Вэтэраны вайны ў Аўганістане зьвярнуліся да Лукашэнкі

Адзін з аўтараў ліста Ўладзімер Барадач.

Група вэтэранаў вайны ў Аўганістане накіравала ліст кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку, у якім просіць дапамагчы ў стварэньні арганізацыі "Баявое братэрства бязь межаў".
Яна павінна дапамагчы прэзыдэнту зьнішчыць карупцыю і назаўсёды скончыць з войнамі паміж сілавымі структурамі.

Тэкст ліста, распаўсюджаны ў шэрагу СМІ, цытуе расейская газэта "Коммерсант". У лісьце гаворыцца, што краіна "ператвараецца ў прыватную турму, у поле бітвы злачынных клянаў за свае інтарэсы, за блізкасьць да цела прэзыдэнта, што дае ім магчымасьць беспакарана раскрадаць матэрыяльныя каштоўнасьці і саджаць у турмы сваіх канкурэнтаў".

Асноўную праблему вэтэраны бачаць у карупцыі, якая ўдарыла па сілавых структурах:

"Вайна дзяржінстытутаў улады, тым больш цэнтральных ведамстваў, між сабой наносіць бясспрэчную шкоду краіне і не пакідае ім часу на раскрыцьцё цяжкіх злачынстваў супраць грамадзянаў. МУС выяўляе злачынныя элемэнты ў структурах КДБ, КДБ адказвае ім тым жа. Мытня ў стане вайны з пракуратурай". У выніку, паводле аўтараў ліста, супрацоўнікі гэтых ведамстваў трапляюць у турмы, паміраюць пры дзіўных абставінах, а некаторыя вымушаны хавацца за мяжой. У якасьці прыкладу прыведзеная Сьвятлана Байкова.
Афіцэры цьвердзяць, што фактычна краінай кіруе недатыкальная банда злачынцаў, і папярэджваюць А.Лукашэнку пра тое, што вакол яго "сьціскаецца кола сквапных прайдзісьветаў".

"Вы, зьяўляючыся непрымірымым барацьбітом з карупцыяй, знаходзіцеся ў вялікай небясьпецы, і гэта насьцярожвае. Не стане вас, усё гэта разваліцца!" — зьвяртаюцца аўтары да Аляксандра Лукашэнкі.— Мы, вэтэраны вайны, разумеем, што вы адны ўжо ня зможаце перамагчы гэту карупцыйную сыстэму, якая зьнічшае дзяржаўнасьць, і прапануем сваю дапамогу ў выяўленьні і пакараньні злачынных элемэнтаў, якія паралізавалі ўсю дзяржаўную сыстэму".

Для гэтага афіцэры прапануюць стварыць арганізацыю "Баявое братэрства бязь межаў", якая будзе складацца з вэтэранаў баявых дзеяньняў і дапаможа навесьці ў краіне парадак.

Ліст ад імя вэтэранаў падпісаў палкоўнік Уладзімер Барадач. Ён паведаміў, што свае подпісы паставілі 15 афіцэраў.