Ідзе збор подпісаў супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі

Адна з акцый супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Ужо больш як паўсотні чалавек падпісаліся пад пэтыцыяй праваабаронцаў да беларускіх уладаў з патрабаваньнем спыніць ужываньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Уласна тэкст пэтыцыі разьмешчаны на сайце праваабарончай арганізацыі «Вясна».

Пад ім паставілі свае подпісы Эніра Браніцкая, Арцём Дубскі, Іван Шыла, Валерыя Саўчанкава ды іншыя актывісты дэмакратычнага руху, якія ў літаральным сэнсе на ўласнай скуры паспыталі дэкляраваны «гуманізм» беларускай праваахоўнай сыстэмы:

«Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, лічым, што жыцьцё зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Сьмяротнае пакараньне мы расцэньваем як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цьвёрда перакананыя: нішто ня можа апраўдаць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы.

Прававая дзяржава ня можа забіваць ад свайго імя. Сьмяротнае пакараньне супярэчыць прынцыпам гуманізму, маралі і агульначалавечым каштоўнасьцям, прынцыпам усіх рэлігій, якія вызнаюцца ў Беларусі. Сёньня, калі ўсе краіны Эўропы і постсавецкай прасторы адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня, надышоў час і Беларусі далучыцца да гэтай цывілізаванай праявы гуманізму, прасторы, вольнай ад забойства дзяржавай. Заклікаем улады Беларусі прыслухацца да нашых аргумэнтаў і адмяніць сьмяротнае пакараньне ў нашай краіне», — гаворыцца ў пэтыцыі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Пры гэтым ініцыятары звароту лічаць, што наяўнасьць сьмяротнага пакараньня не зьяўляецца дадатковай абаронай грамадзкасьці, паколькі ня стрымлівае людзей шляхам застрашэньня ад зьдзяйсьненьня злачынстваў. У навуковых дасьледаваньнях адсутнічаюць пераканаўчыя доказы таго, што сьмяротнае пакараньне — больш эфэктыўны сродак зьніжэньня злачыннасьці, чым іншыя віды пакараньня.