Актывістка моладзевага дэмакратычнага руху, намесьніца старшыні Маладога Фронту”. Нарадзілася 2 жніўня 1990 году ў Менску. Скончыла школу з эстэтычным ухілам. З 2008 студэнтка факультэта філязофіі й палітычных навук Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. За актыўны ўдзел у акцыях дэмакратычнай апазыцыі дзясяткі разоў затрымлівалася міліцыянтамі.
Што для вас свабода?
Божы дар. Магчымасьць быць сабой. І выбар на карысьць – быць лепшай. Быць больш актыўнай, больш працавітай, больш шчырай, больш духова дасканалай. Гэта мая свабода. Свабода выбару. Гэтаксама, як магчымасьць рабіць тое, што я хачу і лічу патрэбным, маючы адказнасьць за гэта і за тых, хто побач з мною. Магчымасьць рэалізацыі сябе і сваёй ідэі. Свабода для мяне, як сымбаль барацьбы за разьвіцьцё сябе ў целе і духу. Свабода для мяне, як асэнсаваньне дару, які нельга занядбаць, каб не перастаць адчуваць сябе годным чалавекам.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Свая чалавечая слабасьць.
Што для вас шчасьце?
Спакой і радасьць ў сэрцы, шчасьце – гэта дотыкі да нечага цудоўнага ў штодзённым жыцьці, шчасьлівыя вочы блізкага табе чалавека насупраць. Шчасьце – гэта калі тое, што ты робіш, адгукаецца для кагосьці, яшчэ і прыносіць плён. Шчасьце – гэта калі толькі ты неабходны таму, хто патрэбны табе. Шчасьце – калі ты прачынаесься раніцою з усьмешкаю і дзякуеш за гэта Богу. Бо галоўнае – гэта мір з Богам і здольнасьць любіць. Што тоесна.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Забыцца на тое, што такое шчасьце, ці страціць ягоны сэнс.
Які талент вы хацелі б мець?
Мудрасьці і цярпеньня, гэтаксама як адрозьніваць сваё жаданьне ад Божае Волі.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Захапляюся мужнымі і моцнымі людзьмі, таленавітымі і працавітымі. Тымі, каторыя жывуць ні дзеля сябе і ахвяруюць шмат чым асабістым дзеля нечага агульнага. Захапляюся моладзьдзю, што рызыкуе, выходзячы з падпольля ў апазыцыйны шлях. Захаплюся людзьмі больш сталага веку, што не здаюцца і не расчароўваюцца ў жыцьці, чые арыенціры збудаваныя на нацыянальнай ідэі і прагі да справядлівасьці. Я захапляюся ўсімі тымі людзьмі, каторыя прывядуць нашу краіну да Новай Эпохі. Я радуюся гэтым людзям навокал, але не ствараю сабе куміраў, бо людзі кволыя па сваёй сутнасьці, а расчароўвацца ў іх заўжды балюча.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Верыць у лепшае і займацца тым, што я лічу правільным. : )
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Калі гэты раз скончыцца – тады абавязкова падумаю. : ) А пакуль маю, што маю.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Найлепшую параду я лічу, што атрымала ад Паўла Севярынца. У свой час ён нагадаў мне, што варта дзякаваць Госпаду за ўсё добрае і кепскае, што адбываецца ў нашым жыцьці. Так і сталася. : )
Які ваш улюбёны дэвіз?
“Прарвёмся!” : )
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У парлямэнцкай рэспубліцы з сумленнымі кіраўнікамі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Ня толькі хачу, але і мушу прайсьці свой шлях тут, у Беларусі. Інакш нашто я тут? : )
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Тут і цяпер.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Вярнула б веру і ўпэўненасьць народу ва ўнікальнасьць сваёй нацыі ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны праз пакаяньне за мінуўшчыну. Вярнула б нацыянальную сымболіку, адрадзіла сапраўдны статус беларускай мовы, праз зьмены культурнага падмурку даказала б беларусам, што яны беларусы, прыбраўшы ўсе савецкія “асаблівасьці” роднага краю. Адмяніла б ганебныя вынікі сфальсыфікаваных рэфэрэндумаў, правяла б люстрацыю. Мякка, але па сумленьні… Працы будзе непачаты край.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Добрасуседзкія і раўнапраўныя, для гэтага дакладна спатрэбіцца мяжа.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Свая дыктатура толькі для дыктатара. А для чалавека “сваё” – гэта свабода, дадзеная кожнаму ад нараджэньня як бясцэнны дар.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Нечакана. Калі дасьць Бог і краіна будзе да гэтага гатова. Але адбудзецца гэта праз Плошчу. Праз жывых людзей, што адстаяць перамогу.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі прыйдзе беларуская ўлада.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Загавораць. Мае дзеці будуць хадзіць у беларускамоўны садок, пасьля ў беларускамоўную школу і вучыцца па-беларуску ва ўнівэрсытэце. І такіх будзе сотні. Усё будзе. : )