Анкета Свабоды: Глеб Лабадзенка

Глеб Лабадзенка

Паэт і журналіст. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі калегіюм, журфак БДУ, цяпер навучаецца ў магістратуры гэтай установы. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру.

Што для вас свабода?

На вялікі жаль – назва радыё.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Ды асабліва нічога. Мужчына не павінен скардзіцца, мужчына павінен рабіць.


Што для вас шчасьце?

Штодня быць побач з каханай, адчуваць, што яна цябе разумее і падтрымлівае.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Страціць шчасьце.


Які талент вы хацелі б мець?

Граць на музычных інструмэнтах і сьпяваць. Той выпадак, калі кажуць: «Ня ўмею, але дужа люблю». Мядзьведзі на вушах танга танчылі… Таксама заўжды хацеў умець маляваць – але малюю, як трохгадовае дзіця. А можа і горш.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Збольшага тымі людзьмі, зь якімі маю шчасьце быць знаёмы асабіста. Найперш Рыгорам Барадуліным – найвялікшым Паэтам і Беларусам сучаснасьці. Таксама захапляюся 93-гадовай Эльжбетай Радзівіл.
Калі падумаць яшчэ хвілінку – прыходзіць на розум шмат іншых імёнаў, напрыклад, Лявон Вольскі. Захапляючыся, стараюся максымальна вучыцца ў гэтых людзей.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Справу.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Хіба што надаў бы больш увагі адукацыі ў маладзейшым веку, вывучэньню моваў, музычнай школе. Як паказвае практыка, адгаворка «вазьмуся вучыць» патанае за працаю й штодзённымі справамі.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Слухаць толькі тых людзей, якіх любіш і паважаеш.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Ніколі назад – толькі наперад!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Ня думаў пра гэта, слаба ў гэтым разьбіраюся.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У той, дзе й жыву.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У XVII-XVIII стагодзьдзях. А калі ня жыць, то хаця б адным вокам зірнуць, як там.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Пастараўся б захаваць станоўчыя здабыткі папярэднікаў і зрабіць максымальна, каб краіна ня рухнула ў пустку.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Добрасуседзкія, узаемавыгадныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія, узаемавыгадныя.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я так ня думаю.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Нечакана. А калі – ніхто ня скажа.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Усе – ніколі.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Краіну – як і цяпер, як і 100 гадоў таму – будуць ратаваць усё тыя ж 300 спартанцаў нацыянальнай культуры.