Асаблівасьці сёлетняй выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі

Цяперашняя выбарчая кампанія дзейнага прэзыдэнта праходзіць у новых умовах. Як гэта адбіваецца на яе зьмесьце? Як уплывае на ход кампаніі беларуска-расейскі канфлікт? Ці шкодзяць іміджу Лукашэнкі эканамічныя праблемы?
Удзельнікі: палітоляг Уладзімер Падгол і палітык ды грамадзкі дзеяч Аляксандр Дабравольскі.

Уладзімер Падгол
Аляксандар Дабравольскі
Валер Карбалевіч

Асаблівасьці сёлетняй выбарчай кампаніі


Валер Карбалевіч: «Дзейны прэзыдэнт вядзе сваю перадвыбарчую кампанію ўжо колькі месяцаў. Гэтым разам яна мае шэраг асаблівасьцяў, зьвязаных як з геапалітычнымі, так і з унутранымі чыньнікамі. Якія гэта асаблівасьці?»

Уладзімер Падгол: «Па-першае, цяпер афіцыйная прапаганда нічога ня кажа пра палітычных апанэнтаў Лукашэнкі. У сьвядомасьці апалітычных выбаршчыкаў атрымоўваецца, што іх не існуе.

З афіцыйнай прапаганды вынікае, што Лукашэнка вядзе выбарчую кампанію ў барацьбе з расейскімі кіраўнікамі. 25 ліпеня ў нядзельнай перадачы ОНТ прагучала, што на „Эхо Москвы“ было праведзена апытаньне слухачоў, каго яны хацелі б бачыць прэзыдэнтам Расеі. І нібыта 80% адказалі, што на гэтай пасадзе яны хацелі б бачыць беларускага лідэра».

Аляксандр Дабравольскі: «Апошнія сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларускія грамадзяне ў якасьці галоўных праблемаў бачаць нізкія даходы і рост цэнаў. На пачатку сваёй прэзыдэнцкай дзейнасьці Лукашэнка падтрымліваўся як барацьбіт з карупцыяй і багатымі. Потым ён увайшоў у вобраз гаранта стабільнасьці, найперш эканамічнай. Цяпер у выніку эканамічных цяжкасьцяў ён гэты вобраз страчвае.

Калі раней перад выбарамі яго рэйтынг рос, то цяпер ён падае. Паводле апытаньня амэрыканскай сацыялягічнай службы Gallup, пры адкрытым пытаньні рэйтынг Лукашэнкі складае 33%, а пры закрытым — 44%. Гэта ня тыя 50%, якія былі ў 2005 годзе».

Падгол: «Народная воля» прыводзіць вынікі апытаньня дзяржаўнага інстытуту, паводле якіх рэйтынг Лукашэнкі — 56%. Беларускі прэзыдэнт пазыцыянуе сябе як абаронца народу ад хцівых расейскіх алігархаў. І калі яму не ўдаецца поўнасьцю абараніць краіну, то ён нібыта ня вінен«.

Ідэя стабільнасьці


Карбалевіч: «Ці мэтазгодна Лукашэнку будаваць кампанію на ідэі стабільнасьці? Ці вычарпала яна свой рэсурс? Якое месца ў кампаніі будзе займаць тэма пераменаў у краіне?»

Дабравольскі: «Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што больш як 50% насельніцтва хочуць пераменаў, 56% хочуць пераменаў у эканоміцы, хочуць лібэралізацыі. Але гэтую ідэю цяжка выкарыстаць Лукашэнку. Бо ў яго — вобраз гаранта стабільнасьці. Да таго ж перамены — гэта пагроза для ўлады Лукашэнкі».
Лукашэнка змагаецца за стабільнасьць з расейскім кіраўніцтвам.


Карбалевіч: «Але менавіта Лукашэнка абвясьціў курс на эканамічную лібэралізацыю».

Падгол: «Стабільнасьць ва ўяўленьні электарату Лукашэнкі — гэта сталы рост дабрабыту. І гэтым разам бюджэтнікі атрымаюць сярэдні заробак у 500 даляраў. Адначасова другая ягоная перадвыбарчая плятформа такая: Лукашэнка змагаецца за стабільнасьць з расейскім кіраўніцтвам».

Як уплывае на ход кампаніі беларуска-расейскі канфлікт?


Карбалевіч: «У кампаніі 2001 і 2006 гадоў ідэя інтэграцыі з Расеяй таксама не была галоўнай, яна праходзіла ў якасьці такога руціннага, дзяжурнага тэзісу. Але цяпер перадвыбарчая кампанія праходзіць ва ўмовах інфармацыйнай вайны, Расея падаецца як галоўны вораг. То бок памяняўся зьнешні вораг. Раней гэта быў Захад, цяпер — Расея. Як гэта ўплывае на вобраз, рэйтынг Лукашэнкі?»

Дабравольскі: «Традыцыйна добрыя адносіны з Расеяй, якая датавала Беларусь, успрымаюцца грамадзкай думкай як элемэнт той самай стабільнасьці. Таму барацьба з Расеяй пагражае вобразу Лукашэнкі як гаранта стабільнасьці. І Лукашэнка наўрад ці лёгка выйграе інфармацыйную вайну з Расеяй.

Асноўная частка электарату Лукашэнкі (гэта, паводле маіх падлікаў, каля 20% насельніцтва) мысьліць ірацыянальна. І будзе яго падтрымліваць, што б ён ні рабіў».

Карбалевіч: «Ці можа моцны лідэр — такі, як Лукашэнка — павярнуць грамадзкую думку ў які заўгодна бок? Або ёсьць межы, за якімі палітычны паварот ня будзе ўспрымацца насельніцтвам?»

Падгол: «Прапаганда Лукашэнкі ўжо шмат гадоў ваюе з Масквою. Галоўны яго тэзіс такі: мы заўсёды будзем сябраваць з расейскім народам, але ўлада ў Расеі належыць алігархам, Пуцін прадстаўляе іх інтарэсы».

Ці шкодзяць іміджу Лукашэнкі эканамічныя праблемы?


Карбалевіч: «Яшчэ адна асаблівасьць гэтай выбарчай кампаніі: краіна сядзіць на крэдытнай іголцы. Ужо ня можа існаваць без замежных пазыкаў. Ці можа гэтая тэма стаць важным чыньнікам выбарчай кампаніі? Чаму нават апазыцыя на гэтым не акцэнтуе ўвагу?»

Дабравольскі: «Раманчук на гэта ўвесь час зьвяртае ўвагу. Калі паглядзець на сытуацыю больш глыбока, то дасюль Лукашэнка рэалізоўваў праект захаваньня ранейшага ладу жыцьця. Але гэты праект вельмі затратны, ён патрабуе з кожным годам усё больш рэсурсаў. І цяпер няма рэсурсаў на працяг яго».

Карбалевіч: «У любой краіне палітык ці палітычная сіла падчас выбараў спаборнічаюць за тое, хто прапануе лепшы праект будучыні. Аляксандар Лукашэнка ўвесь час прапануе захаваньне статус-кво. Але гэта працуе».

Падгол: «Па вялікім рахунку, насельніцтву ўсё роўна, дзе Лукашэнка знаходзіць грошы. Тэзіс пра крэдытную іголку разьбіваецца тым, што нашы суседзі маюць значна больш крэдытаў — і гэта мала каго хвалюе. Бо шмат пазыкаў сьпісваецца.

Падчас выбараў супраць Лукашэнкі могуць спрацаваць іншыя рэчы. Напрыклад, сын Коля, якога прэзыдэнт паўсюль цягае за сабою, у сто разоў больш разбурае яго імідж, чым гэтыя крэдыты. Дарэчы, грамадзкая думка гатовая да продажу дзяржаўных прадпрыемстваў».

Вобраз Лукашэнкі і прыватызацыя


Карбалевіч: «Але захаваньне дзяржаўнай маёмасьці — гэта адзін з важных падмуркаў вобразу Лукашэнкі як народнага абаронцы. Ён увесь час цьвердзіць, што вы ж бачыце, я ж, у адрозьненьне ад Расеі і Ўкраіны, не распрадаў прадпрыемствы алігархам. Ці не разбурыць прыватызацыя гэты вобраз?»

Падгол: «А вы схадзіце на МАЗ і спытайце. На фоне няспынных скарачэньняў, падзеньня заробкаў людзі кажуць: прыйшоў бы хутчэй уласьнік і вывеў завод на сусьветныя рынкі».

Карбалевіч: «Яны, мусіць, не разумеюць, што любы ўласьнік першае, што зробіць, гэта звольніць палову работнікаў, бо яны там лішнія».

Падгол: «Дык Лукашэнка ўвесь час кажа, што пры прыватызацыі будуць захаваны сацыяльныя гарантыі».

Дабравальскі: «80% насельніцтва лічыць, што ў энэргетычнай галіне ўласнасьць павінна належаць дзяржаве. Прыватызацыя буйных прадпрыемстваў — гэта разбурэньне адчуваньня стабільнасьці.

Падгол: «У 1990-х гадах Лукашэнка казаў, што гатовы на каленях паўзьці ў Расею, а НАТО вось-вось пачне бамбіць Беларусь. Цяпер усё наадварот. І народ прыняў такі кульбіт. Думаю, тое ж самае будзе і з прыватызацыяй».

Дабравольскі: «Пераход у новы вобраз — гэта заўсёды пагроза для палітыка».