Станіслаў Гусак: Ідэя газавых “патокаў” — зрабіць залежнымі нашы краіны

Міністар замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка


Міністэрства замежных спраў Украіны настойвае на немэтазгоднасьці будаўніцтва газаправоду «Паўднёвы паток», які павінен пралегчы па дне Чорнага мора, абмінаючы ўкраінскую тэрыторыю: «Украіна лічыць, што „Паўднёвы паток“ ня ёсьць неабходным. Ён надзвычай затратны і не нясе ніякай дадатковай вартасьці, бо не грунтуецца на дадатковых крыніцах газу», — адзначыў міністар замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка.

Паводле Грышчанкі, газатранспартная сыстэма Ўкраіны можа цалкам забясьпечыць надзейныя пастаўкі газу ў Эўропу. А таму «няма ніякай неабходнасьці траціць лішнія сродкі, калі іх не хапае ні для кога».

Сытуацыю камэнтуе эканаміст, экспэрт у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак:

Станіслаў Гусак
«Зразумела, гэта адпавядае рэчаіснасьці. Але галоўны момант будаўніцтва і „Паўночнага патоку“ і „Паўднёвага патоку“ па Балтыцы і праз Чорнае мора ў тым, што ўсё гэта вырашылі рабіць ня нейкія эканамічныя інстытуты. Гэта вырашыў рабіць расейскі прэм’ер Пуцін, і гэта геапалітычныя пуцінскія намаганьні стаць жандарам ва Ўсходняй Эўропе. Вось у чым справа. То бок зрабіць больш залежнымі дзяржавы — і Беларусь, і Польшчу, і Ўкраіну — ад расейскіх энэрганосьбітаў. Вось гэта тая аснова, на якой і будуюцца гэтыя газаправоды. Ніякіх эканамічных падставаў пад узьвядзеньне гэтых газаправодаў няма. А ёсьць адно: зрабіць палітычна і эканамічна залежнымі ад расейскіх энэрганосьбітаў і Ўкраіну, і Беларусь. І калі яны стануць залежнымі і палітычна, і эканамічна, і ўсяляк інакш, то гэтыя краіны проста падуць перад гэтай імпэрыяй, вось і ўсё».

Праз тэрыторыю Ўкраіны транспартуецца 80% расейскага газу, які пастаўляецца ў Эўропу.