Дакладчык па Беларусі ў ПАРЭ Сініка Хурскайнэн у Менску

Сініка Хурскайнэн

Дакладчык па Беларусі камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) па палітычных пытаньнях Сініка Хурскайнэн прыехала ў Менск, каб "сабраць інфармацыю, сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць тое, што адбываецца ў краіне".





Хурскайнэн цікавіць сытуацыя ў Беларусі па трох пытаньнях:

  • правы чалавека
  • дэмакратыя
  • вяршэнства закона.

"Я хацела б даведацца, што зроблена ў Беларусі пасьля нашага апошняга візыту. Я ведаю, што ёсьць і дрэнныя навіны, датычныя вынясеньня новых сьмяротных прысудаў", - заўважыла Хурскайнэн.

Візыт дакладчыка ПАРЭ па Беларусі працягнецца тры дні, паведамляе БелаПАН.

Сініка Хурскайнэн правядзе шэраг афіцыйных сустрэчаў:

  • з кіраўніцтвам абедзьвюх палата Нацыянальнага сходу
  • міністрам юстыцыі Віктарам Галаванавым
  • генпракурорам Рыгорам Васілевічам
  • намесьнік міністра замежных спраў Валерыем Варанецкім
  • міністрам інфармацыі Алегам Праляскоўскім
  • кіраўніком рабочай групы парлямэнта па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Мікалаем Самасейкам.

Заплянаваны таксама сустрэчы з прадстаўнікамі апазыцыі і НДА.

Пры канцы красавіка Сініка Хурскайнэн прадставіла праект рэзалюцыі па Беларусі, дзе заклікала Раду Эўропы прыпыніць кантакты на высокім узроўні, але працягнуць дыялёг з уладамі і грамадзянскай супольнасьцю.

Падчас дэбатаў у ПАРЭ яна адзначыла, што працэс збліжэньня паміж Беларусьсю і Радай Эўропы, які пачаўся некалькі гадоў таму, "зноў спыніўся па многіх прычынах".

У ліку такіх прычын Хурскайнэн назвала:

  • новыя выпадкі прымяненьня сьмяротнага пакараньня
  • ціск на незалежныя СМІ, грамадзянскую супольнасьць, апазыцыйныя структуры і польскую меншасьць.

Пры гэтым фінская дэпутат выказалася за працяг дыялёгу зь афіцыйным Менскам. Яна падкрэсьліла, што нельга вяртацца да палітыкі ізаляцыі.

"Мы чакаем ад Беларусі выразны палітычны сігнал з самага высокага узроўню, што краіна гатовая супрацоўнічаць з намі і дасягаць адчувальных вынікаў", - заявіла Хурскайнэн.