Дзяўчына, якую параніў участковы, памерла

Дзяўчына, параненая ўчастковым міліцыянтам ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласьці, 16 ліпеня памерла ў рэанімацыі раённага шпіталя, паведамляе БелаПАН.

Трагедыя адбылася позна ўвечары 6 ліпеня. Участковы міліцыянт Рагачоўскага РАУС параніў з табельнага пісталета ў службовай машыне 22-гадовую дзяўчыну, жыхарку вёскі Журавічы Рагачоўскага раёну, якая працавала там бугальтарам.

У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Журавічах сьвяткавалі Купальле. За парадкам сачылі міліцыянты з Рагачоўскага РАУС. Паводле відавочцаў, пацярпелая дзяўчына і дзьве яе сяброўкі селі ў машыну да трох міліцыянтаў і паехалі зь імі ў суседнюю вёску Доўск. Мясцовыя жыхары таксама паведамілі, што пацярпелая дзяўчына была раней знаёмая зь міліцыянтам, яны размаўлялі.

Гомельская абласная пракуратура распачала справу па артыкуле аб замаху на забойства. Падазраваны супрацоўнік міліцыі затрыманы. Ён 1976 года нараджэньня, зьяўляецца дэпутатам Курганскай сельскага савету, жыве ў вёсцы Доўск, жанаты і мае дваіх дзяцей. У сельсавеце яго характарызуюць «вельмі станоўча».

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, невядома месцазнаходжаньне другога ўчастковага міліцыянта, які знаходзіўся ў момант стрэлу ў машыне. Яго працоўны і мабільны тэлефоны не адказваюць.

Неўзабаве пасля трагедыі афіцыйны сайт МУС разьмясьціў паведамленьне, у якім гаварылася, што, "паводле папярэдняй інфармацыі, стрэл адбыўся выпадкова".