“Лукашэнка хоча адсправаздачыцца "

Апытаньне "Свабоды". "Лукашэнка склікае чарговы Ўсебеларускі народны сход. На вашую думку — зь якой мэтай?"Адказваюць мінакі на вуліцах Магілёва.

Спадар: "Дзеля выбараў. Ён заўжды ў гэты час праходзіць. Гэта самарэкляма. Рэкляма выбараў. Яны будуць абвешчаныя, верагодна й сёлета. У лістападзе, сьнежні".

Спадар: "Ну, выбары хутка. І ён нешта хоча сказаць на гэты конт. А што канкрэтна — ня ведаю. Час пакажа. Перасьледуе ён, канечне, свае нейкія інтарэсы".

Спадар:
"Хутка пачнецца перадвыбарчая кампанія — будзе ставіцца й гэтае пытаньне. Вы ж разумееце, што там руліць ня толькі Лукашэнка, а і ягоная каманда. Яна зробіць усё, каб, магчыма, з большай легітымнасьцю застацца пры ўладзе. І, хутчэй за ўсё, гэта пройдзе. На жаль".



Спадар:
"Для таго каб падрыхтавацца да наступных выбараў. Ён жа анэкдот: "Даколе вы, Аляксандар Рыгоравіч, будзе пры ўладзе?", ну, і адказ: "Да Колі, да Колі".

Спадар: "Ну, адсправаздачыцца хоча. За зробленую справу".

Малады спадар: "Каб вызначыць далейшыя мэты й балятавацца на наступны тэрмін. Такая ўжо традыцыя склалася. Ужо неяк і адступаць няма куды. Так жа нічога дадатковага ня трэба заяўляць, то бок у любым разе такая падзея асьвятляецца й на тэлебачаньні. І ясна, што дадатковых высілкаў ня трэба прыкладаць".

Два юнакі: "Каб пачаць сваю перадвыбарчую кампанію. Каб галасоў сабе павялічыць. Прыме нейкі закон, каб тым жа пэнсіянэрам пэнсіі ўзьняць. І яны потым за яго прагаласуюць. Студэнтам пэнсіі…"

Юнак: "Каб давер людзей узьняць. Сытуацыя цяпер такая і з Расеяй, і зь іншымі краінамі не зусім добрая. Пагоршылася. Паказвалі ж па ОНТ і іншых каналах. Людзям жа трэба нешта патлумачыць".

Спадарыня: "Напэўна, каб падрыхтавацца да выбараў. Абазначыць, тое, чаго дасягнула нашая рэспубліка пры ягоным кіраваньні. Паставіць акцэнты на посьпехах".

Спадар: "Можа, да выбараў. Можа, да новага тэрміну".

Спадар: "Гэта ж ягоная палітыка. Ён жа праводзіць пэрыядычна такія сходы. Хутка выбары. Хаця гэта й так відавочна, што ён пойдзе на выбары. Тэрмін жа падыходзіць. Трэба ж адсправаздачыцца. Паставіць задачы, каб усё было лепей і лепей".

Спадар: "Выбары хутка, каб узьняць рэйтынг у вачах народу. Паводле ягонай традыцыі патрэбна ж 90 працэнтаў".

Малады спадар: "У сувязі з выбарамі, каб больш яшчэ загітаваць".

Спадар: "Абмеркаваць актуальныя пытаньні, якія паўсталі перад дзяржавай. Асноўны пакупнік нашай прадукцыі хто? — Расея. Асноўны пастаўшчык энэрганосьбітаў хто? — Расея. Напэўна, гэтыя пытаньні й будуць абмяркоўваць".