Граф прапануе кандыдацкую лятарэю

Аляксандар Прушынскі

Арыгінальны спосаб вызначыць адзінага кандыдата на маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары прапанаваў граф Аляксандар Прушынскі. Сам эпатажны дзеяч у 1994 годзе безвынікова спрабаваў зарэгістравацца ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі. Прычынай адмовы стала адсутнасьць у яго беларускага грамадзянства. Дарэчы, сёньня роўна два гады як Прушынскі стаў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

У распаўсюджанай заяве граф Прушынскі прапануе вызначыць працэдуру абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі шляхам... лёсаваньня з дапамогай лятарэі. І ўдакладняе: усім палітыкам, якія заявілі аб сваім жаданьні ўдзельнічаць у выбарах, прапануецца да 15 кастрычніка выпрацаваць прэзыдэнцкую праграму, а пасьля зь ліку прэтэндэнтаў вызначыць адзінага кандыдатаў лёсаваньнем. У якасьці «кампэнсацыі» адзіны кандыдат павінен прапанаваць іншым удзельнікам розыгрышу высокія пасады ва ўрадзе.

Аляксандар Прушынскі нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Рагозьніца Мастоўскага раёну Гарадзеншчыны, на тагачаснай польскай тэрыторыі. Тытул графа перайшоў у спадчыну ад бацькі, вядомага польскага дыплямата і пісьменьніка Ксаверыя Прушынскага (праўда, некаторыя аналітыкі ўсё ж ставяць ставяць пад сумнеў факт валоданьня Аляксандрам Прушынскім графскім тытулам). Грамадзянства Беларусі атрымаў 12 жніўня 2008 году.