Упершыню суд апраўдаў Сяргея Каваленку

Сяргей Каваленка, архіўнае фота.

Віцебскага актывіста, які адбывае пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня і галадуе на знак пратэсту, у пятніцу прывозілі ў Першамайскі раённы суд.

Судзьдзя Віктар Калбун, разгледзеўшы міліцэйскія пратаколы, складзеныя на апазыцыянэра 25 чэрвеня, вырашыў скасаваць судовую справу. Паводле судовага рашэньня, у дзеяньнях Сярея Каваленкі не было складу правапарушэньня.

Актывіста затрымалі 25 чэрвеня, калі ў Віцебску адзначаўся Дзень гораду. Сяргей Каваленка ішоў па Маскоўскім праспэкце ў бок плошчы Перамогі, дзе адбываліся сьвяточныя імпрэзы. Супрацоўнікі міліцыі, якія яго затрымлівалі, запісалі ў пратаколе, што актывіст брыдкасловіў і гэтым парушаў правапарадак.

Сяргею Каваленку ўдалося давесьці, што факту хуліганства не было. Гэта пацьвердзілі сьведкі, якія на той час знаходзіліся побач. І судзьдзя скасаваў судовую справу.

Аднак Сяргей Каваленка кажа, што гэта ня мае істотнага значэньня: пасьля затрыманьня ён двое сутак правёў у зьняволеньні. Актывіст лічыць, што яго затрымалі прэвэнтыўна і на двое сутак знарок зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня — каб ня зладзіў падчас гарадзкіх сьвятаў акцый зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Цяпер віцебскі сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зноў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 9 ліпеня яго зьмясьцілі туды на 10 сутак за парушэньне рэжыму адбываньня ўмоўнага пакараньня.

Сяргею Каваленку прысудзілі тры гады абмежаваньня волі «ўмоўна» за тое, што 7 студзеня ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы. Асуджаныя «ўмоўна» маюць падпарадкоўвацца адмысловым правілам. У прыватнасьці, вяртацца дахаты не пазьней як а 21-й гадзіне. Паводле маці актывіста, Сяргея Каваленкі, міліцыянты справакавалі спазьненьне: чакалі, калі сын будзе вяртацца, і не ўпусьцілі ў пад’езд, пакуль ня выйшаў кантрольны час.

На знак пратэсту супраць несправядлівых, на думку актывіста, затрыманьняў і спагнаньняў, з 9 ліпеня ён абвясьціў галадоўку. У ізалятары часовага ўтрыманьня ён спажывае толькі ваду, прычым негатаваную, а проста з-пад крана. Перадаваць пітную ваду для зьняволенага сваякам забаранілі.

Тэрмін дысцыплінарнага арышту для Сяргея Каваленкі скончыцца 18 ліпеня ўвечары. Тады стане вядома,ці будзе ён працягваць акцыю пратэсту, ці скончыць галадоўку.