Прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі "застапарыла б стасункі" Беларусі з Захадам

Магчымае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі "застапарыла б стасункі" Менску з Брусэлем і Вашынгтонам.

Такое меркаваньне выказаў брусэльскаму аналітычнаму парталу EuObserver высокапастаўлены літоўскі дыплямат, які пажадаў застацца неназваным.

На яго думку, беларускае кіраўніцтва "выдатна ведае", што прызнаньне самаабвешчаных рэспублік магло таксама пацягнуць за сабой выхад Грузіі з палітыкі ЭЗ "Усходняе партнэрства", куды ўваходзіць Беларусь.

"Сярод іншых наступстваў — візавыя санкцыі і больш ніякіх грошай ад МВФ, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, ніякіх новых пагадненьняў з ЭС і пашырэньня доступу на рынкі краін ЭЗ".

Паводле слоў літоўскага дыплямата, абвастрэньне адносінаў паміж Масквой і Менскам сьведчыць, што "Расея расчараваная тым, што яе саюзьнікі па Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы і СНД не прызналі сьледам за ёй Абхазію і Паўднёвую Асэтыю".