"Лукашэнка расказвае нам казкі…"

"Як Вы ставіцеся да заявы Лукашэнкі пра тое, што ён можа забясьпечыць беларусам зарплату ў паўтары-дзьве тысячы даляраў, калі яны цалкам будуць плаціць за камунальныя і сацыяльныя паслугі?"

Спадар: "Тэлевізар я глядзеў: стаіць ён там з указкай, расказвае казкі, што дамы адпачынку адкрываць і гэтак далей. Усё гэта глупства: у людзей трыста тысяч ёсьць заробкі, было 280—290, дык гэта трэба на дзьвюх працах працаваць. Гэта глупствы, казкі расказвае. Гэта сьмешна!"

Спадарыня
: "Ведаеце, я сама прадпрымальніца, таму я добра зарабляю і гэтым не цікаўлюся (сьмяецца). Ня ведаю — будзе гэта ці ня будзе".

Спадар:
"Конюх у ЖЭСе, там ёсьць адзін конь, семсот тысяч зарабляе. Дык там жа трэба працаваць, і мала дзе ёсьць такі заробак".

Спадар: "Весела. Ня веру. Гэта нерэальна на сёньняшні дзень у нас атрымаць такія грошы. Нават калі, ён крычаў, мы плацім толькі трыццаць адсоткаў. Але калі трэба будзе за кватэру трыста даляраў плаціць, гэта будуць вялікія грошы. Для нас гэта нерэальныя рэчы".

Спадар: "Гэта рэальна з таго боку, калі цяпер некаторыя дакладна па дзьве тысячы даляраў атрымліваюць, а некаторыя як атрымлівалі шэсьцьсот тысяч, так і будуць атрымліваць".



Сталы спадар: "Што вам сказаць? Рэальнасьць на сёньня абяцаных пяцісот даляраў… але некаторыя не адчулі на сабе. І гаварыць тады пра далейшае… Можна верыць ці нельга? Можаце рабіць выснову. Ведаеце, рэч у тым, што нехта атрымае, а хтосьці й не".

Маладзён:
"Я ў прыватніка працую, я ня ведаю, на мне гэта не адаб’ецца. Колькі зарабляю? Сакрэт фірмы. Не скажу".

Дзяўчына:
"Не, канечне, не. Я працую ў гандлёвым цэнтры, у мяне заробак да чатырохсот тысяч. Як ён можа падняцца нават да пяцісот тысяч? Такога быць ня можа".

Спадар: "Я ня веру, таму што Лукашэнку гэта нявыгадна. Ну, разумееце, калі я буду, як той казаў, мець дзьве тысячы даляраў, плаціць за ўсё, то навошта мне Лукашэнка?"

Малады спадар:
"Ня ведаю, цалкам можа быць. Хаця — рэсурсаў у нас няма. Не, калі друкаваць грошы, то ўвогуле абясцэніцца ўсё. Таму сэнсу няма. Ня ведаю, можа, атрымаецца — хутка, але нядоўга".

Маладзён: "Мне здаецца, што гэта ня вельмі рэальна. Я сумняваюся, што магчыма так: раз -- і зрабіць заробак дзьве тысячы даляраў".

Дзяўчына:
"З улікам аграмаднай інфляцыі беларускага рубля — гэта можа быць. Альбо — падзяліўшы ўсе заробкі ў Беларусі, чыноўніцкі і рабочага самага малааплатнага, то можна нейк атрымаць такія лічбы".

Маладзён:
"Выбары хутка, і гэта частка кампаніі".

Дзяўчына:
"Адна справа — заробак, яго памер, іншая рэч — дабрабыт. Гэта розныя рэчы".