Здабыча нафты павялічыцца за кошт Вэнэсуэлы

Ад 5 да 11 мільёнаў тон нафты штогод разьлічваюць сумесна здабываць беларускія і вэнэсуэльскія нафтавікі праз 10 гадоў. Пра гэта заяўлена ва ўрадавай праграме "Стратэгія разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі", паведамляе Інтэрфакс.

Плянуецца сумесная распрацоўваць блёк радовішчаў Хунін-1 у басэйне ракі Арынока. Паводле аптымістычнага сцэнару праз тры гады здабыча нафты на гэтых радовішчах дасягне 2 мільёнаў тон штогод, а да 2020 году перавысіць 11 мільёнаў тон, прычым такога аб'ёму нафты хопіць да 2027 году. Між тым існуе і пэсымістычны прагноз здабычы, папярэджваюць адмыслоўцы. Паводле яго найвялікшы аб'ём выкачанай з вэнэсуэльскіх нетраў нафты будзе 7 мільёнаў тон.

У сумесным прадпрыемстве, якое будзе здабываць і рэалізоўваць нафту на радовішчах Хунін-1, беларускаму боку належыць 40%. Сваю нафту у Беларусі здабываюць з 1960-х гадоў, прыкладна па 2 мільёны тон штогод. У апошнія гады здабыча зьнізілася да 1,7 мільёнаў тон. Беларусі для ўнутраных патрэбаў неабходна болей за 6 мільёнаў тон, якія ў асноўным закупаліся ў Расеі.

У траўні 2010 году ў Беларусь праз Адэскі порт паступіла першая партыя вэнэсуэльскай нафты аб'ёмам каля 80 тысяч тон, цяпер прапрацоўваюцца лягістычныя шляхі завозу ў Беларусь вэнэсуэльскай нафты праз парты Балтыкі. Між тым міжнародныя назіральнікі выказваюць сумнеў у прыбытковасьці транспарціроўкі нафты ў Беларусь з Вэнэсуэлы і кажуць найперш пра палітычны характар дамоваў Аляксандра Лукашэнкі з Ўга Чавэсам.

Паводле Стратэгіі, Беларусь таксама разьлічвае цягам 10 год здабыць 9 мільёнаў тон нафты ў Іране.