Беларускамоўных школ ужо менш за 20%

Сёлета ў Беларусі ўпершыню за апошнія гады колькасьць школ зь беларускай мовай навучаньня не перавысіць 20 працэнтаў. У рэгіёнах закрываюцца больш як 100 пачатковых, базавых і так званых малакамплектных школ. Яшчэ адна тэндэнцыя апошняга часу: у беларускамоўных школах улады ствараюць расейскамоўныя клясы.

Пра сытуацыю зь беларускамоўнай адукацыяй у розных рэгіёнах Беларусі даведваліся сёньня карэспандэнты "Свабоды"

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Ужо лягчэй адкрыць клясу з польскай мовай навучаньня, чым зь беларускай"

Пазыцыі беларускай мовы ў школах Гарадзеншчыны традыцыйна больш трывалыя, чым у іншых рэгіёнах. Тут яшчэ амаль чвэрць дзяцей навучаюцца на беларускай мове.

Супрацоўніца абласнога аддзела адукацыі Тамара Прадзед кажа: беларускамоўнае навучаньне скарачаецца ў вобласьці таму, што скарачаецца колькасьць дзетак у вясковых школах, у якіх выкладаньне ўсіх прадметаў вядзецца па-беларуску.

Я, у сваю чаргу, пытаюся — ці робяць нешта ўлады, каб папулярызаваць навучаньне на беларускай мове ня толькі ў вёсцы, а і ў горадзе? У адказ чую наступнае:

"Наша заканадаўства ніякіх прымусовых мераў не прадугледжвае. Заяву на навучаньне дзяцей на рускай ці беларускай мове падаюць бацькі. І тут націску з нашага боку быць ня можа".

Уладзімер Хільмановіч як бацька сёлета неаднойчы наведваў Гарадзенскі РАНА на прадмет адкрыцьця беларускамоўных клясаў. У адказ, зь яго слоў, ён заўсёды чуў падобныя аргумэнты.
Я ім кажу: вы абвясьціце набор беларускага кляса ў прыстойнай гімназіі, і да вас пацягнуцца з заявамі. А мне ў адказ — не, мы так ня можам ...

"Я ім кажу: вы абвясьціце набор беларускага кляса ў прыстойнай гімназіі, і да вас пацягнуцца з заявамі. А мне ў адказ — не, мы так ня можам".

Старшыня Гарадзенскай арганізацыі ТБМ Алесь Крой кажа, што сытуацыя зь беларускамоўным школьніцтвам на працягу апошніх 5—6 гадоў наагул застыла на адным месцы. Ён лічыць, што чыноўнікі наўмысна перашкаджаюць адкрываць беларускамоўныя школы ў гарадах, бо маюць адпаведны загад.

"Чыноўнікі валакітай, як звычайна, займаюцца. Прычым такой, што для адкрыцьця рускамоўных клясаў непатрэбна ніякіх заяў, а калі дзеці хочуць па-беларуску навучацца, то пачынаюцца нюансы. Даведзена да таго, што лягчэй адкрыць кляс з польскай мовай навучаньня, чым зь беларускай".

Я запытаўся ў настаўніцы беларускай мовы адной з гарадзенскіх школ — якія зьмены ў беларускамоўным навучаньні бачацца ёй?

Спадарыня кажа, што быццам нічога і не адбываецца, хіба што з гэтага году ўводзяцца невялікія зьмены ў правілы артаграфіі. А ў астатнім — ніякіх тэндэнцый.

Спадарыня: "От, стаўкі маем, а калі пашчасьціць, то нейкія факультатывы. А болей нічога не зьмяняецца. Навучаньне на беларускай мове не пашыраецца, але і не звужаецца ў нашай школе. Ніякіх тэндэнцый пакуль не відаць".


БЕРАСЦЕЙШЧЫНА


У рэгіёне яшчэ на 13 школ менш

На Берасьцейшчыне ў новым навучальным годзе стала менш на 13 школ. Статыстыка навучаньня на беларускай мове, такім чынам, пагаршаецца.

Паводле чыноўнікаў аддзелаў адукацыі, для стварэньня беларускамоўнага клясу дастаткова толькі заявы ад бацькоў. Ніякіх перашкодаў ня будзе стварацца і пажаданьне будзе выканана. Але такіх заяваў у апошнія гады практычна няма, адзначаюць у аддзелах адукацыі. Гэта сьцьверджаньне ў пэўнай меры аспрэчвае Алег Лабовіч зь Бярозы, які спрабаваў стварыць клясу зь беларускай мовай навучаньня. Некалькі гадоў таму ён дамогся стварэньня беларускамоўнай клясы, у якой навучаецца 18 дзяцей:

"Мне падаецца, што стварэньне такой клясы стала, хутчэй, выпадковасьцю. Бо калі пазьней я яшчэ раз накіраваў заяву на стварэньне клясу, то ўжо не атрымалася. Дый бацькі ставяцца з насьцярогай да беларускай мовы. Вышэйшая адукацыя вядзецца выключна па-расейску".

Выкладчык хіміі школы № 10 Берасьця Ўладзіслаў Лупакоў таксама выказаў сваё меркаваньне:
настаўнікі павінны размаўляць ня толькі на ўроку, але і ў штодзённым жыцьці на беларускай мове ...

"Я лічу, што праблему беларускай мовы можна не абмяркоўваць, пакуль настаўнікі не пакажуць іншым, што іхні прадмет мае каштоўнасьць. У школе спэцыялісты працуюць для таго, каб вучні засвоілі іх прадмет. Таму настаўнікі павінны размаўляць ня толькі на ўроку, але і ў штодзённым жыцьці на беларускай мове. Будзе абсалютна нармальна, калі, напрыклад, падчас сустрэчы з выпускнікамі настаўнік задасьць пытаньне: "Няўжо я вас не навучыў свайму прадмету? Няўжо мая справа была дарэмнай?"

Настаўнік адзначае, што ён прапаноўваў весьці навучаньне хіміі на беларускай мове. Праўда, чыноўнікі ад гэтага адмовіліся. Але сытуацыя можа хутка выправіцца, і то якраз намаганьнямі настаўнікаў беларускай мовы:

"Лічыцца, што для вырашэньня моўнай праблемы патрэбна дзесяць гадоў. Але мне падаецца, што будзе дастаткова адной чвэрці, каб запусьціць мэханізм. Каб дзеці ведалі — для атрыманьня добрай адзнакі важна ведаць прадмет, засвойваць яго. А калі будуць навыкі вуснага маўленьня, то яны самі знойдуць, дзе іх скарыстаць. Ня можа быць, каб інтэлектуальныя здабыткі былі незапатрабаванымі".

ВІЦЕБШЧЫНА


Вакантных месцаў для настаўнікаў 442, а прыслалі 557 выпускнікоў ВНУ

Зачыненая школа ў вёсцы Лучай
Да пачатку новага навучальнага году на Віцебшчыне зачынілі 10 школ — адну сярэднюю, чатыры базавыя, пяць пачатковых і Варапаеўскую дапаможную школу-інтэрнат. Большасьць скарочаных навучальных установаў былі беларускамоўнымі.

Базавая школа ў вёсцы Лучай, што на Пастаўшчыне, таксама была беларускамоўнай. Цяпер дзецям давядзецца дабірацца за дзесятак кілямэтраў да школы ў аграгарадку Дунілавічы, кажа маці вучня-другаклясьніка спадарыня Тэрэза:
бацькі дужа незадаволеныя, што школу нашу раз — і зачынілі ...

"Школьнікаў у нас было 15—16 чалавек. Гэта дужа многа. І сёлета ўсе ў Дунілавічы паедуць. У Дунілавічах аграгарадок, школа новая, вялікая. Але ж справа ў тым, што дзеці ў нас маленькія. А ў вёску ж яшчэ дзьве сям’і прыехалі, там двое дзяцей у школу павінны пайсьці. Таму бацькі дужа незадаволеныя, што школу нашу раз — і зачынілі".

Былы школьны будынак паабяцалі перадаць мясцоваму касьцёлу. Але яшчэ не перадалі — толькі абрэзалі электрычнасьць. Мясцовыя жыхары кажуць, што больш мэтазгодна было б зачыніць школу ў вёсцы Стары Двор — там і вучняў менш, і ўмовы для навучаньня горшыя.

Увогуле ж на Пастаўшчыне зачынілася ці не найбольш школ у параўнаньні зь іншымі раёнамі Віцебскай вобласьці. Летась спынілі сваё існаваньне беларускамоўныя школы ў вёсках Каралінова, Сяргеевічы, Полава, Схоліна, Харкі. Сёлета — школа ў Лучаі, а таксама Варапаеўская дапаможная школа-інтэрнат.

Настаўнікаў з гэтых школ разьмеркавалі па іншых дзіцячых установах. Сяму-таму прапанавалі працу ў дзіцячым садку, дзе заробкі яшчэ ніжэйшыя, як у школе. Агульным лікам у выніку скарачэньня школ на Віцебшчыне сталае месца працы страцілі 136 чалавек.

На думку звольненага летась былога настаўніка беларускай мовы Сяргея Салодкіна, які працаваў у школе ў вёсцы Копці Віцебскага раёну, скарачэньне школ начальства апраўдвае зьмяншэньнем колькасьці вучняў, але па-сапраўднаму цяперашнюю сытуацыю ў адукацыі ніхто не вывучаў і не пралічваў:

"Гэтыя працэсы трэба ўлічваць: наяўнасьць школ, наяўнасьць вучняў, наяўнасьць настаўнікаў. Гэтым павінен займацца асобны нейкі аналітычны цэнтар. Але ў нас такога няма. І настаўнік мусіць аддувацца за ўсіх: за ўсе дасьледчыя інстытуты і мэтадычныя цэнтры. Бо сыстэма адукацыі ў нас засталася на ўзроўні 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя! І ўсё ж нават тады было лепей: колькі паэтаў і пісьменьнікаў прыйшлі пасьля навучаньня ў тагачасных беларускіх школах!"


Алег Трусаў
Сытуацыю зь беларускамоўным навучаньнем камэнтуе старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Трусаў:

"Агульная карціна застаецца, як і раней — нічога добрага ня здарылася. Міністэрства адукацыі нічога ня робіць, каб ствараць беларускія школы і клясы. Таму я мяркую, што наўрад ці адбудзецца сёлета якое паляпшэньне. Каб хаця горш не было".