Саўдзельнік Аўтуховіча Міхаіл Казлоў выйшаў на волю

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Міхаіл Казлоў (справа)

Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў датэрмінова выйшаў на волю, скарыстаўшы амністыю. Зьвесткі "Свабодзе" пацьвердзіў адвакат Казлова Барыс Ляскоўскі.

"Так, ён выйшаў з калёніі. Гэта было яшчэ 8-га жніўня, на наступны дзень ён мне адзваніўся. Яму па амністыі скарацілі тэрмін на год, і дакладна як споўніўся год ягонага знаходжаньня пад вартай, яго выпусьцілі. Быў задаволены, а пра далейшыя пляны нічога не сказаў", — паведаміў адвакат.

Нагадаю, былога супрацоўніка гарадзенскай міліцыі Міхаіла Казлова судзілі разам зь Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам, якія нібыта рыхтавалі замах на экс-"губэрнатара" Гарадзенскай вобласьці Уладзімера Саўчанку ды іншых чыноўнікаў. Паводле сьледзтва, Казлоў нібыта даведаўся пра злачынныя дзеяньні сваіх знаёмых, але не паведаміў "куды трэба". Міхаіл Казлоў сваёй віны не прызнаў, але ў выніку суд палічыў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў і асудзіў на 2 гады зьняволеньня. Адбываў пакараньне Міхаіл Казлоў у віцебскай калёніі.