Беларуская літаратура багатая на сцэнічныя творы. Для тэатру пісалі Купала і Крапіва, Макаёнак і Дунін-Марцінкевіч, Караткевіч і Францішка Уршуля Радзівіл. Але ёсьць кнігі, хаця і ня складзеныя, як п’есы, але як наўмысна для тэатру прызначаныя. Гэта кнігі зь незвычайнымі драматургічнымі сюжэтамі і такімі ж героямі, якія граюць у драме жыцьця. Менавіта з такіх твораў і склаў свой прыватны рэйтынг культуроляг Андрэй Расінскі.
Беларускія летапісы і хронікі.
Менск, «Беларускі кнігазбор, 1997
Гісторыі зь гэтай кнігі пасьпяхова заяўлялі пра сябе на беларускай сцэне. І я не сумняваюся, што іх яшчэ будуць ставіць. У гэтых летапісах — «Паданьне пра полацкіх князёў», у тым ліку легенда пра Рагнеду. Дарэчы, гісторыя Рагнеды была пастаўленая на сцэне тэатру опэры і балету. Ёсьць тамака «Летапіс вялікіх князёў літоўскіх», «Хроніка Быхаўца», «Баркулабаўская хроніка», якіх хопіць ня толькі на аднаго «Вітаўта». (Гэта гістарычная п’еса Дударава, увасобленая на купалаўскай сцэне). Але найболей пашанцавала «Аповесьці пра Жыгімонта Аўгуста і Барбару Радзівіл». Па гэтай гісторыі пастаўленыя ўжо дзьве п’есы розных аўтараў.
Саламея Пільштынова-Русецкая. Авантуры майго жыцьця.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1993
Кніга Русецкай авантурамі перанасычаная. І гэта авантуры бурлівага 18 стагодзьдзя і ўсходняй экзотыкі. Мяркуйце самі.
Гераіня кнігі ў 14 гадоў разам з мужам-лекарам накіравалася ў Стамбул. Там яна навучылася лекарскаму майстэрству, вандравала з мужам, лячыла дзяцей Ейнымі пацыентамі былі высокія турэцкія саноўнікі, сёстры султана і ягоныя наложніцы. Потым Русецкая аўдавела, ізноў выйшла замуж, дапамагала вязьням, выкупала палонных жаўнераў. Няўрымсьлівая Саламея пасьпела трапіць і ў Пецярбург да імпэратрыцы Ганны Іаанаўны, і ў Нясьвіж — да Міхаіла Радзівіла Рыбанькі і ягонай жонкі Францішкі Уршулі Радзівіл.
І ў кнізе ўсе гэтыя прыгоды апісваюцца. І пераплятаюцца з дадатковымі сюжэтамі — пра Нэрона, пра перамогу апостала Пятра над Сыманам магам і шмат яшчэ пра што. Драматургу застаецца толькі з гэтай насычанай і стракатай кнігі прыгодаў скласьці адну (ці некалькі п’есаў).
Ларыса Геніюш. Споведзь.
Менск, «Мастацкая літаратура, 1993
Гэтая кніга не такая вясёлая, як авантуры Русецкай, бо лёс аўтаркі і галоўнай гераіні іншы. Гэтая кніга — пякучы чалавечы дакумэнт, і дакумэнт эпохі. Самая драматургічная ў ёй, на маю думку, сцэна з Цанавам, сталінскім міністрам дзяржбясьпекі на Беларусі, які асабіста дапытвае Ларысу Геніюш — і што паэтка яму гаворыць, і што ён крычыць у адказ.
«Споведзь» ня зладжаная, як п’еса і як завершаны раман. Але ёсьць лёс самой Геніюш, і ёсьць ейныя вершы, якія разам з кнігай-споведзьдю ствараюць драму жыцьця.
Францішак Аляхновіч. Круці не круці — трэба памярці.
У кнізе «Францішак Аляхновіч. Выбраныя творы». Менск, «Беларускі кнігазбор», 2005Чацьвёртая гераіня майго рэйтынгу — Сьмерць. Яна ключавая фігура трох беларускіх твораў зь блізкім сюжэтам, так што складана які-небудзь адзін зь іх выбраць. Ва ўсіх гэтых творах сьмерць падманваюць. Яе ўвязьніваюць у бочцы са сьпіртам, у сярэбранай табакерцы — альбо ўвогуле адмяняюць з дапамогай навукі. Але грамадзтва бязь Сьмерці шалее — і вызваляе яе. Пра гэта — сцэнічны гратэск Францішка Аляхновіча «Круці не круці — трэба памярці», казка Зьмітрака Бядулі «Сярэбраная табакерка» і фантастычная п’еса Кандрата Крапівы «Брама неўміручасьці». Наймацнейшая пазыцыя ў сцэнічнага гратэску Францішка Аляхновіча «Круці не круці — трэба памярці». (Чаго варты адзін толькі «таварыш Люцыпар» ды крыкі месьцічаў «За Сьмерць жыцьця не пашкадуем!»)
Але кароценькага гратэску замала. Ён мог бы набыць большую вагу, калі б зьявіліся іншыя сюжэтныя лініі і героі. Цікава зрабіць і сцэнічную пастаноўку на падставе твораў пра «ўвязьненую Сьмерць». А можна адштурхоўвацца і ад біяграфій. У Аляхновіча яна пакручастая. З Салаўкамі, кнігай «У кіпцюрах ГПУ» — і таямнічым забойствам. А можна даць і двайны партрэт Сьмерці і яе абсьмяяльнікаў — Аляхновіча й Бядулі.
Аляксандар Фядута. Лукашэнка. Палітычная біяграфія.
Масква, 2005
І, нарэшце, недаацэненая тэатральная кніга, спэктакль па якой мы назіраем штодзень. Але — герой адпаведны. Я разумею, што прысутнасьць гэтай кнігі ў сьпісе — ды з такім героем — выкліча пратэст. Але што я магу зрабіць: кніга сцэнічная.
Якія дыялёгі, якія сюжэтныя павароты! І Фядута выдатна піша, вельмі жыва, вельмі тэатральна.
Герой ягонай кнігі да нядаўняга часу быў сталым удзельнікам вулічных спэктакляў і пэрфомансаў. Вы ведаеце: прывозілі да прэзыдэнцыі вазок гною з партрэтам, пратыкалі віламі. Альбо па асфальце бегалі лыжнікі ў вусатых масках, іх лавілі дактары (а дактароў і «лыжніка» лавіла міліцыя). У мітынговым лялечным прадстаўленьні герою пазычалі шаты Ірада.
Але Фядута даказаў — гэта можа быць п’еса па правілах высокай драматургіі. Справа засталася за кропкай — і часам, які ўсё пераўтварае ў мінулае. І гэтая п’еса, нягледзячы на сёньняшнюю навязьлівую прысутнасьць галоўнага героя на беларускіх падмостках на працягу колькіх гадоў — абяцае быць цікавай, бо набліжаецца да разьвязкі.