"Народная газета" і "Народная воля": дзе больш праўды?

Дзе больш праўды — у "Народнай газеце" ці ў "Народнай волі?" Адказы гарадзенскіх мінакоў.

Малады спадар: "Газэты ўвогуле няма часу чытаць. А праўды, напэўна, у "Народнай волі" больш, больш давяраем. Чытаем прэсу, але часьцяком атрымліваецца якую-небудзь "З рук у рукі" чытаць, а не такую газэту".

Маладзён:
"Я б сказаў, што праўда паўсюль ёсьць, па-першае. А наконт апазыцыі, то, можа, штосьці тут правільнае ёсьць…"

Малады спадар: "Канечне, чытаць лепш "Народную волю". А я ўвогуле газэты не чытаю, калі шчыра. Больш інтэрнэту давяраю, там можна параўнаць і выбраць для сябе аб’ектыўны варыянт. Tut.by ды іншыя гляджу, на афіцыйныя ня лажу, таму што там няма сэнсу шукаць нармальную інфармацыю".



Малады спадар: "Дзе больш праўды ў гэтых дзьвюх газэтах? І там, і там патрошку, правільна? Але я вам скажу напярэдадні выбараў, што трэба выбраць іншага прэзыдэнта. Больш маладога і больш пэрспэктыўнага трэба прэзыдэнта, вось што я хацеў бы пажадаць. А праўду, я лічу, мы нідзе не пачуем".

Спадар: "Я ня ведаю, не чытаю гэтых газэт. Цяжка сказаць, каму я больш давяраю…"

Спадар: "Вы ведаеце, я іх не чытаю. Раней "Народную волю" купляў, а потым стала яе не відаць. А цяпер проста няма калі чытаць, вельмі шмат працы. А праўду там пішуць: пяцьдзясят на пяцьдзясят".

Спадар: "Перш за ўсё, газэта — гэта крыніца інфармацыі. Інфармацыю лепш браць з двух бакоў, самому аналізаваць, супастаўляць і рабіць высновы. У мяне маці выпісвае "Народную волю", таму я ад разу да разу чытаю яе, а "Народную газету" ўвогуле не чытаю", выпісваю "Аргументы и факты".