Магілёў: арыштаваны за свабоду інтэрнэту – на волі

Валянцін Лабачоў

Зьвінавачаны міліцыянтамі ў правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства дзевятнаццацігадовы жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў – на волі. У аддзеле міліцыі Ленінскага раёну абласнога цэнтру ён прабыў каля гадзіны.


Паводле Лабачова, міліцыянты склалі пратакол апытаньня і папярэдзілі аб недапушчальнасьці паўторнага правядзеньня не дазволеных уладамі акцыяў.

“Міліцыянты сказалі, што судзіць мяне ня будуць. Паводзілі яны сябе са мной карэктна. Хаця й адчувалася некаторая жорсткасьць і прадузятасьць”, – паведаміў “Свабодзе” адразу па вызваленьні Валянцін Лабачоў.

Валянціна Лабачова вінавацілі ў арганізацыі недазволенага мітынгу за свабоднае разьвіцьцё інтэрнэту. Ён меўся адбыцца на пляцоўцы перад будынкам былога Дому культуры і адпачынку на вуліцы Чалюскінцаў, 64а. Акцыю пратэсту не дазволілі правесьці міліцыянты. Выказаць пратэст супраць прэзыдэнцкага ўказу №60 прыйшлі тры дзясяткі маладых людзей. Некаторыя з іх – гэта актывісты нацыянал-бальшавіцкай партыі.