Расея спыніла экспарт збожжа

У Расеі з 15 жніўня ўступіла ў сілу забарона на экспарт збожжа.

Паводле пастановы ўраду Расеі "Аб увядзеньні часовай забароны вывазу некаторых відаў сельскагаспадарчых тавараў з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі" ад 5 жніўня 2010 году забарона будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2010 году. Пад яе падпадаюць пшаніца і мэсьлін, ячмень, жыта, кукуруза, пшанічная або пшанічна-жытнёвая мука.

Неабходнасьць такога кроку прэм'ер Расеі Ўладзімер Пуцін патлумачыў тым, што "нам трэба не дапусьціць росту ўнутраных цэнаў у Расеі, захаваць пагалоўе жывёлы і сфармаваць рэзэрвы будучага году".

Забарона носіць часовы характар, сытуацыя пасьля сьнежня будзе залежаць ад вынікаў уборачнай кампаніі.

Першай рэакцыяй на гэтае рашэньне быў рэзкі ўзьлёт сусьветных цэнаў.

У цяжкім становішчы могуць апынуцца Армэнія, Азэрбайджан, Грузія, якія закуплялі расейскае збожжа.

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Міхаіл Русы ня бачыць ніякіх праблемаў для краіны ў зьвязку з прынятым у Расеі рашэньнем аб прыпыненьні экспарту збожжа.

"Тут няма ніякіх праблемаў. Гэта ўнутраная справа дзяржаў. Яны, відаць, палічылі, як рацыянальна выкарыстаць наяўныя рэсурсы, паглядзелі балянс", — сказаў 9 жніўня ў інтэрвію "Інтэрфаксу" М.Русы.

Паводле міністра, у зьвязку з рашэньнем расейскага боку "ў нас не ўзьнікае ніякіх праблемаў з Расеяй і ў Расеі — з намі. Ня будзе і ў нас ніякіх праблемаў на ўнутраным рынку", — адзначыў М.Русы.

Паводле Нацыянальнага статкамітэту, у 2009 годзе Беларусь імпартавала з Расеі 5,6 тысячы тон пшаніцы на 1,3 мільёна даляраў і 1,1 тысячы тон ячменю на 125 тысяч даляраў.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка схіляецца да таго, што расейскі ўрад прыме рашэньне аднавіць экспарт збожжа раней за плянаваны тэрмін.

"Я б не прыпыняў экспарт, я б патроху грузіў збожжа. Але абсалютна правільнае рашэньне прыняў расейскі ўрад, бо перш за ўсё трэба забясьпечыць унутраны рынак. Але гэты рэзкі рух прывёў да ваганьняў цэнаў на збожжа".