Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".
Эфір 28 ліпеня 2010 году
Чым бліжэй восень і прызначэньне даты будучых прэзыдэнцкіх выбараў, тым больш у нашай пошце лістоў ад слухачоў, якія робяць здагадкі і прагнозы наконт таго, хто зь беларускіх палітыкаў адважыцца супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам, у каго ёсьць шанцы спыніць шаснаццацігадовую кар’еру нязьменнага беларускага лідэра.
З аднаго зь лістоў на гэту тэму і пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну адзіным рэальным супернікам Лукашэнкі на будучых выбарах бачыць ягонага сёньняшняга паплечніка. Слухач піша:
"Апошнім часам на экране тэлевізара вельмі рэдка можна бачыць кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага. Замест яго ўсё часьцей зьяўляецца віцэ-прэм’ер Сямашка. Мяркуючы па ўсім, неўзабаве другі можа замяніць першага.
А няблага было б, калі б спадар Сідорскі, які можа застацца беспрацоўным, рызыкнуў перайсьці на больш высокую пасаду. А менавіта — выставіў сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.
Гэта, зразумела, вялікая рызыка. Але, з другога боку, і вялікая верагоднасьць выйграць гэтыя выбары.
Сідорскі — буйны гаспадарчы кіраўнік, не апазыцыянэр. А вядома ж, што ў большасьці нашых грамадзянаў на апазыцыянэраў — алергія, якую прышчапіла ім дзяржаўная прапаганда.
Да таго ж прозьвішча гэтае ва ўсіх на слыху, чалавек доўгі час быў другой асобай у дзяржаве.
Для расейскага кіраўніцтва гэта — таксама прымальная фігура. Прынамсі, ён адэкватны. І ўсім зразумела, што ніхто зь іншых кандыдатаў пры цяперашняй сыстэме прайсьці ня здольны.
Цяпер многае залежыць ад Крамля. Ці зможа ён дамовіцца зь Сідорскім, паабяцаць, што ў выпадку неабраньня яму гарантуюць добрую працу ў Расеі?
Вось такая магчымая ракіровачка, як любіў гаварыць у недалёкім мінулым адзін вядомы ўсім палітык".
Сапраўды, пра такі варыянт разьвіцьця падзеяў як пра магчымы гавораць сёньня многія. Варта, аднак, мець на ўвазе, што Сяргея Сідорскага (ці іншага высокапастаўленага чыноўніка, які б рызыкнуў кінуць выклік Аляксандру Лукашэнку) больш мусіць хваляваць ня столькі будучае працаўладкаваньне ў выпадку няўдачы, колькі гарантыя асабістай бясьпекі і свабоды. Калісьці адзін былы прэм’ер-міністар (маю на ўвазе Міхаіла Чыгіра) ужо паспрабаваў супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам, выказаць уласныя палітычныя амбіцыі. І на ягоным прыкладзе ўсёй чыноўніцкай намэнклятуры было паказана, што пакараньне за такое аслушэнства надыдзе хуткае і жорсткае.
Пра магчымасьць і верагоднасьць зьмены ўлады ў Беларусі разважае ў сваім лісьце і наш даўні аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
"Апошні скандал у дачыненьнях Лукашэнкі з Масквой дае для Беларусі неблагі шанец урэшце рэшт пайсьці шляхам якой-небудзь Малдовы да мадэлі Чэхіі, Эстоніі, Літвы, Польшчы. Думаю, нешта ў гэтым напрамку адбудзецца, але гэта будзе зусім ня тое і ня так, як ужо два дзясяткі гадоў чакаюць беларускія нацыянал-дэмакраты.
Мяркую, да 2016-га году ўзмацнелая і загартаваная намэнклятура запатрабуе зьмены Канстытуцыі і ўсталяваньня парлямэнцкай рэспублікі: так групоўкам прасьцей кіраваць краінай і захоўваць балянс інтарэсаў. Верагодна, Лукашэнка рыхтуецца да гэтага зараз і будзе рыхтавацца наступныя пяць год. Гэта ж гарантыя далейшага спакойнага жыцьця і яго, і Колі, Дзімы, Віці…
Намэнклятура, якая вырасла пры Лукашэнку, цалкам усьведамляе, што "сацыялку-мінімалку" народу трэба забясьпечваць гэтак жа, як тое доўгія гады рабіў Лукашэнка. Беларуская ж нацыянал-дэмакратыя, якая сваімі дубовымі каранямі трывала спалучана з антырасейскімі і польска-балтыйскімі ідэямі эўраінтэграцыі а-ля Пазьняк пачатку 90-х гадоў, застанецца на ўзбочыне.
Такім чынам, "прасьветлены" Лукашэнка да 2016-га году перадае ўладу і ўласнасьць бізнэсоўцам ад намэнклятуры, якія і ўсталююць рэжым, падобны да тых, што склаліся ў Расеі, Украіне, Казахстане, Аргентыне — у эканоміцы. Што да нацыянальна-ідэалягічнага аспэкту, то гэта будзе зусім не краіна Трусава, Дубаўца, Баршчэўскага і Вячоркі, ня клон Польшчы і Літвы. Гэта будзе нейкая самасьційная дзяржава ля Расеі, з рускамоўна-масквацэнтрычнай культурай".
Беларуская гісторыя мінулых шаснаццаці гадоў, усе шматлікія выбары і рэфэрэндумы, што адбыліся ў краіне за гэты час, схіляюць хутчэй да іншай высновы, спадар Марціновіч: што Аляксандар Лукашэнка ніякіх плянаў перадачы каму б там ні было сваёй аданаасобнай улады ніколі ня меў і ня мае, што сваю пасаду ён заўсёды і пры любых абставінах адстойвае ўсімі магчымымі спосабамі. Так, сур’ёзны канфлікт Лукашэнкі з маскоўскім Крамлём накладае адбітак на прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі, якая мае пачацца неўзабаве. Але ці настолькі вялікія магчымасьці мае расейскае кіраўніцтва, каб на ўласнае меркаваньне ўсталёўваць рэжымы ў суседніх краінах, мяняць там шматгадовых аўтарытарных лідэраў?
Пра беларуска-расейскія дачыненьні і пагрозу расейскага імпэрыялізму для беларускай незалежнасьці разважае ў сваім лісьце на "Свабоду" былы савецкі афіцэр Мікола Канаховіч з Пружанаў. Ён піша:
"Толькі ўключыш беларускае тэлебачаньне — адразу чуеш, як там на ўсе галасы заліваюцца пра вечнае братэрства беларускага і расейскага народаў. Пра гэта лемантуюць усе — ад пэнсіянэраў да шкаляроў. Ужо не кажу пра лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, якія, выглядае, нічога іншага і сказаць ня ўмеюць".
Далей у сваім лісьце Мікола Канаховіч пераказвае шматлікія крыўды, узаемна ўчыненыя беларусамі і расейцамі на працягу многіх стагодзьдзяў. Асаблівы акцэнт ён робіць на нядаўняй гісторыі. Яшчэ адна цытата зь ліста:
"Толькі ў 20-м стагодзьдзі Масква, як толькі хацела, гандлявала нашай тэрыторыяй і народам — нібы капустай на кірмашы. І па сёньняшні дзень Беларусь застаецца расейскім пратэктаратам — а гэта самая гнюсная форма калянізацыі. І гэта называецца братэрствам? Добра ведаючы сквапны шавіністычны характар расейскіх імпэрыялістаў, стасункі зь імі трэба абмяжоўваць толькі гандлем. І то — праз надзейную мяжу. І як мага меней іншых стасункаў. Толькі ў такім выпадку мы захаваем сваю дзяржаўнасьць".
Апошнім часам па беларускім дзяржаўным тэлебачаньні, спадар Мікола, часьцей можна пачуць пра Расею думкі, сугучныя вашым, а зусім не прапаганду "вечнага братэрства". Беларускі і расейскі рэжымы, ня здолеўшы дамовіцца пра ступень і формы ўплыву і залежнасьці, вядуць узаемную жорсткую інфармацыйную вайну. Хоць у інтарэсах звычайных людзей — зусім ня клятвы ў братэрстве і не гандлёвыя войны, а роўныя, прадказальныя, добразычлівыя адносіны з суседзямі — бяз сварак і крыўдаў, без шантажу і выпрошваньняў міласьціны.
На пачатку лета ў эфіры нашага радыё часта гучалі мэмуары Галіны Руднік — журналісткі, якая больш за сорак гадоў працавала на Радыё Свабода. Наш даўні сябар Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну пад уражаньнем ад пачутага ў сваім лісьце піша:
"Вельмі ўдзячны за магчымасьць паслухаць успаміны Галіны Руднік "Птушкі пералётныя". Гэта была гісторыя жыцьця і дзяўчынкі, якая жыла ў акупацыі, і маладой жанчыны, якая знайшла сваё месца ў жыцьці, і мілай бабулькі, якая перадае нам усё самае добрае, што набыла ў сваім жыцьці — вялізны досьвед, добразычлівасьць, любоў да роднай Бацькаўшчыны. Як шкада, што скончылася гэтая перадача. Я з зачараваньнем слухаў яе з паўторамі, як толькі быў час.
Успаміны Галіны Руднік можна параўнаць толькі з успамінамі Васіля Быкава. Стыль падобны. Вельмі спадзяюся на тое, што, калі ўспаміны Галіны Руднік зьявяцца ў "Бібліятэцы Свабоды", то іх атрымаю і я. Вельмі ўдзячны вам за ўсё. Падчас слуханьня "Свабоды" я адчуваю сябе па-сапраўднаму свабодным чалавекам".
На гэтую ж тэму выказваецца ў сваім лісьце Тамара Цецянкова зь Менску. Яна піша:
"Слухаю перадачы Свабоды ня так даўно, але многія зь іх мяне зацікавілі. Яны вельмі своечасовыя і пазнавальныя — асабліва гістарычныя, літаратурныя, успаміны нашых знакамітых беларусаў. Вельмі ўзрушылі ўспаміны Галіны Руднік "Птушкі пералётныя". У іх — гісторыя і лёс нашай Беларусі, яе шматпакутны шлях. Як добра было б, каб гэтыя ўспаміны пачулі сёньняшнія вучні і студэнты — тыя, каму давядзецца прыкласьці шмат намаганьняў, каб трывала стаць на ногі ў гэтым жыцьці.
Сёлета мая ўнучка вытрымала першыя ў сваім жыцьці іспыты і паступіла ў гімназію. Вось я і падумала: лепшым падарункам для яе з гэтай нагоды маглі б стаць успаміны такіх людзей, якія даюць прыклад у жыцьці. Гэта і веды, і памяць, і гонар — на ўсё жыцьцё".
Дзякуй вам, шаноўныя слухачы, за такія пранікнёныя, шчырыя словы на наш адрас. Сапраўды, мы разьлічваем на тое, што кніга ўспамінаў Галіны Руднік "Птушкі пералётныя" неўзабаве выйдзе ў "Бібліятэцы Свабоды". Тады і вы, спадар Міхась, і вы, спадарыня Тамара, і многія іншыя сябры "Свабоды", якія выкажуць такое жаданьне, — зможаце атрымаць яе ад нас у якасьці падарунка.
З просьбай зьвяртаецца да нас і Ігар Земляны зь вёскі Новастэпанаўка Днепрапятроўскай вобласьці, з Украіны. У сваім лісьце ён піша:
"Слухаю вашы перадачы ўжо даўно — амаль 6 гадоў. Я ўкраінец, але дзякуючы беларускай "Свабодзе", слухаючы вас, вывучыў беларускую мову. І цяпер магу крыху гаварыць і чытаць па-беларуску.
Вашы перадачы мне вельмі падабаюцца, яны надзвычай цікавыя. Нават цікавейшыя за футбольны чэмпіянат сьвету. Таму я нават падчас сусьветнага футбольнага першынства слухаў вас штодня і ўвечары, і раніцай. Імкнуся не прапусьціць ніводнай перадачы.
А зараз у мяне просьба. Ці не маглі б вы прыслаць поштай якую-небудзь кнігу на беларускай мове? Гэта дало б мне магчымасьць удасканальваць веданьне беларускай мовы".
Заўважу, што ліст Ігара напісаны добрай беларускай мовай. Спадзяемся, спадар Ігар, што адна з кніг з сэрыі "Бібліятэка Свабоды", якую мы неўзабаве дашлем як падарунак, дапаможа вам і далей паглыбляць свае веды і ў беларускай мове, і ў гісторыі.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by