"Калі рабіць так, як трэба, дык нічога не заробіш”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 25 жніўня 2010 году
Як заўсёды перад прэзыдэнцкімі выбарамі, улада рыхтуе так званы "Усебеларускі народны сход", на якім будзе хваліцца сваімі дасягненьнямі перад адмыслова абранымі прадстаўнікамі. Пра вынікі 16-гадовага кіраваньня створанай Аляксандрам Лукашэнкам уладнай "вертыкалі" пішуць у сваіх лістах на Свабоду і многія слухачы.

Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашковічаў Маладэчанскага раёну адным з галоўных рашэньняў цяперашняй улады, якое фатальным чынам паўплывала на грамадзтва, лічыць увядзеньне жорсткай кантрактнай сыстэмы. Слухач піша:

"Гэта карэнным чынам зьмяніла наш народ — у горшы бок. У выніку людзі апанаваныя страхам з-за таго, што могуць страціць працу, а разам зь ёй сродкі для існаваньня. Параўноўваю, якімі былі людзі 15 год таму і якімі зрабіліся зараз — і бачу вялізную розьніцу.

Страх зьнішчае чалавека як асобу, робіць яго бязвольным і безыніцыятыўным. Апроч усяго іншага, страх — гэта стрэс, а ад стрэсу ўзьнікаюць хваробы.

Таму тую сыстэму ўзаемадачыненьняў працадаўцы і найманага работніка, якая створана сёньня ў Беларусі, я лічу злачынствам перад уласным народам.

... Яшчэ адна тэма, якая цікавіць сёньня многіх — абяцаная Лукашэнкам зарплата ў 500 даляраў. Думаю, улада лёгка можа абвясьціць, што гэта мэта ўжо дасягнутая. Хто і як можа даказаць, што гэта ня так? Што, у вас заробак толькі 100 даляраў? Дык у вашага суседа — 900. Вось сярэдні і складае 500.

Падвышаць трэба мінімальную зарплату, прытым — грунтоўна. Вось тады будзе бачна, як зьмяняецца жыцьцёвы ўзровень. Ведаю, што ў разьвітых краінах розьніца ў даходах паміж нізкааплатнымі і высокааплатнымі работнікамі складае 4-6 разоў. У нас жа нізкааплатныя атрымліваюць у 4-6 разоў менш за сярэднюю зарплату. Што ўжо параўноўваць самыя нізкія і самыя высокія заробкі..."
.

Маніпуляцыі зь лічбамі сярэдняй зарплаты ўсё ж даволі рызыкоўныя, спадар Васіль. У гэтыя перадверасьнёўскія дні ў нас на “Свабодзе” часта гучаць расповеды пра жыцьцё сёньняшніх настаўнікаў. Дык вось, на што можа разьлічваць малады пэдагог, учорашні выпускнік пэдунівэрсытэту? Без катэгорыі — а катэгорыя даецца толькі празь некалькі гадоў працы — маладыя адмыслоўцы атрымліваюць пад 300 тысяч рублёў. Заробак пэдагога з трыццацігадовым стажам і з катэгорыяй — каля пяцісот тысяч.

І гэта тыя людзі, якія найчасьцей трапляюць у рознага ўзроўню выбарчыя камісіі, чыімі рукамі, уласна, і робяцца так званыя "элегантныя перамогі". Ці можна пераканаць гэту вялікую сацыяльную групу, што сярэдні заробак у Беларусі ўжо сёньня складае 500 даляраў, у той час як ім плацяць ад ста да двухсот?

Наша слухачка Разалія Рубінчык зь Менску заклапочаная тым, як улады Беларусі ставяцца да памяці пра вайну, як рэагуюць на драматычныя падзеі ў суседзяў. У сваім лісьце на Свабоду яна піша:

"Нашы суседзі-расейцы 22 чэрвеня адзначаюць як Дзень памяці і жалобы. І гэта правільна: колькі ахвяраў забрала тая вайна, колькі гора прынесла. А ў нас дзяржаўны канал “АНТ” у гэты дзень паказваў "Песьню году Беларусі". Не разумею, як можна ў такі дзень сьпяваць "папсу" ды весяліцца. На маю думку, гэта недапушчальна і сьведчыць пра крайнюю ступень цынізму нашых чыноўнікаў, што кіруюць тэлебачаньнем.

Няўжо нельга было паказаць замест гэтага які-небудзь балет ці канцэрт сымфанічнай музыкі?

Акрамя таго, ведаю, што ў дні трагедый, якія нярэдка здараюцца ў сьвеце (а найперш у нашых суседзяў-расейцаў) у нас на дзяржаўным тэлебачаньні таксама часта сьпяваюць ды падбрыкваюць замест таго, каб спачуваць. Калі я званіла з гэтай нагоды ў розныя інстанцыі, дык мне адказвалі: "А ў нас жалобы няма, гэта ў Расеі яна абвешчана". Так было падчас трагедый на Дуброўцы, у Беслане, у Турцыі ды іншых).

Ня ведаю, як гэта растлумачыць. На маю думку, гэта — дзікунства"
.

Ваенную тэму афіцыйная прапаганда выкарыстоўвае ахвотна і часта — але галоўным чынам дзеля таго, каб выклікаць прыліў савецкага патрыятызму і згуртаваць электарат вакол улады. Таму столькі пампезнасьці, пыхі і хваласьпеваў непераможнай Чырвонай арміі і мудраму кіраўніцтву на чале са Сталіным. Пра нічым не апраўданыя мільённыя чалавечыя страты, пра бяздарнае кіраўніцтва крамлёўскіх стратэгаў, пра тое, што не лічыліся зь людзьмі дзеля дасягненьня сваіх мэтаў — пра гэта пачуеш рэдка.

А наконт спачуваньня чужому гору на дзяржаўным узроўні... Нагадаю, што Беларусь была адзінай зь дзяржаваў-суседак Польшчы, якая сёлета ў красавіку не абвясьціла жалобу па ахвярах авіякатастрофы пад Смаленскам, у выніку якой загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качыньскі. І гэта пры тым, што жалобу па ахвярах абвясьцілі Расея Літва, Украіна, Латвія — нават далёкая заакіянская Бразылія.

Пра тое, якія палітычныя зьмены павінны адбыцца ў Беларусі, каб узьнік рэальны падзел улады, і грамадзяне маглі свабодна выбіраць сваіх прадстаўнікоў, разважае ў лісьце на Свабоду Барыс Руцько зь Менску. Ён піша:

"Сёньня ўжо для ўсіх відавочна, што добраахвотна Лукашэнка ў адстаўку ніколі ня сыдзе. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык ён хоча заставацца на гэтай пасадзе пажыцьцёва. А іншыя пункты гледжаньня яго мала хвалююць. Менавіта з гэтай прычыны мае месца цяперашні ягоны канфлікт з Крамлём. Расея хоча, каб Лукашэнка сышоў, а ён у адказ: "Не, не і яшчэ раз не!".

Любая ўлада губіць чалавека. Згубіла яна і Аляксандра Рыгоравіча. Ён будзе абараняць яе нават са зброяй у руках, да апошняга ўздыху.

Дзеля таго, каб зьмяніць сьвядомасьць беларускага народу, трэба прыняць новую Канстытуцыю. Беларусь павінна стаць парлямэнцкай рэспублікай. Тады ў дзяржаве пачне дзейнічаць рэальная дэмакратыя, а за ўладу будуць змагацца палітычныя партыі"
.

Слушныя высновы, спадар Руцько, вось толькі хто прыме гэту новую Канстытуцыю, якая кардынальным чынам зьмяніла б грамадзка-палітычны лад у Беларусі? Ні прэзыдэнт, ні цалкам падкантрольны яму парлямэнт рабіць гэта, як вы разумееце, зусім не зьбіраюцца. Не дзеля таго ў '96-м годзе Аляксандар Лукашэнка кардынальна перапісваў Канстытуцыю, каб цяпер аддаваць каму-небудзь уладу. Прымусіць яго зрабіць гэта можа толькі само беларускае грамадзтва. Надакучыць большасьці людзей такі рэжым, пры якім зыход любых выбараў і рэфэрэндумаў загадзя прадвызначаны, захочуць яны пераменаў, наважацца дзеля гэтых пераменаў на грамадзянскія ўчынкі — тады і адбудуцца зрухі.

Аўтар наступнага ліста — Міхаіл Захарэвіч зь Менску — у мінулым — заўзяты прыхільнік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак шматгадовая бясплённая барацьба з чыноўніцкім апаратам, створаным прэзыдэнтам, пераканалі спадар Міхаіла ў памылковасьці ранейшых поглядаў. У сваім лісьце на Свабоду слухач піша:

"Падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў я забясьпечыў Лукашэнку 9 галасоў, падчас другіх — шэсьць. Трэці раз, у 2006-м — толькі адзін, і то з нацяжкай, авансам, але ўсё ж — яму. Тады я яшчэ знаходзіў апраўданьне ягоным базавым промахам, лічыў мудрым кіраўніком і арганізатарам. Дык чаму ж цяпер, калі дажыву, я ня толькі ня дам яму свой голас, але і забяру, верагодна, тыя шаснаццаць, што забясьпечыў раней?

Піярыцца па тэлебачаньні можна колькі заўгодна, але меркаваць трэба не па гэтым самалюбаваньні, а па рэальных справах. Лукашэнка гаворыць адно, а ягоныя чыноўнікі ўспрымаюць усё гэта па-свойму і робяць зусім іншае. Маё рашэньне высьпела не раптам. Я прыйшоў да цьвёрдага перакананьня: кіраўніка дзяржавы трэба ацэньваць па тым, што робяць прызначаныя ім чыноўнікі"
.

Што ж стала прычынай такога расчараваньня слухача? Змаганьне за тое, каб капітальны рамонт шматкватэрнага дома рабілі так, як належыць, а ня так, як хочацца нядбайным рамонтнікам. Яшчэ адна цытата зь ліста Спадара Міхаіла:

"Сваёй працай гэтыя гора-майстры зь "Мінскрамбуду" ўсю душу абгадзілі. На заўвагі рэагуюць так: "Усё, гэтаму скаржніку рабіць у апошнюю чаргу!". Наламаюць, плітку паб'юць, сям-там дзіркі абы як падмажуць, кінуць працу, не дарабіўшы. Маўляў, усё, астатняе — ня наша. У нас нормы на аднаўленьне.

Прывалачы б сюды дырэктара гэтага "Мінскрамбуду", каб сам выправіў ці дарабіў. Тады б ён, можа, зразумеў, што такое кадры, і як іх падбіраць. Каб не ператвараць адказную працу ў пасьмешышча і сорам.

Мне можна нагадзіць, я да гэтага за 40 гадоў прывык, ваюючы за якасьць. Неаднойчы чуў у адказ на свае заўвагі: "Калі рабіць так, як ты хочаш, дык нічога не заробіш". Але вось зноў слухаю прэзыдэнта, які кажа: "У нас трапяткое стаўленьне да патрэбаў людзей"... Навошта нам так шмат і так прыгожа. Дайце хаця б крыху ўвагі і адказнасьці, не даводзьце шматкроць да стрэсавага стану. І ў чыёй кампэтэнцыі нарэшце грымнуць кулаком па стале і сказаць "Да якога часу яшчэ цярпець?.." Незадаволенасьць урэшце прыводзіць да лягічнай высновы: калі кіруюць такія начальнікі, значыць, уладзе гэта патрэбна
".

У сваім лісьце Міхаіл Захарэвіч падрабязна апісвае, колькі разоў зьвяртаўся са скаргамі ў Менскі гарвыканкам, як там стваралі камісіі, далучалі да разбору розных чыноўнікаў, у тым ліку з раённай адміністрацыі — але ў рэшце рэшт эфэкт гэта мела адваротны: будаўнікі працавалі яшчэ горш і да скаржніка ставіліся як да заклятага ворага. Спадар Міхал спакваля траціў здароўе, час, сілы, а разам з усім гэтым і веру ў такую ўладу, якая дэкляруе клопат пра чалавека як сваю галоўную мэту.

Калі вы нанялі майстра каб паклеіць шпалеры, а той майстар працу не дарабіў, паклеіў крыва і пры гэтым яшчэ насьміхаецца з вас, то што вы ў такім разе робіце? Правільна, выганяеце такога псэўда-майстра з кватэры, не заплаціўшы. І наймаеце іншага. Папярэдне, дарэчы, не пашкодзіць пацікавіцца прафэсійнымі здольнасьцямі адмыслоўца, паглядзець на ранейшую працу ягоных рук. У гарадзкіх уладаў, адказных за капітальны рамонт жыльля, з рамонтнымі арганізацыямі павінны быць такія ж адносіны. Не спраўляюцца будаўнікі, выконваюць працу няякасна, адусюль чуваць скаргі людзей — значыць, з такой арганізацыяй скасоўваецца дамова, налічваюцца штрафныя санкцыі, шукаецца іншы падрадчык... Гэта, натуральна, пры той умове, што дачыненьні паміж чыноўнікам і кіраўніком будаўнічай арганізацыі празрыстыя, строга разьмежаваныя дамовай. А вось калі ад гэтага будаўніка чыноўнік папярэдне атрымаў 10 працэнтаў так званага "адкату" як падзяку за доступ да дзяржаўных грошай, то ён будзе цярпець любыя штукарствы нядбайнага падрадчыка і заплюшчваць вочы на любыя недаробкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by