Правілы гульні: наш маленькі Кастра


У артыкуле пад такой назвай, апублікаваным у расейскім выданьні “Ведомости» прафэсар Расейскай эканамічнай школы Канстацін Сонін аналізуе ўзаемаадносіны Расеі і Беларусі.

“Палітычнае жыцьцё кубінскага лідэра Фідэля Кастра ўсё не сканчаецца і не сканчаецца, а як хочацца хутчэй падвесьці вынікі! За 50 гадоў, якія Кастра пратрымаўся ва ўладзе, узровень жыцьця кубінцы практычна не зьмяніўся – і гэта пры тым, што ў большасьці краінаў ён вырас у некалькі разоў. Адзін з тых сакрэтаў, які хацелася б раскрыць, выглядае так: як можна захоўваць уладу ў маленькай і слабай ў ваенным сэнсе краіне, выкарыстоўваючы энэргію куды больш моцных дзяржаваў? Гісторыя Фідэля, не выключана, дапаможа зразумець паводзіны беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнкі, які ў апошні час зрабіў цэлы шэраг крокаў у піку дзейнаму расейскаму кіраўніцтву.

Усе ведаюць, што з пачатку 1960-х і да канца 1980-х Куба карысталася сяброўствам і матэрыяльнай падтрымкай Расеі. Аднак цікава, што кіраваньне Фідэля пачыналася зусім з іншай дружбы. Захапіўшы ўладу пасьля скіданьня ўраду Батысты, новасьпечаны прэм'ер адправіўся з доўгім візытам у Амэрыку наладжваць адносіны. Не атрымалася – цяжка адначасова абапірацца на рэвалюцыйную беднату і абараняць правы буйных уласьнікаў (гэта патрабавалася Амэрыцы). Фідэль, асьцерагаючыся, не без падставаў, амэрыканскага ўмяшаньня ў барацьбу за ўладу на Кубе, кінуўся па дапамогу да праціўніка па халоднай вайне.

Усе ведаюць гісторыю драматычнага супрацьстаяньня дзьвюх ваенных звышдзяржаваў падчас Карыбскага крызысу. Коратка кажучы, мы паставілі ядзерныя ракеты на Кубу, амэрыканцы прыгразілі блякадай вострава і праверкай судоў, якія плывуць туды, мы прыбралі ракеты ў абмен на вывад амэрыканскіх баз з Турцыі і Італіі і, па ўсім бачна, гарантыі бясьпекі для кубінскага ўрада. Нічыя? Так, калі не лічыць чалавека, які атрымаў буйны выйгрыш за чужы кошт. Што атрымала наша краіна за доўгія гады падтрымкі сацыялістычнай Кубы – незразумела. Фідэль атрымаў магчымасьць кансалідаваць і ўтрымліваць уладу пры бяздарнай унутранай і нахабнай зьнешняй палітыцы (краіна – адзін з галоўных эканамічных правалаў ХХ ст. – служыла крыніцай «ідэй» для іншых).

Гісторыя Фідэля – не проста прыватны выпадак. ХХ стагодзьдзе ведае нямала прыкладаў, калі мясцовы царок або сацыялістычны лідэр мацаваў сваю ўладу, кормячыся з дзьвюх рук. Для Расеі гэта ўрок адносна Лукашэнкі: апора на адносіны з аўтарытарным, а не дэмакратычна абраным лідэрам можа прынесьці нейкія кароткатэрміновыя выгады, але робіць вялікія краіны закладнікамі маніпуляцый з боку гэтага лідэра. Спробы вялікіх краінаў ціснуць на такога дзеяча з дапамогай эканамічных рычагоў прыводзяць хіба што да зьніжэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва і ўмацаваньня яго ўлады. Вось калі б Лукашэнка адказваў перад выбаршчыкамі ці яго ўлада была б абмежаваная апазыцыйным парлямэнтам, у яго было б куды менш магчымасьцяў для маніпуляцый зьнешняй палітыкай.

Ды і наогул – мы занадта мала вучымся на памылках, зробленых Злучанымі Штатамі ў Лацінскай Амэрыцы за апошнія два стагодзьдзі. Можна вучыцца лепш”.