999 году – каардынатарка праграмы “Настаўнік. Школа. Грамадзтва”. Займаецца мэтадычнай і грамадзянскай адукацыяй настаўнікаў. Рэдактар сайту Nastaunik.info. Жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Найвялікшая каштоўнасьць. Іншыя каштоўнасьці: здароў’е, грошы, дэмакратыя… – гэта толькі складнікі свабоды.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Вонкавую – шмат што. Унутраную – толькі я сама.
Што для вас шчасьце?
Калі я пачынаю думаць: “пара мне пахудзець!” – гэта значыць, няма большай бяды
Чаго вы найбольш баіцеся?
Думаць пра тое, чаго баюся. Становіцца страшна жыць.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент зарабіць шмат грошай і быць мэцэнатам – я ведаю, якую ідэю я б падтрымала.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Моладзьдзю. Дзеці эпохі Адраджэньня – пакаленьне сёньняшніх 20-гадовых – нашмат лепшыя за нас: у іх былі іншыя стартавыя ўмовы, лепшая адукацыя, яны вырасьлі накормленымі, таму здольныя думаць пра большае, у іх менш савецкіх комплексаў. Спадзяюся, яны скажуць сваё слова ў нашай гісторыі. Яшчэ з сучасьнікаў вылучаю Пятра Садоўскага, Мікалая Запрудзкага, Валянціну Трыгубовіч, Лявона Баршчэўскага, Алу Орсу-Рамана, Валерыя Мазынскага. Мне пашчасьціла жыць у адзін час з гэтымі наймагутнейшымі асобамі – сапраўднымі Беларусамі. Захапляюся шматлікімі беларускімі настаўнікамі, якіх тут не пералічыць. Наогул, вакол мяне ходзіць процьма цікавых таленавітых людзей, дзеля якіх хочацца жыць і працаваць.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Рабіць тое, ува што веру. І яшчэ зьбіраць грыбы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Вывучыла б некалькі замежных моваў, скончыла музычную школу, сказала б бацькам, што я імі ганаруся, запісала б песьні, якія сьпявала бабуля.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Парад разумных было шмат. Каб я яшчэ да іх прыслухоўвалася!
Які ваш улюбёны дэвіз?
Рабі, што можаш, і будзь, як будзе….
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Адназначна, у дэмакратычнай.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Там, дзе нарадзілася і вырасла. Апошнім часам нават падарожнічаць не люблю.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Ад цяпер і далей.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Калі б абралі – прыйшлося б кіраваць. Найперш правяла б прыватызацыю (каб беларусы сталі багацейшымі і мелі што бараніць), увяла б самакіраваньне (каб людзі самі былі адказныя за сваё жыцьцё) і адразу б абвясьціла перавыбары. Не люблю хадзіць у грыбы разам з аховаю.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Увязацца.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Як і з астатнімі суседзямі.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я ня згодна зь некаторымі.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Ведаць бы! Адно мне здаецца, халявы ня будзе. Прыйдзецца пазмагацца.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Яны гаварылі і гавораць.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
У час інфармацыйнага грамадзтва цяжка зьнішчыць мову. Калі што – пахаваемся нейкі час у інтэрнэце, потым зноў дахаты.