Вызначаная дата фэсту "Аршанская бітва"

Сёлета штогадовы бардаўскі фэст адбудзецца не ў першыя выходныя, які бывала раней, а 11-га верасьня – каб дата імпрэзы была бліжэй да ўгодкаў бітвы пад Воршай, якая адбылася 8-га верасьня 1514 году.

Бардаўскі фэст мае адбыцца недалёка ад таго месца, дзе ў 1514 годзе войска Вялікага княства Літоўскага перамагло войска Маскоўскага княства – на беразе рэчкі Крапівенка каля вёскі Гацькаўшчына Аршанскага раёну.

У гэтых мясьцінах сьпевакі і слухачы зьбіраюцца з 1992-га году. Фэст праходзіць у фармаце народнага сьвята – дазволу на яго ў мясцовых уладаў ніхто прынцыпова ня просіць.

У апошнія гады мясцовыя міліцыянты спрабавалі сарваць ды забараніць імпрэзу: то ў рэчцы нібыта знаходзілі міну і забаранялі падыходзіць да берага, то затрымлівалі каардынатараў фэсту разам з гукаўзмацняльнай апаратурай і дровамі.