У Рагачоўскім раёне міліцыянт застрэліў дзяўчыну

Сёньня ў бацькоўскі дом у вёсцы Драгунск Рагачоўскага раёну прывезьлі з моргу 22-гадовую дзяўчыну. Яе ў купальскую ноч сьмяротна параніў з пісталета ўчастковы міліцыянт.

Дзяўчына памерла напярэдадні ў аддзяленьні рэанімацыі Рагачоўскага раённага шпіталю. Лекары, як маглі, змагаліся за яе жыцьцё, але вогнепальная рана галавы была настолькі сур’ёзнай, што ўратаваць дзяўчыну не ўдалося.

Забітая міліцыянтам дзяўчына працавала бухгалтэрам ў сельгаспрадпрыемстве “Новыя Журавічы”. Сюды яна прыйшла год таму з сельгаскааператыву “Хатоўня” – пасьля аб’яднаньня дзьвюх гаспадарак.

Каляжанка забітай дзяўчыны апавяла:

“Яна ў Магілеве скончыла каледж. Старалася. Я яе вучыла – мы пуцявые лісты разам афармлялі. Яна была як бы маёй вучаніцай. Стары чалавек, калі памірае, шкада, а гэта ж – маладое. Дваццаць два гады! Насуперак жыцьця, як у нас кажуць. І жудасна, і крыўдна, і шкада”.

Дзесяць дзён таму, у ноч з 6 на 7 ліпеня, у Журавічах сьвяткавалі Купальле. Там дзяжурылі міліцыянты Рагачоўскага райаддзелу ўнутраных спраў.

Інфармацыйныя агенцыі паведамлялі, што позна ўвечары трое міліцыянтаў пасадзілі трох мясцовых дзяўчат да сябе ў аўтамашыну і паехалі зь імі ў мястэчка Доўск. У аўтамашыне ўчастковы інспэктар і параніў сьмяротна з табельнага пісталета 22-гадовую дзяўчыну.

Гомельская абласная пракуратура распачалат крымінальную справу паводле часткі 1 артыкулу 14 і артыкулу 139 Крымінальнага кодэксу – замах на злачынства й забойства. Вядзецца сьледзтва. Участковы міліцыянт затрыманы. Яму 34 гады, ён жанаты, мае дваіх дзяцей. Жыве ў Доўску, а працуе ўчастковым міліцыянтам у Курганскім сельскім савеце. Адначасова тут ён зьяўляецца й сельскім дэпутатам.

Старшыня сельскага савету засмучаны здарэньнем:

“Дзяўчыну шкада й яе бацькоў. І ўчастковага нашага шкада. Цяжка нам без яго. Такі чалавек, што ні ў чым не адмаўляў. Трэба куды паехаць, пагутарыць зь людзьмі, алкашоў паганяць – заўсёды адклікаўся. І нават ініцыятарам быў”.

Кіраўнік савету ня верыць пагалосцы, што ўчастковы сам выстраліў дзяўчыне ў галаву:
Ня мог ён так, як тут у нас розгалас пайшоў, выстраліць сам. Не, ня мог ...

“Ня мог ён так, як тут у нас розгалас пайшоў, выстраліць сам. Не, ня мог. Такое ўражаньне ад чалавека, што ён ня можа так вось выстраліць, які б ён ня быў. Напэўна, выпадкова. Я лічу, што выпадкова”.

У хуткім часе пасьля трагічнага выстралу сайт МУС паведаміў, што, паводле папярэдняй інфармацыі, “выстрал адбыўся выпадкова”. Разам з тым, ведамства адзначыла: “першапачатковая праверка па згаданым факце паказала, што прафэсыйная падрыхтоўка ў райаддзеле не была арганізавана на належным узроўні”.

У сваю чаргу намесьнік міністра ўнутраны спраў Анатоль Курылец публічна пакамэнтаваў здарэньне: “Гэта трагэдыя для сям’і пацярпелай і сапраўдная ганьба для ўсёй сыстэмы ворганаў унутраных спраў”.