Уладзімер Сіўчыкаў – пра факсымільныя выданьні

Уладзімер Сіўчыкаў

Факсымільныя, што значыць “дакладна ўзноўленыя” выданьні, -- навуковая і культуралягічная патрэба. А яшчэ – раскоша, якую можа дазволіць і дазваляе сабе нацыя. За апошняе трыццацігодзьдзе беларусы пабагацелі на тры дзясяткі найменьняў факсымільных выданьняў. Некаторыя з гэтых кніг рэпрэзентуе пісьменьнік Уладзімер Сіўчыкаў.

Іван Насовіч. Слоўнік беларускай мовы. Менск, “Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя”, 1983

Амаль 800-старонкавы фаліянт пабачыў сьвет 140 гадоў таму. Гэта плён шматгадовай працы выдатнага мовазнаўцы, фальклярыста і этнографа Івана Іванавіча Насовіча (1788-1877). Гэта і той шчасьлівы выпадак, калі зьдзейсьненае было належна ацэнена калегамі, адзначана прэміямі і ўзнагародамі Імпэратарскай акадэміі навук. Крыху бянтэжыць, што рукапіс называўся “Словарём белорусскаго наречия”, але такімі былі тагачасныя рэаліі дый лексыкаграфічных якасьцяў ад гэтага не паменела. Цалкам верагодна, што бяз гэтага слоўніка не было б “Вянка” Максіма Багдановіча: паэт актыўна карыстаўся ім, і ў немалой ступені мова Багдановіча – гэта мова слоўніка Насовіча. Варта зазначыць тут, што факсымільны “Вянок” выйшаў на два гады раней, да 90-годзьдзя паэта.


Dudka Biełaruskaja Macieja Buraczka. Менcк, “Мастацкая літаратура”, 1990


Зборнік, надрукаваны ў 1891 годзе ў Кракаве, патаемна прыносіў на нашы землі кніганоша… Язэп Пілсудскі, будучы начальнік Польскай Дзяржавы!
Для беларусаў гэтая кніжка – лёсавызначальная. Філёсафы і літаратуразнаўцы лічаць, што ў паэтычным зборніку Францішка Багушэвіча былі закладзеныя пастуляты нашага нацыянальнага Адраджэньня. Нават сама яго назва спарадзіла шмат насьледваньняў і перайманьняў – ад кніжкі “Скрыпка беларуская” Цёткі ажно да сэрыі футбольных аглядаў “Дудка афрыканская” Багдана Арлова.

А фрагмэнт з прадмовы да зборніка пазалетась быў абраны за тэкст агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую пісалі і замежныя амбасадары. Праўда, дзеля паліткарэктнасьці давялося апусьціць радкі: “…гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…”

Янка Купала. Спадчына. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1992


Бярэш у рукі томік, першапачаткова выдадзены ў 1922 годзе ў сталічным “Беларускім коопэрацыйна-выдавецкім таварыстве” і мімаволі гучаць увушшу геніяльныя купалаўскія радкі ў выкананьні “Песьняроў”:

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Сярод сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

………………………………..



Жыве з ім дум маіх сям’я
І сьніць з ім сны нязводныя…
Завецца-ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

Можа якомусь цнатліўцу азначэньне купалаўска-песьняроўскага твору як хіта або шлягера рэзане слых ці падасца кашчунным, але ў 80-х гадах мінулага стагодзьдзя публіка была ў захапленьні ад яго ня толькі на абшарах Эўразіі. Беларуская Старонка разгарнулася і за акіян.

Узвышша. Часопіс літаратуры, мастацтва і крытыкі. 1927. №1. Менск, “Радыёла-плюс”, 2007

Факсыміле прысьвечана 80-годзьдзю часопiса «Узвышша», самага адметнага лiтаратурна-мастацкага выданьня за ўсю гiсторыю новай беларускай лiтаратуры. Часопiс, у першым нумары якога зьмешчаны і праграмныя матэрыялы, праiснаваў нядоўга – як i аднайменнае лiтаб’яднаньне, што яго выдавала. Але за няпоўныя пяць гадоў свайго блiскучага жыцьця ён здолеў зьмясьцiць на сваiх старонках дзясяткi твораў, якiя ўвайшлі ў залаты фонд айчыннага прыгожага пiсьменства, сталі нацыянальнай клясыкай. Такой канцэнтрацыi мастацкiх канцэпцый, разнастайнасьцi фармальных, стылёвых пошукаў, неардынарнасьцi лiтаратуразнаўчых i крытычных артыкулаў ня ўдасца адшукаць на старонках пазьнейшых лiтаратурных выданьняў. Фэномэн «Узвышша» вiдавочны; ён яшчэ чакае свайго тлумачэньня i навуковага асэнсаваньня. Але ён нi ў якiм разе не выпадковы, узьнiкненьне i мастацкая практыка лiтаб’яднаньня i часопiса – ня вынiк шчасьлiвага зьбегу абставiнаў: пад дахам «Узвышша» найбольш таленавiтыя творцы генэрацыi 20-х гадоў, як i некаторыя з таленавiтых «нашанiўцаў», апынулiся ў вынiку натуральнага i заканамернага разьвiцьця падзей.

Як заўважыў у сваёй прадмове навуковы кансультант выданьня Павал Навуменка, лёсы ўсiх ўзвышэнцаў склаліся трагiчна. Тыя, хто не загiнуў у лягерах у трыццатыя цi не прасядзеў у iх амаль трыццаць гадоў, мусiлi стаць «вясельнымi генэраламi» беларускай лiтаратуры. А што можа быць пiсьменьнiку страшнейшым, як не напiсаць тое, што ён хацеў, цi ня так, як ён хацеў? Але i пакiнутага нам у спадчыну «Узвышшам» дастаткова, каб застацца ў лiтаратуры назаўсёды.

“Наша Ніва”. Выпуск 5. 1912—1915. Менск, “Тэхналёгія”, 2010.

“Нашаніўцы”, пляяда найвыбітнейшых дзеячаў Адраджэньня, разьвілі і распаўсюдзілі па ўсёй Беларусі ідэі Францішка Багушэвіча і ягоных аднадумцаў. Першая беларуская газэта з рысункамі выходзіла няпоўныя дзесяць гадоў, але адыграла неацэнную ролю ў нацыянальнай кансалідацыі, бо вакол яе гуртаваліся суполкі, выдавецтвы і нават партыі. Яна ў многім спрыяла фарміраваньню літаратурнай мовы і самога прыгожага пісьменства, выходзіла кірыліцай, а да 1912 года і лацінкаю.

У нечым сымбалічна і тое, што на факсымільнае ўзнаўленьне газэты спатрэбіліся намаганьні некалькіх выдавецтваў цягам амаль дзесяцігодзьдзя. Гэтае выданьне без перабольшаньня можна назваць Кнігаю кніг, адным з найбольшых нацыянальных здабыткаў апошняга дзесяцігодзьдзя.