Наступным пасьля Саакашвілі інтэрвію БТ дасьць Затлерс

Прэзыдэнт Латвіі Валдыс Затлерс

Першы канал Беларускага тэлебачаньня праанансаваў інтэрвію з прэзыдэнтам Латвіі Валдысам Затлерсам. Яно будзе паказана ў запісе ў чацьвер, 22 ліпеня ў 21:55 пасьля выпуску навінаў.

Як падае расейскае інфармацыйнае агенцтва REGNUM Новости, мяркуючы па ўсім, БТ хоча даць трыбуну ўсім прэзыдэнтам, якія праводзяць антырасейскую лінію. Пасьля Саакашвілі “бачаньне дэмакратыі і сувэрэнітэту ад “імпэрскага замаху”, у якой нэанацызм стаў краевугольным каменем дзяржаўнай ідэалёгіі”, прадэманструе латвійскі кіраўнік Затлерс.

Цяперашні кіраўнік Латвіі Валдыс Затлерс абраны прэзыдэнтам у 2007 годзе. Паводле адукацыі, ён дыплямаваны лекар, удзельнік ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Некалькі гадоў таму, наведваючы Менск, Затлерс адзначаў, што лічыць Беларусь вельмі важным эканамічным партнэрам Латвіі, асабліва ў такіх галінах як экалёгія, турызм, ахова межаў, барацьба са злачыннасьцю. Аднак асновай усяму, паводле Затлерса, зьяўляецца эканоміка.