Суд не задаволіў пазоў Сяргея Каваленкі

Сяргей Каваленка


Віцебскаму актывісту не ўдалося дамагчыся праз суд абвяржэньня зьместу артыкула "Каму дрэнна, калі нам добра", надрукаванага ў газэце "Віцьбічы". Гэты артыкул С.Каваленка лічыць паклёпніцкім, таму ён патрабаваў выбачэньняў ад рэдакцыі і ад старшыні віцебскага гарвыканкаму.


Паводле рашэньня, вынесенага судзьдзёй Кастрычніцкага райсуду Вікторыяй Лешчанкай, пазоў актывіста адхілены ў поўным аб’еме. Судзьдзя пастанавіла, што ні абразаў, ні паклёпу ў газэтным артыкуле няма, і не задаволіла патрабаваньне Сяргея Каваленкі наконт абвяржэньня і матэрыяльнай кампэнсацыі маральных пакутаў.

Актывіст патрабаваў па 10 мільёнаў рублёў з рэдакцыі газэты "Віцьбічы" і асабіста з рэдактаркі Ніны Тулінавай і старшыні віцебскага гарвыканкаму Віктара Нікалайкіна, які ў студзені гэтага году праводзіў адмысловую нараду з удзелам журналістаў. Менавіта пасьля яе ў віцебскіх дзяржаўных СМІ зьявіліся артыкулы пра ўчынак Сяргея Каваленкі — вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы.

Апазыцыянэр ня згодны з тым, што ў артыкуле "Каму дрэнна, калі нам добра" пра яго напісана як пра шараговага вулічнага хулігана: ён кажа, што праводзіў палітычную акцыю, пра якую нельга пісаць у зьневажальным тоне.