У радыяцыйную зону? Дазвол не патрэбен!

У Клімавіцкім раёне, што на Магілёўшчыне, скасаваны кантрольна-прапускны рэжым на тэрыторыі шасьці адселеных з-за радыяцыйнага забруджаньня паселішчаў. Улады сьцьвярджаюць, што узровень радыяцыі на гэтых землях зьменшыўся.

Цяпер наведваць зону можна без папярэдняга дазволу. Такое рашэньне прыняў дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Пастанова дэпартамэнту набыла сілу 1 жніўня.

Займацца сельскагаспадарчымі працамі на 2000 гектарах зямель, як і раней, забаронена. Забаронена таксама зьбіраць грыбы, ягады, лекавую і тэхнічную сыравіну.

Скасавалі кантрольна-прапускны рэжым на тэрыторыі былых вёсак Дзеражня, Кашаноўка, Нарадзешна, Ігнатаўка, Кісьляць, Горкі ды Замашэня. Яны даўно адселеныя ды пахаваныя. Цяпер плошчы перадалі Клімавіцкаму лясгасу.
Там ужо вырас лес. Лесу да ўзросту сьпеласьці восемдзесят гадоў расьці. Гэта пасьля Чарнобылю сто гадоў пройдзе


У лясгасе цьвердзяць, што не пасьпелі азнаёміцца з пастановай дэпартамэнту, і камэнтуюць яе зь неахвотай.

"Там ужо вырас лес. Лес хутка расьце, займае пустуючыя плошчы. Лесу да ўзросту сьпеласьці восемдзесят гадоў расьці. 81 год расьці па яловай гаспадарцы. Гэта пасьля Чарнобылю сто гадоў пройдзе. Чым старэйшая хваіна, тым яна будзе больш паўнавартасная", зазначае спэцыяліст лясгасу.

Які цяпер узровень радыяцыі на тэрыторыі, дзе скасавалі кантрольна-прапускны рэжым, высьветліць не ўдалося. Раней забруджанасьць гэтых тэрыторыяй складала 15 кюры. З афіцыйных крыніц вядома, што плянуецца скасаваньне кантрольна-прапускнога рэжыму таксама ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўшчыны.

Касуюць кантрольна-прапускны рэжым і на Гомельшчыне. Як паведамілі ва ўправе праблем ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у асноўным на адселеных тэрыторыях, празь якія праходзяць аўтамабільныя магістралі:

"У сувязі з тым, што адтуль адселенае насельніцтва. І гэтыя пункты ў бальшыні сваёй пахаваныя, ахоўваць там няма чаго. Навошта траціць грошы? Таму мяняюцца й маршруты патруляваньня. Ёсьць жа ў нас пасты стацыянарныя й пасты, якія працуюць мэтадам аўтапатруляваньня", паведаміў супрацоўнік управы.

Кіраўнік цэнтру чарнобыльскіх ініцыятыў Іван Нікітчанка лічыць скасаваньне кантрольна-прапускнога рэжыму на забруджаных тэрыторыях неразумным крокам улады. Спадзяваньне на тое, што драўніну з чарнобыльскай зоны можна будзе выкарыстоўваць празь дзясяткі гадоў у прамысловасьці, лічыць несур’ёзным.

"Яны зараз спрабуюць зэканоміць грошы на гэтай праблеме. Тэрыторыі, якія былі адселеныя, вярнуць у гаспадарчую дзейнасьць ня ўдасца ніколі. Ізатопы, яны маюць такую характарыстыку, што адзін, калі распадаецца, пераходзіць у другі — але ён усё адно радыеактыўны. Сумарна якой была радыяцыя, такой яна й застанецца на вякі".