Першы расейскі тэлеканал паказаў чарговы антылукашэнкаўскі сюжэт

Першы канал расейскага тэлебачаньня паказаў у выпуску вечаровых навінаў, які ідзе жыўцом па беларускім канале ОНТ а 20-й гадзіне паводле менскага часу, сюжэт “Беларуская апазыцыя патрабуе распачаць крымінальную справу ў сувязі з выхадам фільму "Хросны бацька-2".

Маскоўскія журналісты ўказваюць на дзіўныя паводзіны беларускіх праваахоўных органаў, якія ніяк не прарэагавалі на абвінавачваньні аўтараў фільму НТВ адносна датычнасьці кіраўніка беларускай дзяржавы да зьнікненьня апанэнтаў яго рэжыму 11 гадоў таму.

Першы маскоўскі тэлеканал дае слова лідэру АГП Анатолю Лябедзьку, які разам зь іншымі сябрамі апазыцыі зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць беларускага кіраўніцтва ў сувязі з магчымым дачыненьнем да злачынства, зьвязанага са зьнікненьнем людзей. Паводле ягоных словаў, апазыцыя зьбіраецца таксама зьвярнуцца ў Эўрапарлямэнт адносна правядзеньня спэцыяльных слуханьняў.

У сюжэце таксама прыводзяцца ўрыўкі з учорашняга інтэрвію “адваката Лукашэнкі” – прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі 1 каналу БТ, інтэрвію расейскіх палітыкаў Барыса Грызлова, Генадзя Зюганава і Ўладзіміра Жырыноўскага ў гэтай сувязі.

Даецца слова і замежным экспэртам – Дэвіду Крэймеру з аналітычнага цэнтру Джоржа Маршала ў ЗША і нямецкаму аналітыку Аляксандру Рару.



Пазьней па першым канале Беларускага тэлебачаньня ў выпуску навінаў была паказаная сустрэча беларускіх журналістаў зь Аляксандрам Лукашэнкам падчас яго паездкі ў Гомельскую вобласьць. Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў адносна беларуска-расейскіх стасункаў. Сярод іншага ён адзначыў, што Беларусь ня будзе адказваць брудам на інфармацыйны бруд, які вылівае Расея.

У тым жа выпуску вядучы інфармацыйны праграмы працытаваў публікацыю ў адным са швэйцарскіх выданьняў, дзе Расея была названая “ненадзейнай і небясьпечнай краінай”.