У Беларусі будзе адкрыты філіял Ерэванскага завода па вытворчасьці каньячнай прадукцыі. Дамоўленасьць аб гэтым дасягнута падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком канцэрна "Мульты Груп" Гагікам Царукянам падчас наведваньня 21 жніўня каньячнага завода ў Ерэване, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
"Нам важна, каб у Беларусі рабіўся добры каньяк", - сказаў беларускі кіраўнік.
Лукашэнка таксама наведаў шэраг іншых прадпрыемстваў прамысловасьці і гандлю ў Ерэване. Ён, у прыватнасьці, пабываў у Беларуска-армянскай гандлёвым доме, адкрыцьцё якога павінна адбыцца бліжэйшым часам. На першапачатковым этапе тут будзе прадавацца больш за 1600 найменьняў розных тавараў беларускай вытворчасьці. У пэрспэктыве ў гандлёвым доме будуць прадстаўлены і буйныя прамысловыя тавары, такія як мэбля і тэхніка беларускай вытворчасьці.
Даручэньне аб стварэньні гандлёвага дома кіраўнік беларускай дзяржавы даў падчас папярэдняга візыту ў Армэнію ў сакавіку 2009 году. "Трэба было даўно насыціць яго таварамі, каб чэргі стаялі. Беларускі тавар пойдзе ў Армэніі, ён недарагі і якасны", - сказаў прэзыдэнт Беларусі.
21 жніўня прэзыдэнт наведаў таксама вытворчасьць дыямэнтаў і ювэлірных вырабаў, дзе азнаёміўся з працэсам сартыроўкі, агранкі і падрыхтоўкі каштоўных камянёў. Была дасягнута дамоўленасьць аб шчыльным супрацоўніцтве гэтага прадпрыемства з гомельскім ВА "Крышталь", абмене вопытам і тэхналёгіямі.