Выдавец, журналіст і краязнаўца. Нарадзіўся 56 гадоў таму на чыгуначнай станцыі Ўборак Асіповіцкага раёну. Скончыў політэхнічны інстытут. Сябра і адзін з заснавальнікаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, стваральнік і кіраўнік прыватнага выдавецтва, аўтар дакумэнтальных кніг “Магдалена Радзівіл. Белы лебедзь у промнях славы”, “Трагедыя белай гвардыі” (пра час Кастуся Каліноўскага) “Кроў і попел Дражна”. Жыве ў Менску.
Што для вас свабода?
Гэта ўмова існаваньня мяне ў сусьвеце як невялікага кавалку матэрыі, яе біялягічнага віду. А яшчэ – усьвядомленая неабходнасьць (калі па-марксісцку).
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Грамадзтва. Гэта вядома з падручнікаў. Грамадзтва, якое абрала для сябе прымальную форму кіраваньня і не ўлічвае маіх асабістых памкненьняў і пажаданьняў. Калі я жадаю увекавечыць памяць пра загінулых і прымаю ўдзел у цырымоніі ўсталяваньня крыжа на месцы іх гібелі, грамадзтва саджае мяне ў пастарунак. Пры гэтым волю грамадзтва выконвае адзін з інстытутаў улады. У нашага грамадзтва існуе свая мараль: ня лезь, не высоўвайся, а табе гэта трэба?
Што для вас шчасьце?
Гэта – свабода духу, магчымасьць рэалізацыі сябе і сваіх здольнасьцяў у адпаведнасьці з задумай Божай. Я дасягнуў прафэсійнага майстэрства ў розных галінах, але па-сапраўднаму я шчасьлівы выключна ад таго, што ніводнага разу, нідзе не спакусіўся на ўладу і сам ня стаў падначаленым-рабом. Я шчасьлівы ад таго, што сям'я ўспрымае шчасце таксама цераз свабоду духу і ад гэтага робіць і сваё, маё існаваньне па-сапраўднаму шчасьлівым незалежна ад матэрыяльнага дабрабыту.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што ўнукам дастанецца Беларусь з яе сучаснымі ўзаемадачыненьнямі чалавека і грамадзтва.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент – гэта ад Бога, маё жаданьне тут нішто. Таму, як сказаў паэт: «Не прасі нічога ў Бога, ён і так табе ўсё даў».
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Быкавым. Але ўжо ня толькі і ня столькі яго творчасьцю, як яго ўменьнем жыць праўдзіва ва ўмовах хлусьні і здрады. Яго самааданасьць, самаахвярнасьць проста ўражваюць. З жанчын – Магдаленай з Завішаў, якая таксама аддавала ўсё для радзімы, а памерла выгнаньніцай.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Люблю дасьледаваць мінуўшчыну, люблю раз на год сустракацца з аднаклясьнікамі, люблю праектаваць машынабудаўнічыя канструкцыі. А яшчэ люблю пісаць і знаходжу асалоду ад гэтага.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Быць пільным. Вораг побач.
Які ваш улюбёны дэвіз?
На свабоду - з чыстым сумленьнем!
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Выключна ў дэмакратыі, дзе народ з'яўляецца адзінай легітымнай крыніцай улады.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Толькі ў Беларусі. Тут жылі мае продкі (ведаю радавод з 1756 году), жывуць і будуць жыць мае нашчадкі.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Я зьбіраўся ўсмак пажыць ў Беларусі ў эпоху прэзыдэнта Гарбачова. Не дачакаўся, ськінулі. Я зьбіраўся ўсмак пажыць у Беларусі ў эпоху прэзыдэнта Лукашэнкі. Не дачакаўся…Хачу пажыць у эпоху НЕПРЭЗЫДЭНЦКАЙ, вольнай Беларусі, у якой будзе шанавацца чалавек і яго воля.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Я прапанаваў бы скасаваць інстытут прэзыдэнцтва. У вёсцы бабы зьбяруцца, пагавораць, абгавораць суседку і кожная зь іх пойдзе зь перакананнем таго, што яна ўсё ж мудрэйшая за іншых, бо ў пэўным месцы прамаўчала. У Беларусі ніколі не было прарокаў. Дарэмна некаторыя гісторыкі зьневажаюць дзяржаўны лад ВКЛ, дзе калектыўная рада была асновай існаваньня нацыі.
Мы вернемся да Сэйму. Відавочна, патрэбна і рэарганізацыя Саўміну. Сёньня міністры не аднадумцы, а футбалісты. Старая схема Саўміну была добрай для прымусовага выкананьня ўказаў, патрэбна новая структура, якая б больш гнутка працавала ва ўмовах рынкавых адносін. Зразумела, што ўся вэртыкаль улады павінна быць абрана народам, а не прызначана ( у тым ліку і судзьдзі).
Я ўсімі сродкамі імкнуўся б ліквідаваць бездань, якая існуе паміж беларусам, занятым у сфэры вытворчасьці, і беларусам ад культуры. Іспыты па мове і гісторыі краіны сталі б умовай прасоўваньня на любую пасаду. Але я не зьбіраюся быць кіраўніком Беларусі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
А Эўразьвяз – гэта хто? Калі ён мужчына, то, пэўна шлюбныя адносіны павінны быць, зарэгістраваныя. Праўда, калі Беларусь гуляшчая, то гэта не дапаможа і шлюб распадзецца. Мужык можа ўтрымліваць некалькі жонак, калі грошы ёсьць, а вось служыць за жонку адначасова двум мужыкам… Усе народы маюць на гэты конт дакладна вызначаныя азначэньні распусты.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Шчырыя, сяброўскія, як і зь іншымі краінамі. Войны распачынаюць палітыкі, а не народы. Я добра ведаю гісторыю стасункаў з Расеяй, яе захопніцкую палітыку ў адносінах да Беларусі раней і цяпер, расейскі шавінізм, але я супраць таго, каб выхоўваць у сабе і акружаючых непавагу да гэтай нацыі. Як раней, так і цяпер беды беларусаў у іх саміх. Усе абыходзяць бамжа, ад якога патыхае смуродам - і расейцы, і палякі, і ўкраінцы.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Я адказаў бы, што для мяне свабода – гэта ўмова майго існаваньня. Я не прымаю ніякага дыктату. Немцы ў свой час шанавалі Гітлера, гэта прывяло да глябальнай катастрофы. Беларускі дыктатар можа давесьці да таго ж. Калі мне сёньня даводзяць, як некалі і ў СССР, лічбы эканамічнага росту, а ў крамах кошты вышэй за эўрапейскія, ці калі кажуць пра будаўніцтва цэмэнтавых заводаў, а ў біблітэцы кніжку няма за што купіць і бібліятэкарку прымушаюць ледзь не гандляваць сабой, каб выканаць платныя паслугі, ці калі дырэктара завода садзяць у турму за тое, што вырашыў купіць абсталяваньне самастойна, а не ў таго, на каго паказалі зьверху, ці калі прымушаюць падпісвацца на ўрадавыя газэты, то гэта далёка ня ўсе рэаліі НЕДЭМАКРАТЫЧНАЙ формы праўленьня НАШАЙ улады. Такія падыходы я не прымаю.
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Улада зьменіцца, калі гэтага пажадае прэзыдэнт. Як, у якой форме будзе ажыццяўляцца яго жаданьне - сёньня сказаць цяжка. Гісторыя ня ведае іншых прыкладаў формы зьмены ўлады ў той сытуацыі, якая склалася ў Беларусі. Мары аб рэвалюцыі – гэта толькі мары. Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты сказаў, што прывядзе людзей на плошчу. Мо колькі моладзі і прывядзе. Аднак скончацца выбары і мы ўсе зноў будзем жыць чарговым чаканьнем. Чытайце Леніна. Наконт рэвалюцый ён быў вялікі мастак.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
На працягу году пасьля зьмены ўлады ці кардынальна супрацьлеглых падыходаў да моўнага пытаньня пры існуючай уладзе.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Загавораць. Для таго, каб яны загавырылі, дастаткова аднаго ўказу ці пастановы Сэйму. Беларус кажа: «Быў на гулянцы і прышоў цьвярозым, бо прымусу не было».