Бабіцкі: Законы — гэта адно, практыка вядзеньня бізнэсу — зусім іншае

Зьміцер Бабіцкі

Дасьледнікі The World Bank Group сёньня агучылі даклад "Investing Across Borders 2010". Даклад вызначае каля двух тузінаў парамэтраў, паводле якіх ацэньваецца лёгкасьць або цяжкасьць вядзеньня бізнэсу для замежнікаў у 87 краінах.

Беларусь у гэтым сьпісе выступае сярод краін, найбольш спрыяльных для замежных інвэстараў.

Камэнтар эканаміста Зьмітра Бабіцкага:

"Калі мы кажам пра прывабнасьць для замежных інвэстыцыяў, трэба разглядаць два моманты. Першы — гэтак званае рэгуляторнае асяродзьдзе, якраз тое, што і дасьледуе Ўсясьветны банк. Другое — попыт на тавары альбо паслугі, якія замежны інвэстар хоча прадстаўляць альбо прасоўваць.

Такія арганізацыі, як Усясьветны банк, дасьледуюць заканадаўчае асяродзьдзе. Іх дасьледаваньне ня тычыцца практыкі і праваўжываньня. Сапраўды, калі мы паглядзім на заканадаўства, мы можам сьцьвярджаць, што ўмовы створаныя.

Інвэстары, якія тут працуюць, выдатна ведаюць, што беларускае заканадаўства на ўзроўні законаў, указаў і дэкрэтаў — гэта адно. А практыка праваўжываньня — гэта зусім іншае. У некаторых галінах практыка можа быць замацаваная і ўнутранымі інструкцыямі міністэрстваў, аблвыканкамаў, райвыканкамаў, гэта могуць быць нават лісты альбо факсы. Экспэрты Ўсясьветнага банку наўрад ці бралі пад увагу гэтыя моманты.

Што да другога моманту, да попыту. Тут Беларусь — ня вельмі прывабны рынак. Рынкі большасьці тавараў і паслугаў вузкія. Таму і ў гэтым нам цяжка канкураваць зь іншымі рэгіёнамі. Праз гэта шмат якія міжнародныя карпарацыі і канцэрны ня маюць тут сваіх прадстаўніцтваў.

Я ня думаю, што інвэстары будуць кіравацца дасьледаваньнямі такога кшталту. Хоць, безумоўна, ацэнкі Ўсясьветнага банку — істотныя".