Кітай: прарэхі мясцовай "біяпалітыкі"

…Права сувэрэна — прымусіць памерці або дазволіць жыць. Затым зьяўляецца новае права: права прымусіць жыць і дазволіць памерці.

Мішэль Фуко




Надоечы ў невялікай кітайскай вёсцы Дунся (Dongxia) на паўднёвым усходзе правінцыі Цзянсі (Jiangxi) адбыліся сутычкі мясцовага сялянскага насельніцтва з паліцыяй. Сьведкі (http://libcom.org/news/ten-thousand-clash-police-south-east-china-12072010) паведамляюць пра тысячы пратэстоўцаў, узброеных цаглінамі ды камянямі — перакулена й разьбіта 18 паліцэйскіх аўтамабіляў. Абурэньне сялян было выклікана эксцэсамі падчас разгону дэманстрацыі супраць прымусовага перасяленьня вёскі. Тады паліцыянты бязьлітасна зьбілі дзьвюх жанчын, якія зараз у коме.

Пачыналася ўсё, зразумела, на эканамічнай глебе: вёсцы не пашанцавала апынуцца побач з багатым радовішчам вальфраму. Цягам апошніх некалькіх гадоў кошт на "воўчую пену" ўзрастаў, і здабыўная кампанія "Сянлушаньскі вальфрам" (Xianglushan Tungsten) натуральным чынам падвышала вытворчыя магутнасьці, каб пасьпець выкарыстаць спрыяльную каньюнктуру. Рабілі гэта з традыцыйнай для сучаснага Кітая няўвагай да аховы навакольнага асяродзьдзя, у выніку чаго значная частка рэчак павету была забруджаная, у вёсцы Дунся пануе нясьцерпны прамысловы смурод, жыхары пакутуюць на захворваньні скуры.

Праблему пачалі вырашаць, але ж зноў на свой капыл: прымусовым перасяленьнем часткі навакольнага асяродзьдзя (а менавіта — сялян) у больш зносныя прыродныя варункі. Можна дапусьціць, што такая апэрацыя таньнейшая за пабудову ачышчальных збудаваньняў: кампанія плаціць ($360 на чалавека) — мясцовыя ўлады зганяюць насельніцтва. Насельніцтва, якое небеспадстаўна лічыць сябе абкрадзеным і якому няма чаго траціць, акрамя сваіх хваробаў, адчайна супраціўляецца.

Схема "прамысловыя патрэбы — прымусовае перасяленьне — бунт" вельмі распаўсюджаная у краінах "даганяльнай мадэрнізацыі". У Індыі канфлікт паміж сялянствам нават спарадзіў шырокамаштабную герылью — мааісцкі рух так званых "наксалітаў"; у Кітаі таксама значная частка паліва для народных пратэстаў дастаўляецца з крыніцы экалягічнай небясьпекі.

Нарэшце, узгадаем "Чарнобыльскі шлях", які быў амаль што першым масавым сацыяльна-пратэставым мерапрыемствам на Беларусі. На працягу звыш дваццаці год у "Чарнобыльскім шляху" падвышаецца канцэнтрацыя палітыкі й пакрысе зьнікае ўласна "біялягічны" зьмест, а магчыма, таму і масавасьць. Але ў сувязі з імаверным будаўніцтвам АЭС у нашай краіне, дый увогуле зь небліскучым становішчам беларускай экалёгіі, трэба чакаць у нейкай будучыні "другога дыханьня" падобных грамадзкіх ініцыятываў менавіта ў біяахоўным вымярэньні. Рэгіёны аўтарытарнай мадэрнізацыі дэманструюць, што бывае, калі іх няма.