"Клайпедас нафта" рыхтуецца адгрузіць вэнэсуэльскую нафту

Кампанія "Клайпедас нафта" рыхтуецца ў канцы жніўня адгрузіць пробную партыю вэнэсуэльскай нафты для Беларусі.

Пра гэта паведаміў БелТА гендырэктар "Клайпедос нафта" Рокас Масюліс.

Ён адзначыў, што прадпрыемства падпісала дамову аб пастаўках пробнай партыі вэнэсуэльскай нафты з кампаніяй "Трансхема", якая ў Літве займаецца прасоўваньнем прадукцыі прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна "Белнафтахім", на рынкі Літвы і іншых эўрапейскіх дзяржаў.

"Гэта першы танкер, пробная партыя - 80 тысяч тон нафты, - сказаў Рокас Масюліс. - Мы хочам паглядзець маршрут, як будзе працаваць наша абсталяваньне, які для гэтага спатрэбіцца час, вызначыць, якія будуць патрэбныя інвэстыцыі для прыняцьця вялікіх партый вэнэсуэльскай нафты, а таксама, і гэта самае галоўнае, хочам адсачыць ўплыў такіх перавалак на навакольнае асяродзьдзе - галоўны для нас фактар."

"Клайпедас нафта" мае намер працягнуць перамовы аб далейшых пастаўках больш буйных партый вэнэсуэльскай нафты - размова ідзе пра перавалку праз Клайпеду каля 2 мільёнаў тон нафты ў год.

"Эканамічна мы вельмі зацікаўленыя ў перавалцы вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь, - кажа Рокас Масюліс, - але падпісаньне гадавога кантракту аб перавалцы 2 мільёнаў тон стане магчымым пасьля таго, як мы пераканаемся ў яе бясьпецы для навакольнага асяродзьдзя, а таксама зразумеем, колькі спатрэбіцца інвэставаць сродкаў у тэхнічнае абсталяваньне для перавалкі такіх буйных партый - прыкладна 160 тысяч тон у месяц. І самае важнае - нам патрэбныя гарантыі беларускага боку, што гэтыя пастаўкі будуць доўгатэрміновымі - на 5-10 гадоў. Пры наяўнасці такіх гарантый мы гатовыя на дадатковыя інвэстыцыі ў пашырэньне тэрміналу ", - заявіў кіраўнік" Клайпедас нафта ".