Актывіст ТБМ прапанаваў дапамогу кіраўніку вобласьці

Міхась Булавацкі

Настаўнік вышэйшай катэгорыі, былы выкладчык унівэрсытэту імя Куляшова Міхась Булавацкі зьвярнуўся да старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка зь лістом, у якім заклікае яго не спыняць высілкаў па адраджэньні беларускай мовы ў рэгіёне.

Сябра Таварыства беларускай мовы засяроджвае ўвагу кіраўніка вобласьці на тым, што зь яго ініцыятывы 2010 год на Магілёўшчыне абвешчаны годам роднай мовы й варта не абмяжоўвацца толькі гэтым годам.

Гэтым лістом мне захацелася падтрымаць гэтага чалавека ...
“Гэтым лістом мне захацелася падтрымаць гэтага чалавека, бо такія ініцыятывы ў нас пакуль ня надта вітаюцца. Нашы людзі пакуль не прызвычаіліся ўспрымаць словы “нацыянальны” лагодна. Яно мае пакуль савецкую нэгатыўную афарбоўку. Руднік жа прыняў рашэньне ў нацыянальным кірунку. Я думаю, што за гэта ён атрымаў ладную порцыю крытыкі. Па-другое, год роднай мовы абвешчаны, а што рабіць чыноўнікам у гэтым кірунку? Я ня ўпэўнены, што яны дакладна ведаюць гэта. Грамадзтва магло б ім дапамагчы”, — тлумачыць падставы звароту Міхась Булавацкі.

Актывіст заклікае Пятра Рудніка пасадзейнічаць у адкрыцьці ў Магілёве беларускамоўнай навучальнай установы.

“Адкрыцьця беларускамоўнай клясы дамагаецца група бацькоў. Ім неабходная дапамога й падтрымка. У 1994 годзе 6 працэнтаў магілёўскіх школьнікаў вучыліся па беларуску. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году й цягам наступных трох год гэтыя шэсьць працэнтаў зьніклі. Дзе ж роўнасьць моў, пра якую казалі напярэдадні рэфэрэндуму?” — пытаецца Міхась Булавацкі.

Актывіст заклікае Рудніка спрыяць вырашэньню пытаньня аб ўсталяваньні ў абласным цэнтры помнікаў вядомым дзеячам беларускай культуры.

“Акрамя таго, аблвыканкам мусіць адсочваць, як выконваецца праграма па папулярызацыі беларускай мовы. Нехта павінен за гэтым сачыць і адзначаць тых, хто сапраўды папулярызуе мову”, — кажа Рудніку Булавацкі.

Вядома, што Магілёўскі аблвыканкам зьвяртаўся да адміністрацыі прэзыдэнта, каб 2010 год у Беларусі зрабілі годам роднай мовы. Ініцыятыву магілёўскіх чыноўнікаў не падтрымалі, але дазволілі распрацаваць праграму па яе папулярызацыі ў рэгіёне.

Адмысловая камісія, створаная загадам Пятра Рудніка, распрацавала “Комплекс першачарговых мер аблвыканкаму па папулярызацыі беларускай мовы на 2010-12 гады”. 31 сьнежня 2009 году Руднік яе зацьвердзіў. Пра тое, як яна ажыцьцяўляецца, у афіцыйных крыніцах зьвестак вобмаль. Сам Руднік за час існаваньня праграмы публічна гаварыў па-беларуску толькі раз — на дзень Канстытуцыі, калі ўручаў пашпарты моладзі.