Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111".
Эфір 21 ліпеня 2010 году.
У ліпеньскай пошце "Свабоды" нямала допісаў тых нашых слухачоў і аўтараў, якія спрабуюць асэнсаваць зьмены, што адбываюцца апошнім часам у беларускім грамадзтве, даць уласныя варыянты адказаў на складаныя пытаньні рэчаіснасьці.
Нямногія памятаюць, што 2010 год у Беларусі ўлады ў свой час абвясьцілі "годам якасьці". А вось наш даўні сябар Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну, з чыйго ліста пачну сёньняшнюю размову, — чалавек цікаўны, дасьціпны і ўважлівы: пра ініцыятыву ўладаў не забыў і ўважліва сочыць за тым, як яе выконваюць. Палова гэтага так званага "году якасьці" ўжо мінула — які вынік? Спадар Мікола выказвае ўласны іранічны погляд наконт гэтага. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:
"Сама форма пастаноўкі пляну і лёзунгу выкрывае інтэлектуальнае ўбоства рэжыму: ідэя па-нэкрафільску эксгумавана з позьняга Брэжнева — гэта там былі "год апрадзяляюшчы", "год рашаюшчы", "знак якасьці" ды іншыя шаманскія заклінаньні.
Па-другое, задача пастаўлена максымальна неканкрэтна і расплывіста, так бы мовіць, мэтадычна заганна. Кожная рэч мае сваю якасьць. Дык на якую напіраць? На якасьць гною? На якасьць яек з-пад курэй? На якасьць зімовага стойлавага ўтрыманьня насельніцтва?
Што да мяне, то я гэны некрафільскі лёзунг найперш зьвязваю зь якасьцю прэзыдэнта, улады, што ўрэшце павінна выліцца ў максымальна якасны летні пашавы пэрыяд утрыманьня насельніцтва і, вядома ж, у наступны якасны зімовы стойлавы пэрыяд.
Але ж ці памерала ўлада патрабаваньне якасьці на сябе?
...Тэсты выпускнікі здалі слаба. Яно і зразумела: рэфармацыі... Цэлы год укралі ў дзяцей, недавучылі.
Прэзыдэнцкае пасланьне было наогул правальнае — на "кол" па старой сыстэме адзнак. Але ў нас багата невідушчых: не заўважылі...
Прэзыдэнт мітусіцца, хоча неяк разжыцца грашмі, цягне з хаты нажытае народам дабро і прадае, як той наркаман ці алькаголік, за бесцань. Канькае пазыку па суседзях, як алкаш ля манаполькі. Здаецца, і шаснаццаць год трэніруецца, але калхозная звычка канькаць і камандаваць усім — непазбыўная", — піша ў сваім лісьце на "Свабоду" Мікола Бусел. — Апазыцыя патанула ў шклянцы вады. Якая тут якасьць?
Выбары ў мясцовыя саветы? Яно як пазіраць. Як са званіцы ўлады, дык якасныя. А як на цьвярозы розум — то іх як бы й не было...
Здаецца, толькі чыноўніцы ад адукацыі зразумелі, чаго ад іх хочуць, і з імпэтам учапіліся ў горла гарапашным настаўніцам: давай якасьць! Тут можна згадаць пра недавучак з дыплёмамі ВНУ, што ня ўмеюць рашаць задач па арытмэтыцы, пра выпускніц ПТВ-каледжаў, што навучаюць дзетак чужым мовам, пра загады не вэрбаваць на працу ў навучальных установах выдатнікаў, бо яны багата ведаюць і нязручныя ў эксплюатацыі.
Пра цэны. Нават ня ведаю, як іх назваць. Як для прадаўцоў, то мо яны й файныя. А як для пакупнікоў, то — паскудзтва.
І вось, пакруціўшыся, як уюн на патэльні, жабаю палез наш прэзыдэнт у пашчу расейскай вужакі. Пра якасьць падпісаных дакумэнтаў таксама ні зыку. Дык пра што гаманіць?
Не, неканкрэтна і па-шахрайску пастаўлена гэта задача перад народам. Відаць па ўсім, нас чакае цяжэнны зімовы стойлавы пэрыяд".
Чытаў я, спадар Мікола, гэты ваш ліст і ўзгадваў старыя прапагандысцкія лёзунгі савецкай эпохі. Напрыклад, такі: "Пяцігодцы эфэктыўнасьці і якасьці — рабочую гарантыю", альбо "Харчовая праграма — справа ўсенародная"… Людзі тады беспамылкова вызначалі: назвалі ўлады так пяцігодку — значыць, і з эфэктыўнасьцю, і зь якасьцю — справы дрэнь; загаласіў рэжым пра Харчовую праграму — чакай, што ў малочным і мясным аддзелах гастранома чэргі яшчэ больш вырастуць. Што адметна: адагналі камуністаў ад уладнага стырна, зьліквідавалі манаполію дзяржавы на вонкавы гандаль, далі прадпрымальным людзям хоць мінімум эканамічнай свабоды — і без усялякіх харчовых праграмаў у крамах зьявіліся і каўбасы, і мяса, і масла. А чэргі — галоўны сымбаль камуністычнай эпохі — самі сабой зьніклі.
Чаму ў Беларусі так шмат людзей, залежных ад алькаголю? Існуе меркаваньне, што п’юць там, дзе бедна жывуць, дзе людзі ня могуць рэалізаваць сябе. У нашага слухача Міколы Віцязя зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну — уласнае меркаваньне наконт гэтага. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:
"П’юць на Беларусі не таму, што бедна жывуць, а таму, што адбылася люмпэнізацыя сялянства. Бальшавікі абрабавалі селяніна, забралі ў яго зямлю, маёмасьць, прылады працы, прымусілі працаваць у калгасе за так званыя "працадні". Людзей пазбавілі спрадвечнага ладу жыцьця, адказнасьці за сваю зямлю, падарвалі маральныя прынцыпы, што панавалі на вёсцы.
Савецкі атэістычны лад спрыяў нараджэньню іншых традыцыяў. Якое-небудзь дробнае бальшавіцкае сьвята — абавязкова папойка, атрымаў заробак — трэба "замачыць"…
Бацька расказваў: за польскім часам за тое, што пасеяў на агародзе тытунь, маглі пасадзіць на месяц у турму альбо аштрафаваць на буйную суму — 150 злотых (гэта быў кошт каровы). Турмы баяліся як агню. Гэта ж вялізныя страты для селяніна: хто будзе правіць гаспадарку, калі ты за кратамі? Пры Саветах ужо казалі па-іншаму: "Тюрьма — дом родной".
Наша вёска была хутарная: каля 180 хат. П’яніцаў было двое. Нам, падлеткам, бацькі паказвалі іх як найвялікшы нэгатыўны прыклад, якога трэба баяцца як агню.
Але потым усё зьмянілася. У мой кляс у вячэрняй школе, дзе я быў клясным кіраўніком, перайшла дзяўчына зь дзённай школы. Да яе стаў заляцацца хлопец, які працаваў на заводзе і, бывала, прыходзіў на заняткі "пад мухай". Неяк я разгаварыўся зь ёй пра гэта. Дзяўчына на мае перасьцярогі адказала: "А зараз усе п’юць". Зь яе жыцьцёвых назіраньняў вынікала, што гэта ўжо не загана і ня сорам.
Савецкая прапаганда ўводзіла людзям у вушы, што партыя і ўрад клапоцяцца пра іх. Гэта нараджала ўтрыманства і безадказнасьць за ўласны лёс. Ці не таму нашы людзі так лёгка паверылі абяцанкам кіраўніка, калі ішлі галасаваць?
А яшчэ я думаю: калі ў Беларусі так расквітнела п’янства — значыць, гэта некаму патрэбна. Пры Саветах 1 кіляграм мяса каштаваў столькі ж, колькі бутэлька гарэлкі. Зараз мяса прынамсі ў чатыры разы даражэйшае. Вось над чым трэба задумацца. Кажуць, калі два стагодзьдзі таму ў расейскай імпэратрыцы Кацярыны Другой замежнікі пыталі, чаму ў Расеі так шмат п’юць, яна адказвала, што п’яным народам лягчэй кіраваць".
Сапраўды, Беларусь сьпіваецца. Той узровень вырабу і спажываньня алькаголю, які так палохаў у "застольна-застойную" брэжнеўскую эпоху, які быў прадметам высьмейваньня і лічыўся ўзорам найвялікшай безадказнасьці ўлады — у сёньняшняй Беларусі даўно перавышаны. Гарэлка стала значна больш даступнай і таннай, чым была ў БССР. Пра пагрозу алькагалізацыі калі хто і гаворыць, дык хіба толькі мэдыкі. Чыноўнікі звычайна адказваюць на гэта агульнымі дэклярацыямі і абяцаньнямі. Лічыцца, што так званыя "п’яныя" рублі — вялікая і важная частка дзяржаўнага бюджэту. Ня будзе іх — за якія грошы фінансаваць сацыяльныя праграмы, будаваць тыя ж лядовыя палацы, якія так падабаюцца ўладзе? Хоць лёгіка тут сумнеўная: атрымліваецца, каб дваццаць падлеткаў сталі хакеістамі, некалькі тысяч іхных равесьнікаў трэба "падсадзіць" на піва і барматуху пад гарэзьлівай назвай "Крыжачок"?
На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў тых слухачоў, якія выказваюцца наконт ролі Радыё Свабода ў сваім жыцьці, разважаюць пра пачутае ў нашым эфіры. Вось што піша Тамара Умрэйка зь Менску:
"Мне 62 гады. Амаль палову жыцьця слухаю Радыё Свабода. Калісьці на пачатку 80-х гадоў яно сталася для мяне сапраўдным вакенцам у годны чалавечы сьвет, абудзіла цікавасьць да беларускай гісторыі ды культуры. Бо хоць я і мела гуманітарную адукацыю, галава была забіта рознымі савецка-расейскімі мітамі. Зараз атрымліваць інфармацыю значна прасьцей: ёсьць незалежныя выданьні, інтэрнэт, Белсат. Але "Свабода" па-ранейшаму застаецца для мяне на першым месцы".
Аўтара наступнага ліста — Алену Напорка зь вёскі Браносава Карэліцкага раёну — таксама шмат што ў жыцьці зьвязвае з Радыё Свабода. Слухачка піша:
"Знаёмства са "Свабодай" пачалося ў мяне ў далёкім ужо 95-м годзе, падчас галадоўкі і наступнага зьбіцьця дэпутатаў ад БНФ. І хоць у той час яшчэ выходзілі незалежныя газэты ("Свабода", "Імя", БДГ, "Газэта Андрэя Клімава" ды іншыя), але кожны вечар мы шукалі хвалю "Свабоды", каб пачуць цудоўныя пазыўныя — мэлёдыю песьні "Люблю мой край", даведацца праўдзівыя навіны, пачуць камэнтары разумных людзей, думкі дасьведчаных спэцыялістаў.
Зараз я на вёсцы, але стала жыву ў Менску і дапамагаю, чым магу, у тым, каб у нашай краіне адбыліся зьмены да лепшага".
За многія дзесяцігодзьдзі нашы слухачы прывыклі настройвацца на хвалю "Свабоды" пераважна з дапамогай кароткахвалевых прымачоў. Але цяпер надышла іншая тэхнічная эпоха. Усё часьцей мы атрымліваем зьвесткі наступнага кшталту:
"Слухаю "Свабоду" праз спадарожнік дома, пасьля 21-й гадзіны, — піша нам Ільля Петрушэнка зь Менску. — Шкада толькі, што спадарожнікавы прымач — рэч не мабільная, за сабой па кватэры не пацягаеш. А ўключаць так, як некаторыя ўключаюць сваю музыку і перашкаджаюць тым самым суседзям, я не хачу. (Хаця некаторым зь іх было б няблага паслухаць трошкі праўды аб краіне, у якой жывуць). Бывае, што надараецца часінка паслухаць і на працы праз інтэрнэт (нашы адміністратары заблякавалі ўсе папулярныя сайты для пампаваньня непрацоўных рэчаў, але, на жаль ці на шчасьце, "Свабода" ў некаторых асяродках не настолькі вядомая, каб яе блякаваць)… Радзей слухаю на сярэдніх хвалях у машыне, калі еду за горад ці па менскай кальцавой дарозе. На апошняй вельмі шмат слупоў высокага напружаньня, таму часьцяком з-за трэску слухаць немагчыма. А слухаць вас прыемна".
На працягу некалькіх мінулых месяцаў у нашым эфіры часта гучала імя Васіля Быкава, ягоны голас. Пра вялікага пісьменьніка, памяць пра якога ў Беларусі дагэтуль годным чынам не ўшанавана, выказваюцца ў сваіх лістах і нашы слухачы. У прыватнасьці, Мікалай Багданаў зь Менску піша:
"Не было на сьвеце іншага пісьменьніка, які б так паказаў жахлівы твар вайны вачамі простага чалавека, уцягнутага ў гэтае жарало паміма ягонай волі. На маю думку, ні Рэмарк, ні Хэмінгуэй не змаглі зрабіць гэта лепей за нашага вялікага земляка. Мае дзіцячыя ўспаміны вайны ажываюць кожны раз, калі я перачытваю Быкава. А ягоныя апошнія творы — "Сьцяна" і асабліва "Жоўты пясочак" — гэта міні-шэдэўры, якія няможна чытаць бязь сьлёз. Гэта вялікая праўда пра наша праклятае савецкае мінулае".
Дзякуй, шаноўны спадар Мікалай, Вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.