Актывіст моладзевага дэмакратычнага руху. Нарадзіўся ў Менску 10 красавіка 1986 году. У 2004 скончыў ліцэй пры Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце і паступіў на мэханікаматэматычны факультэт БДУ. Аднак за актыўны ўдзел у акцыях пратэсту быў адлічаны з чацьвёртага курсу. Жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Магчымасьць дзейнічаць і несьці самому й толькі самому поўную адказнасьць за ўсю сваю дзейнасьць і бязьдзейнасьць. Свабода – гэта стан душы.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Лянота.
Што для вас шчасьце?
Магчымасьць зьмяняць сусьвет (ці хаця б свой кут) да лепшага. Ці да таго, што суб'ектыўна падаецца лепшым.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Зрабіць нешта, за што было б сорамна. Ці наадварот – нешта не зрабіць, што зрабіць трэба.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент вывучаць замежныя мовы.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Думаю, што такіх людзей няма. На жаль, у кожным ёсьць непажаданыя кепскія хібы.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Пад гукі «мэтала» чытаць у адзіноце з экрану манітора нешта цікавае.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Больш вучыўся б. Менш баяўся б дзейнічаць. А таксама ніколі не даваў бы сябе абражаць.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Не лічыць сябе самым разумным. Але атрымліваў гэтаю параду разоў сто, пакуль не пачаў ёю кіравацца.
Які ваш улюбёны дэвіз?
«Хто церпіць зло, той сам злодзей» - гэта запавет з Авэсты.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Я хацеў бы жыць у прававой дзяржаве, якая забясьпечвала б свабоду камэрцыйнай дзейнасьці й кіравалася б нацыянальнымі каштоўнасьцямі. Усё астатняе мне падаецца малаістотным, хаця, мо я й памыляюся.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі, ВКЛ, Крыўі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
У будучыні. Напэўна, год праз сто – бо калі болей за сто год, дык, пэўна, ужо зусім нічога ня буду разумець.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Скасаваў бы ўсе тыя шматлікія ўказы, якія абмяжоўваюць бізнэс.
Спачатку хацеў сказаць, што скасаваў бы вынікі рэфэрэндуму 1996 году але, думаю, што кіраўнік дзяржавы ня мусіць мець права адзінаасобна вырашаць такія пытаньні.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Я ня ведаю, ці павінна Беларусь уступаць у Эўразьвяз – гэта мае й шмат плюсаў і шмат мінусаў. Але стасункі мусяць быць вельмі шчыльнымі й сяброўскімі. Таксама Беларусь мусіць уступіць у Шэнґенскую зону.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Таксама сяброўскімі, на колькі гэта магчыма. Усё ж у Расеі жыве вельмі шмат беларусаў – як выхадцаў з сучаснай тэрыторыі Беларусі, так і жыхароў этнічна беларускіх земляў, якія цяпер належаць Расеі. Гэтыя людзі мусяць мець абарону з боку нашай дзяржавы. Але Расея не павінна быць галоўным чыньнікам нашай зьнешняй палітыкі.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я згодны. Ды толькі ж дзе яна, «свая дыктатура»? Ці ж ёсьць зараз у сьвеце хоць адна нацыянальная дыктатура? І ці шмат у сьвеце дыктатур, пры якіх людзям добра жывецца?
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Я не аракул, дакладна не скажу. Але зараз, калі ад нашага кормчага адвярнулася нават Расея, мне падаецца вельмі верагодным зьмена ўлады ўжо цягам 1-1,5 года. Шляхам моцных народных выступаў пасьля гэтак званых «прэзыдэнцкіх выбараў», якія пасьля могуць перарасьці ў паступовае «расхістваньне» сытуацыі ў краіне, а ў пэрспэктыве – і да зьмены ўлады. Магчыма, гэта будзе нешта накшталт «палацавага перавароту», падмацаванага гэтымі выступамі. У любым выпадку, усё будзе залежаць ад нас і нашай працы.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
На жаль, можа стацца, што ўжо ніколі.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Магчымая страта мовы гэта, безумоўна, - траґедыя. Але ўсё ж варта памятаць, што нацыянальнае ня зводзіцца толькі да мовы. І ўвогуле, апошнія год сто ўвесь сьвет павольна, але мэтанакіравана пераходзіць да анґельскай мовы. Ня думаю, што гэта дужа добра. Але ж гэта так.