Расейская мэдыя-атака на Лукашэнку

Аляксандар Лукашэнка

Расейскія мэдыі працягваюць інфармацыйную атаку супраць Аляксандра Лукашэнкі. Цягам выходных антылукашэнкаўскія сюжэты паказалі Першы канал ды дзяржаўны тэлеканал "Расея", злосным артыкулам разрадзіўся "Московский комсомолец", беларуская тэматыка была галоўнай у эфіры радыёстанцыі "Эхо Москвы". Якую мэту перасьледуе расейская палітычная эліта?

У інтэрвію інфармацыйнай праграме "Вести" на канале РТР публіцыст, сябра Грамадзкай палаты Мікалай Сванідзэ наўпрост заявіў: самае лепшае, што зараз можа зрабіць Аляксандар Лукашэнка — гэта адысьці ад улады:

Мікалай Сванідзэ
"Увогуле — чалавек, які думае толькі пра сваю ўладу. Кожны яго палітычны ход зьвязаны з тым, як ён на дадзены момант успрымае свой інтарэс у сэнсе захаваньня ўлады. Зараз ён хоча спадабацца Захаду, таму ён гранічна жорсткі шлях выбірае ў адносінах з Расеяй — хамскі і грубы. Паказ інтэрвію Саакашвілі па дзяржаўным канале — гэта проста грубасьць. Але Захаду ён не спадабаецца паводле азначэньня (чаго ён, відавочна не разумее), бо ён у вачах Захаду ўсё роўна дыктатар. Расея — адзіная краіна, якая яго абсалютна дарэмна (я гэта заўсёды гаварыў) заўсёды адмазвала перад Захадам. Казала: ён добры, ён белы, ён пушысты. На самой справе дарэмна казалі — ён ня белы і не пушысты. Але як толькі Расея перастае гэта рабіць (а ён робіць усё дзеля таго, каб яна перастала), ён у вачах Захаду застаецца апошнім дыктатарам, які можа зрабіць толькі адну добрую рэч — а менавіта адысьці ад улады, адмовіцца ад яе. Але на гэта ён не гатовы".

Паказаў сюжэт, прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку, і Першы расейскі канал. Кіраўнік Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Ўладзімер Жырыноўскі ня надта падбіраў выразы, безапэляцыйна заяўляючы, што Лукашэнка незаконна знаходзіцца ва ўладзе. Жырыноўскага перадусім абурыла паказанае Беларускім тэлебачаньнем інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі:

Уладзімер Жырыноўскі
"Гэта два чалавекі, якія, канечне, нанесьлі максымальную шкоду на постсавецкай прасторы. Абодва незаконна знаходзяцца ля ўлады шляхам ціску, шантажу, сілавога здушэньня апазыцыі. І ў Грузіі трупы, і ў Беларусі трупы. І ў Грузіі закрываюць газэты, тэлебачаньне, і ў Беларусі. То бок — два дыктатары: адзін на Каўказе, другі тут, на мяжы з Польшчай. І яны, як рыбак рыбака, бачаць здалёк. Лукашэнка разумее, што яму канец. Але Бакіеў да яго прыбег. А Лукашэнка куды паедзе? Толькі ў Тбілісі. Яго нідзе ня прымуць. Таму яны і сустракаюцца зараз. І Саакашвілі разумее, што яму давядзецца ўцякаць. Вось яны адзін аднаго, дыктатары, падтрымліваюць, каб у будучыні мець магчымасьць адступленьня".

Асабліва адзначыўся ў крытыцы беларускага кіраўніка "Московский комсомолец". Матэрыял пад назвай "Батьку кроют по компроматери" суправаджаецца карыкатурай, на якой Лукашэнка намаляваны ў нацысцкай форме і прыводзіцца ягоная цытата: "Не ўсё было дрэнна ў Нямеччыне пры небезьвядомым Адольфу Гітлеру".



Аўтар публікацыі Ігар Кармазін, у прыватнасьці, піша: "Калі Масква ўсур'ёз зьбіраецца пазбавіцца ад незгаворлівага бацькі, зараз павінны ўзяць слова не журналісты, а палітыкі. Калі ж палітычныя лідэры прамаўчаць, значыць, інфармацыйная кампанія стала толькі ўкусамі крыўды без сур'ёзных намераў":

"Для многіх расейцаў, безумоўна, гэта адкрыцьцё. Шмат каму гэтыя сюжэты, публікацыі адкрылі вочы. І думаю, што зьмяніць грамадзкую думку расейцаў у адносінах да Лукашэнкі, канечне, магчыма. Але лепш за ўсё расейцам гэта рабіць, непасрэдна сутыкаючыся зь беларускімі рэаліямі. Цяпер у Расеі, у прынцыпе, многія досыць пазытыўна ацэньваюць дзейнасьць Лукашэнкі, але ў той жа час людзі ня ведаюць, як даецца беларускаму народу праўленьне Лукашэнкі, як ён ставіцца да апазыцыі, якія цяжкасьці ў эканоміцы краіны. Расейцы ж бачаць пераважна чыстыя дарогі і адсутнасьць гастарбайтэраў. То бок толькі непасрэдныя моманты, якія кідаюцца ў вочы".

Галоўны рэдактар радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксей Венядыктаў у эфіры праграмы "Асобная думка" выказаў меркаваньне, што распачатая супраць Лукашэнкі інфармацыйная атака скіраваная перадусім на расейскага гледача, які доўгі час знаходзіўся ў палоне ілюзіяў адносна Лукашэнкі:
фільм быў накіраваны да расейскага народу, што вельмі важна ...

"У гэтых фільмах не было нічога такога, каб "Эхо Москвы" не расказвала пра Аляксандра Лукашэнку, прэзыдэнта Беларусі, на працягу апошніх 10 гадоў. Ніводнага новага факта з палітычнага жыцьця мы не прапускалі. І зьнікненьне людзей, і магчымасьць захаваньня грошай за мяжой, і расправа з апазыцыяй, і станаўленьне дыктатарскага рэжыму, і асабісты характар "бацькі" (паколькі яго там усе называюць "бацькам", гэта не прыніжальна) — мы пра ўсё гэта расказвалі. Пра гэтага чалавека, апошняга дыктатара Эўропы, мы пра ўсё расказвалі. Безумоўна, сэрыял, які зьявіўся на тэлеканале НТВ, ня мог выйсьці без рашэньня нейкіх людзей у Крамлі ці ў Белым доме. Гэта відавочная палітычная гісторыя. Справа ў тым, што гэты фільм, паказаны НТВ, на тэрыторыі Расеі выйшаў, а на НТВ, якое трансьлюецца на тэрыторыі Беларусі, ня выйшаў. То бок ён ня быў накіраваны да беларускага народу. Ён быў накіраваны да расейскага народу, што вельмі важна".