Беларусь выпусьціла эўрабонды пад 8,75%

Беларусь разьмясьціла эўрааблігацыі ў аб'ёме 600 мільёнаў даляраў тэрмінам на 5 гадоў.

Пра гэта паведаміў журналістам міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец, якога цытуе БелТА.


Паводле словаў міністра, прыбытковасьць аблігацый складае 8,75%.

"Тут не мы дыктуем палітыку, тут ацэнка інвэстараў. Таму мы зыходзім з таго, як нас ацэньваюць інвэстары і наколькі эфэктыўна мы з імі папрацавалі",-- сказаў ён.

Кажучы аб пакупніках аблігацый, міністар адзначыў, што беларускімі эўрааблігацыямі зацікавілася вельмі шмат інвэстараў.
"Геаграфічнае кола інвэстараў вельмі вялікае. Там прысутнічае Эўропа, Азія, Паўднёвая і Паўночная Амэрыка, Ізраіль, гэта вельмі цікавы спэктар інвэстараў", -- сказаў Харкавец.

А. Лукашэнка раней сваім указам дазволіў ураду выпусьціць аблігацыі на суму да 2 мільярды даляраў з тэрмінам звароту не менш за 5 гадоў і разьмяшчэньнем іх за межамі краіны.

Агенцтва Standard & Poor's прысвоіла папярэдні рэйтынг беларускім аблігацыям на ўзроўні B +.