Расьцяжка "Свабоду Аўтуховічу" на Плошчы Перамогі

У Менску, каля станцыі мэтро "Плошча Перамогі" сябры Моладзі БНФ вывесілі расьцяжку з тэкстам "Свабоду Аўтуховічу!"

"Мэта — нагадаць грамадзянам пра тое, што ў турмах застаюцца палітвязьні. Ніхто не застрахаваны ад таго, каб стаць наступным", — заявіў адзін удзельнікаў акцыі.

"Будзем працягваць акцыі такога кшталту ў Менску і рэгіёнах, каб прыцягнуць увагу да справы Аўтуховіча", — паведаміў хлопец.

Ваўкавыская справа


Ваўкавыская справа
Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня паводле артыкула 295 частка 3 — "Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". Дадаткова Аўтуховіча асудзілі яшчэ на 2 месяцы зьняволеньня, паколькі гэтае злачынства ён учыніў, не адбыўшы 2 месяцы з папярэдняга пакараньня. Такім чынам, Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасьці.

Уладзімер Асіпенка асуджаны за саўдзел у такім жа злачынстве — "Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". Уладзімеру Асіпенку прысудзілі да 3 гадоў зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму, без канфіскацыі маёмасьці.

Міхаіл Казлоў асуджаны на 2 гады зьняволеньня ва ўмовах агульнага рэжыму паводле 425 артыкула Крымінальнага кодэксу — бязьдзеяньне службовай асобы, без канфіскацыі маёмасьці.

Аляксандар Ларын асуджаны на 3 гады зьняволеньня ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле 295-га, частка 3, артыкула Крымінальнага кодэксу — "Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў", таксама без канфіскацыі маёмасьці. Суд абавязаў Аляксандра Ларына сплаціць больш як 1,5 мільёна рублёў за паслугі адваката.