Ёсьць такія кнігі, якія хочацца адразу ўзяць у рукі, нават не зважаючы, што ў іх напісана. Такія прыгожыя кнігі, кнігі, да якіх міжволі цягнуць рукі дзеці і дарослыя. Старонкі з гэткіх выданьняў – сапраўдныя шэдэўры мастацтва. Іх хочацца бачыць часьцей, аздабляць імі нашае жыцьцё. Дзякуючы, перадусім, менавіта высокаму мастацтву кніжнікаў. Мастакоў і друкароў.
Ніна Мацяш. Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя. Менск, “Юнацтва”, 1982. Мастак Уладзімер Савіч
Гэткай клясычнай кнігаю стала "Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзя" Ніны Мацяш, у шыкоўнай аздобе маладога тады графіка Уладзімера Савіча. Хоць кніжка была цянькая, папера яшчэ сярэдняй якасьці, друк звычайны, але малюнкі!... Малюнкі ўражвалі любога. Гэта была ня проста сакавітая беларуская экзотыка, запазычаная з этнаграфічных досьледаў Міхася Раманюка, а сапраўды апрычоны сусьвет. Наш, беларускі сусьвет.
Неяк Ясь у дзень асеньні сек у лесе дровы. Раптам чуе - дзіўны лямант. Совы?.. Ой, не совы?.. У пару такую совы сьпяць яшчэ, вядома. Крык, здаецца, чалавечы, там, за бураломам...
Уладзімер Савіч увёў у беларускае мастацтва цэлую жменю стэрэатыпаў, якія сталі складнікамі беларускага стылю. Напрыклад, антрапалягічны тыпаж беларуса як віславусага, з шавялюраю, зь вялікімі выразнымі вачыма і абавязкова сухаватага, з рэзка акрэсьленымі пашчэнкамі й храшчаватым даўгім носам. Выразны тыпаж Савічавых беларусаў прыжыўся, не кажучы ўжо пра сьвяточныя строi, у якiх ён намаляваў Яся i яго сямейства. У «Казцы пра суседзяў, зьмяю i мядзьведзя» ажылі, запяялі забытыя ўжо музычныя iнструмеэты ды цацкi. «Казка пра суседзяў, зьмяю і мядзьведзяў» літаральна заваражыла беларускую публіку. І менавіта акварэль Савіча я павесіў у сябе ў кабінэце.
Юры Брэзан. Чорны млын: Аповесьць-казка. Пераклад з сербалужыцкай Алеся Траяноўскага. Менск, “Мастацкая літаратура”, 1984. Мастак Валеры Славук
Пошукі нацыянальнага стылю, якія распачалі беларускія графікі на мяжы 60—70-х гадоў, былі імпэтна працягнутыя пакаленьнем, якое прыйшло ў нашае мастацтва на пачатку 1980-х. Сярод тае генэрацыі ёсьць і постаць Валер’я Славука. Ён вельмі рана, яшчэ студэнтам, выпрацаваў свой стыль. Перадусім гэта любоў да манахромнай, чорна-белай графікі, па-барочнаму перанасычанай дэталямі й пэрсанажамі. Здаецца, ім няма канца, папросту мастаку не хапіла аркуша, каб разьвіць іх ва ўсе бакі... Лужычанская казка пра млынара чорнага ведзьмака, які сваіх работнікаў ператвараў у сьвіней, вусьцішная і фантастычная, надалася мастаку. Натуральна, на шляху злога чараўніка стаў зухаваты хлапец. Пэўна, малады мастак лёгка асацыяваў сябе з гэтым станоўчым героем, а таму ўсё атрымалася вельмі арганічна -- і дызайн кнігі і скрупулёзныя, працаёмкія ілюстрацыі. Чорным па белым. У той час "застою" гэтая кніга наогул была сэнсацыяй. У ёй дзівіла ўсё. Дзівіла аздоба, з аднаго боку аскетычная, манахромная, а зь іншага боку -- багатая, разнастайная, бясконцая ў сваіх адчуваньнях. Дзівіла і тое, што гэта пераклад зь дзіўнай маленькай сербалужыцкай мовы. Тое, што ўсё сышлося пад адной вокладкай, загорнутай ў зіхоткую супэр-вокладку -- сапраўднае чараўніцтва. Сьвет Славука, Брэзана і Траяноўскага, населены фантастычнымі й сапраўднымі істотамі, у шапаценьні балотных чаратоў і чорных лясоў, вялікіх і малых стварэньняў, якіх поўна вакол нас у снах і на яве, — гэта сьвет ягонага краю. Гэты сьвет прынёс мастаку славу аднаго з найлепшых мастакоў кнігі ў Беларусі. Але, бадай, ягоныя гратэскныя пэрсанажы найлепей разумеюцца ўжо ў дарослым веку, калі яшчэ застаецца пачуцьцё гумару. Таму і работы Славука могуць упрыгожыць мой кабінэт ці чытальню.
Дзікае паляваньне: легенда ў малюнках паводле аповесьці Уладзімера Караткевіча "Дзікае паляваньне караля Стаха". Менск, Юнацтва, 1990. Мастакі Адам Глобус і Ўладзімер Сьцяпан.
Сёньня Адам Глобус і Ўладзімер Сьцяпан вядомыя ўжо больш як літаратары. А пачыналі яны як мастакі манумэнталісты. У гісторыі нашае культуры гэтым двум асобам належыць і пачэснае месца стваральнікаў першага беларускага паўнавартаснага коміксу. Яны адважна ўзяліся за пераасэнсаваньне клясычнага твору Ўладзімера Караткевіча і намалявалі сваё “Дзікае паляваньне”. “Цёмныя хмары прыгнёту плылі па-над Беларусьсю…” , -- сказ, зь якога пачынаецца расповед, інакш як іранічным у кантэксьце кнігі, прыгожай і арыгінальнай, што годна прадстаўляе наш беларускі сьветагляд, не назавеш. У гэтых зіхоткіх, нібы вітраж, жоўта-пунсовых малюнках, стылізаваных пад сапраўды народнае мастацтва, савецкі камэртон пра прыгнёт, долю-нядолю некуды выпаў канчаткова. Гэта была зусім новая і паводле формы, і паводле зьместу, кніга. Новая беларуская кніга. Абсалютна новым быў і "капіталістычны" жанр коміксу, пакліканы Сьцяпанам і Глобусам, каб папулярызаваць клясічны твор сярод дзяцей. Дзевяноста шэсьць малюнкаў комікса паводле сюжэту аповесьці Караткевіча „Дзікае паляваньне" выйшлі тады нечуваным накладам у 250 тысячаў паасобнікаў! Гэтая недарагая, цянькая, амаль бязважкая кніжка трапіла, бадай, ва ўсе куткі краю.
Уладзімер Ягоўдзік. “Сем цудаў Беларусі”. Менск, “Кавалер Паблішэрс”, 1999. Мастак Павал Татарнікаў
Ёсьць кнігі, я б сказаў так, нескладанага зьместу. Вось і Ўладзімер Ягоўдзік пералічыў колькі нашых нацыянальных цудаў: Белавежа, «Біблія» Скарыны, крыж Эўфрасіньні… Графік Павал Татарнікаў пераўвасобіў ляпідарны аўтарскі аповед у фантастычную казку. Гэты малады мастак увасабляе сам па сабе беларускую графічную школу, зьберагаючы яе найлепшыя традыцыі. Прыналежнасьць да тае школы, што сам Татарнікаў заўсёды падкрэсьлівае, дазволіла яму атрымаць цяпер ужо і ўсясьветнае прызнаньне. Ён часьцяком спалучае ў кніжных разваротах эфэктны буйнамаштабны першы плян і другі, кулісны, дзе могуць быць і панарамы, і краявіды, і нейкі стафаж. Але ў яго плоскасьць кніжнае старонкі не руйнуецца, а наадварот, у ёй знаходзіцца магчымасьць паказаць нешта большае, дапамагчы гледачу зазірнуць па-за далягляд старонак папяровых. Гэткі прыём мастака й спараджае дадатковае вымярэньне, амаль бясконцае, пакуль не закрыеш кнігу, створаную Татарнікавым.
Пятро Васючэнка. Жылi-былi паны Кублiцкi ды Заблоцкi. Казачныя аповесьцi. Менск, “Мастацкая лiтаратура”, 2003. Мастак Уладзімер Лукашык
Кнігі можна браць у рукі, у адрозьненьні ад іншых твораў мастацтва. Кнігі трэба браць у рукі! Бо інакш, яны, што жэмчуг, тускнуць і паміраюць. Вось жа яшчэ адну кнігу такую хочацца ўзяць у рукі -- "Жылi-былi паны Кублiцкi ды Заблоцкi", сапраўдны сучасны друкарскі шэдэўр. Для мастака ў гэтай кнізе ўсё было важным -- і самі ілюстрацыі, і вокладка, і шрыфты. Сярод асаблівасьцей творчага почырку Уладзімера Лукашыка – любоў да дэталяў, іхняе філіграннае апрацоўкі. Лукашык жадае і ўмее працаваць з дэталямі. Бо ў іх часам і тоіцца самае галоўнае. І ў гэтай кнізе Пятра Васючэнкі таксама. І тут мастак мае сваю рацыю. Ягоныя ілюстрацыі не дублююць, не пераказваюць пісьмовы зьмест, а ўводзяць нас у чароўны, нязнаны сьвет, у якім дзеяць пэрсанажы тэксту. Гэтая кніга такой і атрымалася. Не выпадкова яе зь цікавасьцю глядзяць і дзеці, і дарослыя. Часам менавіта кніжная ілюстрацыя ці сюжэт, запазычаныя з літаратуры, становяцца самадастатковымі творамі Ўладзімера Лукашыка, што можна пабачыць на розных выставах і якія аднолькава файна глядзяцца на сьценах тлумнага офісу і спакойнай кватэры.