Незарэгістраваная партыя Беларуская хрысьціянская дэмакратыя заклікала аднавіць збор подпісаў за вяртаньне вернікам касьцёла Сьвятога Язэпа ў Менску. Сама партыя сабрала ўжо больш за тысячу подпісаў.
БХД настойвае на вяртаньні кляштара і касьцёла Сьвятога Язэпа пасьля таго, як галоўны інжынэр КУП “Менская спадчына” Міхаіл Жых заявіў, што ў кляштары разьмесьцяць гатэль.
БХД хоча ініцыяваць агульнабеларускую кампанію за вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа.
Як паведамляе прэсавая служба БХД, адзін зь лідэраў партыі Віталь Рымашэўскі заявіў з гэтай нагоды:
"Беларускія ўлады чарговы раз выявілі ў гэтым сваю антыхрысьціянскую сутнасьць. Калі з былога кляштара зробяць гатэль, гэта будзе помнікам бездухоўнасьці сёньняшняй улады. Лукашэнка толькі да пэўнага часу ішоў на “загульваньне” з цэрквамі, каб выглядаць “веруючым” чалавекам. Пытаньне з вяртаньнем касьцёла Сьвятога Язэпа – адзін са шматлікіх прыкладаў стаўленьня беларускіх уладаў да хрысьціянскіх канфэсій.
Я зьвяртаюся да палітычных і грамадзкіх лідэраў з заклікам выступіць за вяртаньне кляштара яго законным гаспадарам”.