У ЗША пачнуцца выпрабаваньні вакцыны супраць ліхаманкі Эбола

У самым бліжэйшым часе на невялікай групе добраахвотнікаў будзе выпрабаваная новая вакцына “прайм-бустэр” для лячэньня ліхаманкі Эбола. Правядзеньне гэтага надзвычай важнага для вірусалёгіі клінічнага экспэрымэнту сярод людзей зрабілася магчымым пасьля таго, як навукоўцы з Дасьледчага цэнтру пры Нацыянальным інстытуце алергічных і інфэкцыйных захворваньняў ЗША (National Institute of Allergy and Infectious) і прыватнай кампаніі AVI BioPharma пацьвердзілі эфэктыўнасьць створанага імі новага прэпарату на прыматах. Распрацаваная вакцына зьнішчыла вірус у 60% заражаных макак-рэзусаў, а таксама была на 100% эфэктыўнай пры лячэньні яванскіх макак.
Дагэтуль лічылася, што заражэньне вірусам Эбола (сямейства Marburgviruses) не дае ніякіх шанцаў на выздараўленьне для ўсіх відаў прыматаў. У выпадку ж захворваньня ліхаманкай чалавекам верагоднасьць сьмяротнага сыходу дасягае 90%.

Гемарагічная (зьвязаная зь вялікай стратай крыві) ліхаманка Эбола (ГЛЭ) лічыцца даволі рэдкай, аднак адной з самых небясьпечных вірусных хвароб, вядомых чалавецтву. У ЗША і шэрагу іншых краін падставай для істотных інвэстыцыяў у дасьледаваньні ГЛЭ стаў тэракт 11 верасьня 2001 года. Тады ў навукоўцаў зьявілася заклапочанасьць, што гэты вірус можа быць выкарыстаны тэрарыстамі ў якасьці біялягічнай зброі.
Чакаецца, што вакцына “прайм-бустэр” зробіць сапраўдную рэвалюцыю ў барацьбе зь вірусам Эбола


Упершыню ж вірус ГЛЭ быў выяўлены ў 1976 годзе ў заходняй Экватарыяльнай правінцыі Судану і ў памежным зь ім раёне Заіру (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга). З таго часу ад хваробы памерлі каля 1200 чалавек. Галоўным чынам, гэта былі жыхары краін Цэнтральнай Афрыкі, дзе дагэтуль і лякалізуецца ачаг захворваньня.

Хвароба перадаецца празь непасрэдныя кантакты з крывёю ці тканінамі інфікаваных людзей і шэрагу жывёлаў. Трапляючы ў кроў, бялкі вірусу парушаюць яе згортваньне. У выніку пачынаецца моцнае ўнутранае кровазьліцьцё, кроў таксама цячэ праз поры скуры і вочы.

Мяркуецца, што распрацаваная амэрыканскімі вірусолягамі новая вакцына, якая ўзьдзейнічае на актывізацыю адказных за агульны імунітэт Т-клетак, зробіць сапраўдную рэвалюцыю ў барацьбе з ГЛЭ. Прэпарат складаецца з двух кампанэнтаў. Першы — гэта прайм, які зьмяшчае ў сабе невялікі ўчастак ДНК на паверхні абалонкі вірусу, а другі — бустэр або аслаблены холадам вірус.

Кіраўнік навуковай групы доктар Нэнсі Сэліван, сьцьвярджае, што дзякуючы ўвядзеньню вакцыны, у прыматаў разьвіўся імунітэт да ўзбуджальніка ГЛЭ. Да таго ж, прэпарат выявіўся эфэктыўным і пры тэрапіі хваробы. Нягледзячы на відавочны прагрэс, навукоўцы кажуць, што на канчатковае стварэньне вакцыны, якая б дзейнічала супраць усіх варыянтаў вірусу ГЛЭ, яшчэ патрабуецца час. Адным з цэнтральных пытаньняў вірусалёгіі застаецца наступнае: дзякуючы менавіта якім асаблівасьцям Т-клетак магчымы імунны адказ на Marburgviruses? Адкрыцьцё гэтай таямніцы і дапаможа стварыць адзіную вакцыну ад усіх варыянтаў узбуджальнікаў гэтай небясьпечнай хваробы, адзначаецца ў публікацыі часопісу “PLoS Pathogens”.

Эболе мільёны гадоў, а яе рэшткі ёсьць у ДНК чалавека
Аўтары іншага артыкулу, надрукаванага таксама ў “PLoS Pathogens”, амэрыканскія біёлягі з Прынстанскага дасьледчага цэнтру і Пэнсільванскага інстытуту дасьледаваньняў раку пры цэнтры Фокс-Чэйз, сьцьвярджаюць, што нягледзячы на параўнальна нядаўняе выяўленьне вірусу ГЛЭ, людзі і жывёлы сутыкаюцца з гэтым захворваньнем яшчэ з дагістарычных часоў. Пра гэта сьведчаць фрагмэнты вірусу ліхаманкі, знойдзеныя як у чалавечай ДНК, так і ў генэтычным матэрыяле розных сысуноў: апосумаў, пацукоў, кажаноў ды іншых. Навукоўцы мяркуюць, што чалавецтва ды іншыя хрыбетнікі перажылі некалькі буйных эпідэміяў гэтага захворваньня. Разам з папярэднікамі ўзбуджальніка ГЛЭ ў чалавечым ДНК і геноме жывёл знойдзеныя і рэшткі іншых вірусаў. Напрыклад, борнавірус, які наносіць шкоду нэрвовай сыстэме жывёл і зьвязаны з разьвіцьцём псыхіятрычных захворваньняў у людзей. Як сьведчаць навукоўцы, свае сьляды ў ДНК пакідаюць, у прынцыпе, усе вірусныя эпідэмі, якімі перахварэла чалавецтва. Справа ў тым, што вірусы належаць да так званых “паўжывых” аб'ектаў — у іх ёсьць уласныя гены, абалонка са спэцыяльнымі бялкамі для пранікненьня ў клетку. Паколькі ніякіх актыўных працэсаў у саміх вірусах не працякае, рэшткі вірусных генаў зьяўляюцца звычайным бясьпечным сьмецьцем у арганізме. Прычым, як сьведчаць навукоўцы, да таго ж яшчэ і карысным: вірусныя абломкі ў ДНК ня ёсьць чымсьці выпадковымі, яны ўказваюць на наступствы эвалюцыйнага адбору.

Так у адным з такіх “абломкаў” амэрыканскія генэтыкі выявілі вірусны ген, які кадуе складаны бялок глікапратэін. Паводле навукоўцаў, клеткі, якія самі вырабляюць вірусныя глікапратэіны, могуць быць больш устойлівыя да заражэньня небясьпечнымі вірусамі.