Суд Ленінскага раёну Менску адхіліў пазоў пэнсіянэра да рэдакцыі газэты “Народная воля”. Патрабаваньне Аляксандра Пестракова абараніць “зьняважаныя газэтай” гонар і годнасьць вэтэранаў судзьдзя Т.Дарашчонак пакінула без разгляду, бо пазоўніка на гэта ніхто не ўпаўнаважваў.
Непадведамасным суду прызналі яго патрабаваньне абавязаць газэту прыпісваць пад загалоўкам, што выданьне зьяўляецца недзяржаўным і апазыцыйным, паведамляе сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Нагодай для пазову стаў перадрук “Народнай воляй” сёлета вясной вытрымак з кнігі Ільлі Копыла “Нябышына. Вайна”, дзе аўтар прапаноўваў “альтэрнатыўны” погляд на пэўныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны і ролі некаторых яе ўдзельнікаў. (У красавіку гэтая ж публікацыя была нагодай для некалькіх пікетаў каля рэдакцыі выданьня, у тым ліку і вэтэранскага).
Пазоўнік таксама вырашыў, што публікацыі зьневажаюць удзельнікаў вайны, менскага падпольля і беларускіх партызан, і запатрабаваў апублікаваць у газэце прабачэньні за іх дыскрэдытацыю. Акрамя гэтага, пэнсіянэр хацеў, каб суд абавязаў газэту абазначыць пад загалоўкам сваю “недзяржаўнасьць”, і вызначыў, ці могуць бакі па-рознаму трактаваць закон «Аб СМІ» — кожны на сваю карысьць.
Дапушчаны на працэс па пазову Аляксандра Пестракова ў якасьці прадстаўніка грамадзкасьці намесьнік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец задаволены вынікам справы. “Мне складана ўявіць сабе, якім чынам суд мог бы разглядаць патрабаваньні пазоўніка па сутнасьці”, — зазначыў ён у гутарцы з прэс-службай БАЖ.
Нагадаем, што днямі рэдакцыя “Народнай волі” выйграла яшчэ адну справу — Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне Ленінскага раённага суду, які адхіліў пазоў прарэктара Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Сяргея Ханені аб абароне гонару і годнасьці. Сп. Ханеня хацеў спагнаць з рэдакцыі 95 мільёнаў 500 тысяч рублёў.