Сяргей Каваленка дужа схуднеў, але працягвае галадоўку пратэсту

Сяргей Каваленка, архіўнае фота

Віцебскі сябар КХП БНФ галадуе ў ізалятары часовага ўтрыманьня з 9-га ліпеня. Сяргей Каваленка распачаў галадоўку на знак пратэсту супраць несправядлівых, на ягоную думку, затрыманьняў і пакараньняў.

Сярей Каваленка галадуе ў кепскіх умовах: у камэры ізалятара часовага ўтрыманьня вельмі душна, на вуліцу затрыманага не выводзяць і перадаваць яму пітную ваду не дазваляюць.

На сьвежым паветры затрыманы актывіст быў за апошні час усяго двойчы: калі яго вывозілі ў суд. Апошні раз гэта было ўчора. Сваякі, якія прыйшлі падтрымаць Сяргея, прапанавалі яму паберагчы здароўе і спыніць галадоўку. Ён адмовіўся. Перадаць затрыманаму пітной вады не дазволілі ахоўнікі-міліцыянты, распавёў па тэлефоне малодшы брат актывіста Віталь Каваленка:

“Мы прынесьлі яму паесьці, а ён ня ўзяў. Ваду ўвогуле перадаць не дазволілі. Так што ён там галадуе і пье ваду з-пад крана”.

Віталь распавёў, што брат істотна схуднеў, але трымаецца добра:

“Відаць, што схуднеў, і схуднеў дужа. І стомлены такі, выглядае дужа стомленым. Але на здароўе ня скардзіцца і душэўны стан добры, нішто сабе”.

ГаладавацьСяргей Каваленка зьбіраецца да самага выхаду зь ізалятару часовага ўтрыманьня. Ён трапіў туды ўвечары 8-га ліпеня, і мае вайсьці на волю заўтра пасьля 10-й вечара.

Нагадаем, што віцебскі актывіст адбывае дысцыплінарны арышт, накладзены на яго кіраўніцтвам Першамайскага райадзьдзела міліцыі за парушэньне рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня.

Сяргей Каваленка прысуджаны да трох гадоў абмежаваньня волі “умоўна” за тое, што 7-га студзеня ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы, а таксама за непадпарадкаваньне міліцыянтам падчас затрыманьня.

Парушэньне рэжыму палягала ў тым, што 8-га ліпеня Сяргей Каваленка вярнуўся дахаты пазьней як а 21-й адзіне. Маці актывіста, Лідзія Каваленка, кажа, што міліцыянты самі справакавалі спазьненьне: чакалі, калі сын будзе вяртацца, і не ўпусьцілі ў пад’езд, пакуль ня выйшаў кантрольны час.

На знак пратэсту супраць апошняга затрыманьня, а таксама ранейшых затрыманьняў, калі актывіста вінаваціцлі ў дробным хуліганстве і на некалькі сутак зьмяшчалі пад варту, Сяргей Каваленка і абвясьціў галадоўку пратэсту.

Ён кажа, што абвінавачаньні супраць яго непраўдзівыя, і затрымліваюць яго толькі з адной мэтай – каб ён ня ладзіў у горадзе акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.Таму і здараюцца прэвэнтыўныя затрыманьні якраз напярэдадні нейкіх значных мерапрыемстваў – перад Днём Перамогі, Днём горада, Днём Незалежнасьці 3-га ліпеня, перад пачаткам “Славянскага базару”.

Сваякі непакояцца, што адміністрацыйныя парушэньні, зафіксаваныя падчас адбыцьця “умоўнага” пакараньня за нацыянальны сьцяг на навагодняй ёлцы, могуць стаць падставай для перагляду прысуду. І замест “умоўнага”Сяргею Каваленку могуць прысудзіць пакараньне на “хіміі” ці нават турэмнае зьняволеньне.